16 апреля 2024, вторник, 15:01
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як Полацкае княства дасягнула найбольшай велічы

1
Як Полацкае княства дасягнула найбольшай велічы

«Залаты век» першай беларускай дзяржавы.

Часам найвышэйшага ўздыму Полацкага княства сталася ХІ стагоддзе, калі на чале дзяржавы быў князь Усяслаў Чарадзей (валадарыў з 1044 да 1101 года), піша history.wikireading.ru.

Трывалы падмурак гэтага росквіту быў закладзены ягоным бацькам — Брачыславам, які перадаў у спадчыну сыну моцную дзяржаву, што здолела выстаяць у нялёгкім змаганні з Кіевам. Шмат высілкаў паклаў Усяслаў, каб уладкаваць сваю Бацькаўшчыну. Імпэту князя дзівіліся сучаснікі і нашчадкі. У сваёй сталіцы — Полацку ён пабудаваў новы магутны замак, велічны Сафійскі сабор. У часе княжання Ўсяслава квітнелі рамёствы і гандаль.

Полацкае княства было марской дзяржавай: пад яго кантролем знаходзіліся землі ўздоўж усёй Дзвіны да Варажскага (Балтыйскага) мора. Тут паўсталі гарады Герсіка і Кукенойс (зараз на тэрыторыі Латвіі) — фарпосты Полацка на шляху да Балтыкі. Полацкая дзяржава была адным з вялікіх і магутных гаспадарстваў ранне-сярэднявечнай Эўропы побач з Польскім каралеўствам, Скандынаўскімі і Ноўгарадскім княствамі.

Усяслава як удалага і таленавітага ваяра паважалі і баяліся суседзі. У славутай рыцарскай песні «Слова пра паход Ігараў» пра яго сказана: «Усяслаў-князь людзям чыніў суды, радзіў князям гарады, а сам уначы ваўком рыскаў, з Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя, Хорсу вялікаму шлях перацінаў». Нейкі час Усяслаў з волі простых людзей быў нават кіеўскім князем. Але неўзабаве пакінуў гэты пасад, каб вярнуцца ў Полацак.

Народ лічыў Чарадзея за ваўкалака-пярэваратня. Не толькі таму, што той дзіўным чынам мог схавацца ад ворага і нечакана напасці на яго (як, напрыклад, на Нямізе пад Менскам 3 сакавіка 1067 года), але і таму, што прыязна ставіўся да паганства-язычніцтва. Усяслаў будаваў хрысціянскія бажніцы, але не вынішчаў і паганскіх. Князь шукаў згоду ў веравызнаннях, а праз іх — адзінства народа і дзяржавы. Шматлікія ваенныя паходы Чарадзея на Ноўгарад, Пскоў, Смаленск і г.д. займаюць усяго 18 гадоў з яго амаль 72-гадовага жыцця. Ён прысвяціў сябе не разбурэнню, а стварэнню — умацаванню першай беларускай дзяржавы.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях