29 марта 2024, пятница, 11:56
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як расейская сьпявачка натхнілася беларушчынай

7
Як расейская сьпявачка натхнілася беларушчынай
Міла Ражкова

Чэмпіёнка сьвету ў фольк-музыцы дакранулася да жывога беларускага слова.

Па выніках галасаваньня на музычным партале Tuzin.fm найлепшым альбомам восені-2018 стаў «Беларускі альбом» расейскай сьпявачкі Мілы Ражковай — амаль двухразовая перавага над канкурэнтамі.

Гэта першы выпадак, калі на вяршыню беларускага чарту трапіла паўнавартасная праграма замежнага артыста. Карэспандэнт Свабоды Ігар Карней распытаў маскоўскую выканаўцу, як яна натхнілася беларускай мовай і музычнай культурай.

Міла Ражкова на фэстывалі «Музыка лета» ў Маскоўскай вобласьці

Чэмпіёнка сьвету ў фольк-музыцы

Міла Ражкова нарадзілася ў Ніжнім Ноўгарадзе, цяпер жыве ў Маскве. Скончыла Ніжагародзкую дзяржаўную кансэрваторыю імя Глінкі, займалася на фартэпіяна і клясычнай гітары. У 1987 годзе прыйшло першае прызнаньне — перамагла ў конкурсе аўтарскай песьні ў родным горадзе.

Не адмаўляла сабе ў жанравых экспэрымэнтах: нейкі час выступала ў поп-гурце «Божья коровка». Аднак урэшце вырашыла рабіць сольную кар’еру ў прынцыпова іншым кірунку — фольку і аўтарскай песьні.

Чэмпіёнка сьвету ў катэгорыі індывідуальных выканаўцаў на фэсьце World Folk, пераможца сьпеўнага конкурсу Euro Folk, а якраз падчас працэдуры галасаваньня на Tuzin.fm стала ляўрэаткай міжнароднага фэстывалю вакальнага майстэрства «Тэмбр».

Выступ у Горадзенскай гарадзкой бібліятэцы

Загадкавая цікавасьць да беларускай мовы

Некалькі гадоў таму нечакана нават для сябе Міла зачаравалася беларускай мовай, запісала «Беларускі альбом» — перадусім пераклады ўласных расейскамоўных песень і вершаў сяброў-паэтаў. Знакавым для артысткі стала знаёмства з паэтам і бардам Сержуком Сокалавым-Воюшам. Цяпер разам зь ім працуе над другой часткай «Беларускага альбома».

Міла кажа, што ня мае беларускіх каранёў, прынамсі нічога пра іх ня ведае. Упершыню наведала Беларусь тры гады таму. Яе муж Уладзімір Кароль мае ў Горадні блізкага сябра дзяцінства Ўладзімера Бакава — яны разам вучыліся ў фізыка-матэматычнай школе-інтэрнаце імя Калмагорава для таленавітых дзяцей пры Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце. У адзін з апошніх прыездаў гасьцявалі на Гарадзеншчыне цэлы месяц: давалі канцэрты, сплаўляліся па Нёмане, наведвалі Аўгустоўскі канал.

У складзе поп-гурту «Божья коровка»

«Валодзя спачатку пазнаёміў нас зь вядомым краязнаўцам Алесем Госьцевым, а налета, падчас Геніюшаўскіх чытаньняў, — зь перакладчыцай Альжбэтай Кедай, — расказвае Міла Ражкова. — У выніку кантактаў з гэтымі цудоўнымі людзьмі і зьявілася ідэя засьпяваць па-беларуску. Наогул я люблю адкрываць для сябе штосьці новае: на гэты момант сьпяваю больш як на 10 мовах, і тут якраз той выпадак, калі інтарэсы супалі. Калі пачала пісаць музыку, ствараць у праграме аранжыроўкі, захацелася, каб песьні былі зразумелыя людзям на іх роднай мове. Беларусам у тым ліку».

Першым плёнам супрацы Мілы і Альжбэты стала песьня «Зачаравана хмары плывуць». Лінгвістычным рэдактарам выступіла мовазнаўца і выкладчыца Таісія Мухіна, якая ставіла вучаніцы беларускае вымаўленьне. Агулам было перакладзена восем песень на вершы самой Ражковай, а таксама паэтаў Марыны Марэнінай, Аляксея Філонава, Лены Элтанг.

Паліглётка зь беларускім ухілам

Моўныя экспэрымэнты Міла Ражкова распачала некалькі гадоў таму. Першай была аранжыроўка песьні «Тбілісо» — гімну грузінскай сталіцы. Выканала яе на фэстывалі ў Грузіі, прывёўшы ў захапленьне мясцовую публіку. Пад усясьветны фэст World Folk-2016 у Вялікім Тырнаве аранжыравала баўгарскую народную песьню «Хей, поле широко». Па-польску сьпявала «Разьвітаньне з Радзімай» на музыку Міхала Клеафаса Агінскага. Ёсьць у творчым багажы францускія шлягеры. Але ніхто, апроч беларусаў, не атрымаў ад яе цэлага альбома.

Міла Ражкова і Ўладзімер Бакаў на Нёмане

«Калі пісала „Беларускі альбом“, паўстала дылема з палянэзам Агінскага, — кажа яна. — Паслухала расейскамоўную вэрсію ад „Песьняроў“ — ня тое. Спынілася на польскай, гучала прыгажэй. А калі летась прыяжджала ў Горадню, дзе дала чатыры канцэрты, Алесь Госьцеў сказаў: „Разьвітаньне з Радзімай“ павінна гучаць па-беларуску. Яго падтрымала Альжбэта Кеда. І я вырашыла пазнаёміцца з тэкстам Сержука Сокалава-Воюша. Калі прачытала, стала відавочна: аснова нібыта адна, а зьмест зусім іншы, трэба цалкам перарабляць аранжыроўку. Па форме і насычэньні абсалютна розныя рэчы».

У Райцы на Гарадзеншчыне: Таісія Мухіна, Міла Ражкова, Альжбэта Кеда

У выніку дыстанцыйнай супрацы з бардам Сокалавым-Воюшам, які жыве ў Нью-Ёрку, пачаў вымалёўвацца другі «Беларускі альбом». Сяржук ужо пераклаў на беларускую мову некалькі аўтарскіх песень сьпявачкі, згаданую «Тбілісо» зь яе рэпэртуару ды «Мить» лідэра ўкраінскага гурту «Океан Ельзи» Сьвятаслава Вакарчука.

«У мяне склалася ўражаньне, што Сяржук можа адаптаваць пад беларускую мову абсалютна ўсё, так лёгка і філігранна ў яго гэта атрымліваецца, — кажа маскоўская выканаўца. — Адна з апошніх нашых супольных працаў — пераклад песьні на мой верш „Ромашки“. Цяпер гэта ўжо „Рамонкі“. Дык вось калі апошні раз прыяжджала ў Беларусь, выконвала яе на канцэрце ў Слоніме. У першым „Беларускім альбоме“ яе яшчэ не было, але ў другі абавязкова ўвойдзе. Нефармальная прэзэнтацыя прынамсі адной песьні як бы ўжо і адбылася».

Маскоўскім рокерам беларускае даспадобы

Ці стала для Мілы Ражковай нечаканасьцю абвяшчэньне «Беларускага альбома» найлепшым па выніках восеньскай галасаванкі на партале Tuzin.fm? І ці не хацела б яна зладзіць у Беларусі вялікі канцэрт?

«Шчыра кажучы, было нечакана, але прыемна, — кажа Міла. — І калі будзе такая магчымасьць — маю на ўвазе сустрэчу са слухачамі — то зь вялікай прыемнасьцю. Я дагэтуль пад уражаньнем, наколькі цёпла апошнім разам прымалі на Горадзеншчыне. Асабіста для мяне важна, што мае песьні падабаюцца беларусам, што яны хочуць іх слухаць. Гэта тое, што трымае артыста ў тонусе, што дадае імпэту творчасьці. Канечне, я мару пра новыя выступы, буду ўдзячная лёсу».

Стаяць: Уладзімер Бакаў, Уладзімір Кароль, Расьціслаў Савасьцянаў. Сядзяць: Алесь Госьцеў, Міла Ражкова

Пакуль што ніводзін музычны фэст у Беларусі не адрэагаваў на заяўкі Мілы Ражковай — нават пасьля зьяўленьня «Беларускага альбома».

Разам з тым выканаўца кажа, што часьцяком уключае песьні з праграмы падчас сваіх канцэртаў у Расеі. А як рэагуе на іх публіка?

«Я, канечне, усё разумею, пра што сьпяваю. Каб нехта не прымаў толькі таму, што гэта па-беларуску, таксама не адчуваю. Натуральна, ня ўсюды ў маскоўскіх клюбах уключаю ў рэпэртуар — усё ж трэба зыходзіць з тэматыкі, з кантынгенту. Але калі выконваю, прымаюць вельмі добра. Нават сярод рокераў, было і такое. Ніхто ніводнага разу не паскардзіўся, што незразумела. Наадварот, кажуць, як незвычайна, цікава і прыгожа гучыць. Практычна заўсёды такое чую. Прынамсі, нейкай інакшай рэакцыі не траплялася», — кажа сьпявачка.

Свае ж беларускія прыярытэты сьпявачка расстаўляе наступным чынам. Найперш «Песьняры» ўзору Ўладзімера Мулявіна, якіх слухала яшчэ зь дзяцінства. Даспадобы прыгожы голас Данчыка, а таксама творчасьць Тацяны Грыневіч. Калі працавала над уласнай вэрсіяй «Разьвітаньня з Радзімай», натхнялася дуэтам Веранікі Кругловай і Зьмітра Вайцюшкевіча.

Выступ у горадзенскім Доме рамёстваў

«Папса» як выключэньне з правілаў

У творчай біяграфіі Мілы Ражковай значыцца пэрыяд, які, на першы погляд, зусім не перакрыжоўваецца зь цяперашняй дзейнасьцю. Нейкі час яна выступала ў складзе маскоўскага гурту «Божья коровка», вядомага перадусім гітом «Гранитный камешек». Як адбыўся пераход ад «папсы» да аўтарскай музыкі, ды яшчэ з налётам беларускасьці?

Пасьля канцэрту ў Слоніме

«„Божья коровка“ — выключэньне з правілаў, — усьміхаецца Міла. — У мяне клясычная адукацыя што па фартэпіяна, што па гітары: музвучэльня, кансэрваторыя. Грала клясыку. Мама — выкладчыца фано, сястра скончыла музычную школу і вучэльню. Папсой не захаплялася, слухалі рок: Beatles, Genesis, „Аквариум“, „Воскресение“, „Машина времени“, „ДДТ“. Хоць і не разумею імкненьня дзяліць на стылі: ёсьць тое, што падабаецца, і тое, што музыкай не лічу. А калі запрасілі ў гурт, рэпэртуар ужо ведала: як давала прыватныя ўрокі на гітары, быў там і „Гранитный камешек“. Не скажу, што верх майстэрства, але пэўны досьвед».

Міла прызнае, што пра прафэсійны рост у дадзеным выпадку гаворкі няма, яе падрыхтоўкі хапіла б на некалькі такіх калектываў. Затое пайшоў на карысьць гастрольны досьвед: першы раз сутыкнулася, што са сцэны не было відаць, дзе канчаецца людзкі натоўп.

Выглядае, што Міла Ражкова — адзіная сярод сучасных расейскіх сьпевакоў, хто так сур’ёзна ўзяўся за беларускі рэпэртуар. Былі прэцэдэнты, калі ў рамках таго ж «Тузіну» ці пад іншыя тэматычныя праекты нейкі з гітоў перакладалі Андрэй Хадановіч ці Глеб Лабадзенка. Так загучалі па-беларуску Андрэй Макарэвіч, Мікалай Аруцюнаў, Ільля Лагуценка, Алена Сьвірыдава, гурт «Смысловые галлюцинации» ды іншыя. Але на поўнафарматны альбом, ды яшчэ з працягам, ніхто не замахваўся.

Міла не хавае засмучэньня, што ў самой Беларусі пачуць беларускую мову на побытавым узроўні ня так проста — хоць менавіта яе «неверагодная сьпеўнасьць» у свой час расейку неверагодна ўразіла. Таму з прыемнасьцю кожны раз выпраўляецца на Горадзеншчыну, дзе яшчэ можна дакрануцца да жывога беларускага слова.

Написать комментарий 7

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях