22 января 2019, вторник, 4:24
Спасибо вам
Рубрики

Пайшоў з жыцьця аўтар сымфоніі «Курапаты» Кім Цесакоў

3
Кім Цесакоў

Кім Цесакоў быў чалавекам з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй.

20 сьнежня ня стала беларускага кампазытара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Кім Цесакова, вучня кампазытара Дзьмітрыя Шастаковіча, аўтара сымфоніі «Курапаты», сябра Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна.

Кім Цесакоў нарадзіўся 20 лютага 1936 году ў Чэрвені. Пасьля заканчэньня Гомельскай музычнай вучэльні імя Несьцера Сакалоўскага і Навасібірскай дзяржаўнай кансэрваторыі Кім Цесакоў выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі імя Анатоля Луначарскага, Менскай музычнай вучэльні імя Міхаіла Глінкі і сярэдняй спэцыяльнай музычнай школе пры кансэрваторыі, загадваў рэдакцыяй музычнай літаратуры выдавецтва «Беларусь». Кім Цесакоў — ганаровы грамадзянін Чэрвеня, ляўрэат нацыянальнай прэміі імя Васіля Віткі і ўсесаюзных конкурсаў, узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны, пiша «Радыё Свабода».

Кім Цесакоў

Беларуская кампазытарка Галіна Гарэлава, якая была вучаніцай Кіма Цесакова, згадвае пра яго як пра вельмі сур’ёзнага кампазытара і чалавека з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй.

Гарэлава: Кім Цесакоў — адзін з маіх першых настаўнікаў. Калі я вучылася ў менскай музычнай вучэльні імя Глінкі, ён вёў у мяне кампазыцыю. Ён быў вельмі сурʼёзным выкладчыкам, патрабаваў ад нас па гамбурскаму рахунку, ставіў жорсткія рамкі і меў на гэта права, бо ён быў сапраўдным прафэсіяналам. Ён, можа, не стварыў запамінальных кампазыцый, як Лучанок ці Смольскі, але як прафэсіянал ён вельмі запомніўся сваімі квартэтамі. Ён сябе жартам называў «квартэтным ваўком». Я як раз іх нядаўна аналізавала, калі мне патрэбны быў матэрыял для падручніка па беларускай паліфані, і паглядзела, наколькі прафэсійна зроблена, чаго цяпер, на жаль, няма.

Галіна Гарэлава

Ён быў чалавекам з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Ён браў для творчасьці тэмы, якія прапускаў празь сябе, але пры гэтым яны тычыліся вельмі многіх. Ягоная мона-опера для аднаго жаночага голасу — гэта быў абсалютна новы жанр. Ён напісаў опэру «Верабʼіная ноч», прысьвечаную вайне. Гэта тое, што было ў беларускім мэнталітэце — пік, квінтэсэнцыя трывогі, чаканьня нечага дрэннага, што разбурае ўклад жыцьця.

Ягоную сымфонію «Курапаты» я памятаю вельмі добра. У нас быў вельмі добры дырыжор Юры Яфімаў, які яе выконваў. І гэтая тэма на яго асобу таксама трагічна паўплывала, ён пасьля гэтага неўзабаве памёр. Мяне гэтая сымфонія паразіла сваёй шчырасьцю і трагізмам. У творчасьці Кіма Цесакова была і трагедыя Курапатаў, і трагедыя вайны для беларусаў у 20 стагодзьдзі. «Верабʼіная ноч» — гэта трагедыя вайны, а сымфонія «Курапаты» — гэта іншы бок трагедыі.

Гэта было вялікае пакаленьне, пакаленьне Смольскага, Картэса, Лучанка, Цесакова, Мдзівані. Чацьвёра зь іх сышлі адзін за даным. Спачатку Картэс, потым Смольскі, праз год Лучанок, а цяпер і Кім Цесакоў. Усе вельмі сумна. Мне вельмі сумна, бо гэта ўсе мае настаўнікі, якія мяне шмат чаму навучылі. У нас былі з усімі даверлівыя адносіны. Гэта цяпер старэйшае пакаленьне не патрэбнае маладым, а тады для нас крыніцай ведаў былі нашы настаўнікі.

4 сьнежня павінна было адбыцца выкананьне сымфоніі «Курапаты» Кіма Цесакова ў вялікай залі філярмоніі. Гэта павінна было адбыцца ў тым ліку і дзякуючы настойлівасьці ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў». Але напярэдадні Саюз кампазытараў паведаміў, што ў сувязі з сыходам старшыні праўленьня Саюзу кампазытараў Беларусі Ігара Лучанка, пленум СКБ, да якога было прымеркаванае выкананьне сымфоніі № 4 «Курапаты» Кіма Цесакова 4 сьнежня ў вялікай залі Белдзяржфілярмоніі, пераносіцца на сакавік наступнага году.

Сымфонія № 4 «Курапаты», завершаная Кімам Цесаковым 8 лютага 1990 года, — гэта адзіны твор беларускай музычнай клясыкі, прысьвечаны Курапатам, ён з посьпехам выконваўся ў Беларусі і шэрагу замежны краін. Музыкай сусьветнага ўзроўню назваў сымфонію «Курапаты» вядомы дырыжор, народны артыст СССР Яўген Святланаў, — піша «Новы час».

«Творчасьць Кіма даўно здабыла папулярнасьць і стала вельмі значнай часткай музычнай культуры Беларусі, – адзначаецца на сайце Саюзу кампазытараў Беларусі. – Яна ахоплівае амаль усе існуючыя жанры сучаснасьці. Кампазытарам створана болей за сто дваццаць пяць буйных твораў. Гэта – дзьве опэры, восем араторый і кантат, сем сымфоній, тры канцэрты для габоя і цымбал з аркестрам, дзесяць струнных квартэтаў, вакальныя, харавыя і інструмэнтальныя цыклі, музыка для дзяцей і юнацтва, для тэатра і кіно і іншыя. Музыка кампазытара вабіць жывым подыхам сучаснасьці, яна нацыянальна афарбавана, з несумненным уплывам фальклёру.

Творы Цесакова гучаць у Нямеччыне, Польшчы, Галяндыі, Бэльгіі, Люксэмбургу, Швэцыі, Францыі, Англіі, Грэцыі і іншых краінах. Найбольшую папулярнасьць здабыў жанр струннага квартэта, у якім кампазытар даўно прызнаны лідэр ( ім створана 10 квартэтаў). Большасьць зь іх знаходзіцца ў рэпэртуарах такіх вядомых калектываў, як Квартэт імя Шастаковіча (Расея), Квартэт імя Лысенкі (Украіна), Коўнаўскі квартэт (Літва), Менскі квартэт (Беларусь)».