19 марта 2024, вторник, 5:52
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларусь уступае ў пэрыяд перамен

13
Беларусь уступае ў пэрыяд перамен

Ультыматум Мядзьведзева штурхае Беларусь у новую рэальнасьць.

Расея гатовая кампэнсаваць Беларусі страты ад падатковага манэўру толькі пасьля фактычнага аб’яднаньня ў адну дзяржаву.

Такім чынам, ружжо, якое амаль 19 гадоў (з 1999-га) вісела на сьцяне, раптам выстраліла. Расея вырашыла рэанімаваць, здавалася, даўно ўсімі пахаваную «cаюзную дзяржаву». У Берасьці вуснамі прэмʼера Дзьмітрыя Мядзьведзева Масква сфармулявала свае патрабаваньні да Менску.

Хачу нагадаць, што так званая «cаюзная дзяржава» — помнік той эпохі, у якой яна стваралася. Гэта палітыка-юрыдычная структура меркавалася як пераходная форма на шляху да поўнага абʼяднаньня дзьвюх краін. На тле старога і хворага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, які амаль цалкам страціў давер расейскага грамадзтва, малады і энэргічны, папулярны ў Расеі Аляксандар Лукашэнка марыў пра крамлёўскі пасад і ўсяляк прышпорваў працэс інтэграцыі. Тая эпоха даўно закончылася, а помнік застаўся. І вось цяпер Расея вырашыла яго ажывіць.

Намёкі на тое, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі ў беларуска-расейскіх стасунках нешта адбываецца, былі. Але іх заўважалі толькі вельмі ўважлівыя назіральнікі. Тут і прызначэньне новым расейскім амбасадарам палітычнага цяжкавагавіка Міхаіла Бабіча з больш вялікім паўнамоцтвамі, і дзіўныя запэўніваньні Аляксандра Лукашэнкі ў непарушнасьці беларускага сувэрэнітэту, і двойчы выказаная ім гатоўнасьць раздаць беларусам 7 мільёнаў аўтаматаў дзеля абароны краіны.

Тым ня менш ультыматум, выстаўлены Мядзьведзевым у Берасьці, стаў для Менску ў пэўным сэнсе нечаканым. Пра гэта сьведчыць і аптымістычная заява Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу, калі ён упэўнена казаў, што пытаньне пра кампэнсацыю Беларусі страты ад падатковага манэўру будзе вырашана цягам тыдня, на перамовах віце-прэмʼераў і прэмʼер-мінстраў дзьвюх краін. І расейскія афіцыйныя асобы пацьвярджалі гэта. Першы віцэ-прэмʼер і міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў нават апавядаў, які мэханізм прапануе Масква, гэта павінен быць міжбюджэтны трансфэрт.

І раптам такі паварот у пазыцыі Крамля, які здарыўся літаральна апошнімі днямі. Здаецца, што каталізатарам працэсу стала тая дыскусія на саміце ЭАЭС у Санкт-Пецярбургу, якая пачалася ў прысутнасьці мэдыя, а завяршылася на закрытым паседжаньні. Паводле прэс-сакратаркі беларускага дыктатара Натальлі Эйсмант, абмеркаваньне было эмацыйным, вельмі бурным. «Напал пачуцьцяў быў такі, што прасіць прабачэньня ў фінале давялося ўсім перад усімі», — расказвала яна. Магчыма, Пуцін ня вынес крыўды. І фінал той піцерскай дыскусіі мы ўбачылі ў Берасьці.

І цяпер можна заўважыць пэўную разгубленасьць афіцыйнага Менску. Пра гэта сьведчыць і адмова беларускага боку падпісваць анансаванае пагадненьне з Расеяй аб узаемным прызнаньні візаў. Нібыта Беларусь «не пасьпела завяршыць унутрыдзяржаўныя працэдуры». Такі няўклюдны ўкол у адказ. Няўклюдны таму, што гэтае пагадненьне больш выгаднае Менску. Яно здымае праблему перасячэньня беларуска-расейскай мяжы грамадзянамі трэціх краін. А менавіта Беларусь зацікаўлена ў большым транзыце праз сваю тэрыторыю.

Таксама пра разгубленасьць сьведчыць тое, што БелТА дала выступ Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Берасьці ў моцна адрэдагаваным выглядзе. Сутнасьць расейскага ўльтыматуму беларускія ўлады спрабуюць прыхаваць.

Такім чынам, Беларусь на парозе новага пэрыяду. Калі Масква чарговым разам не памяняе сваёй пазыцыі (Лукашэнка зьбіраецца ляцець да Пуціна яшчэ да Новага году), то краіне давядзецца далей жыць без нафтавага гранту. Цалкам магчыма, што за гэтым наступіць і павялічэньне кошту газу. Інакш кажучы, давядзецца жыць без расейскай «халявы». Усё гэта цягне за сабой вялікія і, думаю, драматычныя наступствы. Беларусь уступае ў пэрыяд перамен.

Валер Карбалевiч, «Радыё Свабода»

Написать комментарий 13

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях