25 апреля 2024, четверг, 18:52
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Марш абураных беларусаў: год пасля пратэсту

Марш абураных беларусаў: год пасля пратэсту
Фото: «Радыё Свабода»

Пасля 17 лютага ў Беларусі пачаліся масавыя хваляванні супраць дэкрэту №3.

Год таму, 17 лютага 2017 года, у Мінску адбыўся першы Марш абураных беларусаў, які паклаў пачатак масавым пратэстам супраць дэкрэту аб дармаедах па ўсёй краіне. Што змянілася за гэты час?

Самым разумным было б адмяніць злашчасны дармаедскі дэкрэт. Але тады ўзнікае праблема не столькі палітычная, колькі псіхалагічная. Адмена стала б для Лукашэнкі прызнаннем сваёй памылкі. Тут ужо не зваліш на чыноўнікаў, бо ўсе памятаюць, хто быў ініцыятарам і галоўным публічным абаронцам гэтай ідэі.

Сама дэбютная ідэя змагання з дармаедамі паўстала 3–4 гады таму. У яе аснове ляжыць комплекс ментальных, палітычных, сацыяльна-эканамічных прычын.

У 2017 годзе, ужо пасля акцый пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка, тлумачачы неабходнасць такога дэкрэту, казаў, што гэта дакумент не эканамічны, а ідэалагічны, маральны.

Доўгі час адным з важных афіцыёзных прапагандысцкіх клішэ, якія нібыта даказвалі перавагу беларускай мадэлі сацыяльнай дзяржавы, была тэза аб нізкім беспрацоўі ў Беларусі. Маўляў, на фоне краін Еўропы мы ў гэтым плане выглядаем проста квітнеючым аазісам. Афіцыйна ў верасні 2017 года ў Беларусі налічвалася ўсяго 30 тысяч беспрацоўных. Мізер. Але А. Лукашэнка, абгрунтоўваючы неабходнасць змагацца з дармаедамі, незнарок выдаў страшную дзяржаўную тайну. Аказваецца, усе гэтыя казкі пра нізкі ўзровень беспрацоўя — звычайная прапагандысцкая лухта. На самай справе, не працуе ў нас 500 тысяч чалавек.

Таму тут паўстае першая прычына з’яўлення дэкрэту аб дармаедах. Аўтарытарная дзяржава імкнецца кантраляваць у краіне ўсё. І яна адчувае дыскамфорт, калі нейкая частка насельніцтва выпадае з-пад гэтага кантролю, існуе аўтаномна. «Чым яны займаюцца? За чый кошт жывуць?» — пытаўся А. Лукашэнка на нарадзе. Непарадак. Таму трэба навесці парадак.

Выглядае, што дэкрэт аб дармаедах выцякае з самой сутнасці патэрналісцкай дзяржавы, якая існуе ў Беларусі. Звярніце ўвагу, як вытанчана быў названы п дэкрэт № 3 — «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Сама гэта з’ява — сацыяльнае ўтрыманства — уласцівая толькі патэрналісцкай дзяржаве, іманентна выцякае з яе ўнутранай прыроды.

Бо ў Беларусі доля занятых у эканоміцы ў параўнанні з іншымі краінамі даволі высокая — 82%. У суседняй Польшчы, напрыклад, гэты паказчык складае 68%.

Але справа ў тым, што ў краінах з рынкавай эканомікай зусім іншая, значна меншая роля дзяржавы ў пераразмеркаванні рэсурсаў. Там улада дае грамадзянам магчымасць самім клапаціцца пра сябе. Дзяржава не кантралюе, хто працуе, а хто не. Але затое там чалавек, напрыклад, павінен сам паклапаціцца пра сваю медыцынскую страхоўку (часта пры ўдзеле дзяржавы), цалкам аплачваць камунальныя паслугі, грамадскі транспарт і іншае.

У Беларусі ўсё гэта ў значна большай ступені з’яўляецца прэрагатывай дзяржаўных інстытутаў. Ідэалагічны канструкт патэрналісцкай дзяржавы грунтуецца на эгалітарысцкай канцэпцыі сацыяльнай справядлівасці, згодна з якой усе павінны працаваць на карысць грамадства (на самай справе, дзяржавы), а ўжо ўлады ад імя народа потым аддзячаць, падзеляць атрыманыя даброты паміж падданымі. Калі ўлада вялікай лыжкай раздае, дзеліць на ўсіх баланду, то таму яна лічыць, што мае права патрабаваць, каб кожны грамадзянін добрасумленна зарабляў сваю пайку. Хто гэтага не робіць — той сацыяльны ўтрыманец, чужы элемент у патэрналісцкай сістэме, да якога трэба прымяняць меры прымусу. І сацыяльная дзяржава натуральным чынам ператвараецца ў паліцэйскую сацыяльную дзяржаву.

Акрамя таго, ва ўсёй гэтай кампаніі існаваў і вялікі элемент папулізму. А. Лукашэнка быў упэўнены, што атрымае падтрымку свайго электарату. Ён лічыў, што ідэя змагання з дармаедамі папулярная сярод народа. Кіраўнік дзяржавы імкнуўся пад выглядам аднаўлення справядлівасці патураць архаічным інстынктам «простых людзей», перакананых у тым, што гвалт і жорсткасць з’яўляюцца ўніверсальным сродкам вырашэння ўсіх праблем.

Былі і выключна эканамічныя прычыны. Рэсурсы беларускай сацыяльнай мадэлі заканчваюцца, таму трэба, па-першае, скараціць колькасць спажыўцоў дзяржаўнага пірага за кошт «дармаедаў». Па-другое, трэба знайсці новыя крыніцы для абмялеўшага бюджэту, за кошт абкладвання новым падаткам так званых «дармаедаў».

Яшчэ адзін чыннік. Справа ў тым, што пасля фінансавага крызісу ў 2011 годзе, рэзкага падзення заробкаў, дзясяткі тысяч беларусаў з’ехалі на заробкі ў Расію. З-за гэтага ў Беларусі абвастрылася кадравая праблема, паўстаў дэфіцыт рабочых рук, з’явілася шмат вакантных месцаў у будаўніцтве, медыцыне, іншых галінах. Тады і нарадзілася ідэя ўжыць пазаэканамічны прымус, прымусіць працаваць непрацуючых грамадзян, каб запоўніць вакансіі.

Яшчэ на нарадзе 20 кастрычніка 2014 года, прысвечанай барацьбе з дармаедствам, А. Лукашэнка казаў: «Любымі спосабамі, якія мы ведаем і ўмеем рабіць, трэба прымусіць гэтых людзей працаваць! Да 1 студзеня прыняць меры, каб усе працавалі, прымусіць усіх працаваць!» МУС выступіла з ініцыятывай прыняць заканадаўчы акт, які дазваляе прыцягваць да прымусовага працаўладкавання непрацуючых грамадзян. І Лукашэнка падтрымаў гэтую прапанову.

Але з таго часу сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі радыкальна змянілася. Краіна ўступіла ў поўнамаштабны эканамічны крызіс. Яму спадарожнічала падзенне вытворчасці, банкруцтвы камерцыйных фірмаў, перапынкі ў працы дзяржпрадпрыемстваў, значныя скарачэнні работнікаў. Беларусь апынулася на парозе масавага беспрацоўя. І ў гэтых умовах прымус людзей да працы выглядаў нейкай дзіўнай экзотыкай, здзекам са здаровага сэнсу. Тое, што было актуальным учора, перастала быць такім сёння.

Таму не выпадкова дэкрэт так доўга рыхтаваўся, перапрацоўваўся. Бо давялося на хаду мяняць саму канцэпцыю гэтай кампаніі. І сэнс дэкрэту №3 складаецца не ў тым, каб прымусіць непрацуючых грамадзян працаваць, а зусім у іншым. Быў уведзены падатак за дармаедства. У дэкрэце ён быў названы «зборам». Улады вырашылі, што калі нельга людзей прымусіць да працы, то можна садраць з іх грошы па прынцыпе «з паршывай авечкі хоць поўсці клок». Маўляў, няхай адкупляюцца за права не працаваць: заплаці падаткі — і дармаедствуй спакойна.

Гэта такая своеасаблівая індульгенцыя. Нагадаю, што ў сярэднявеччы каталіцкая царква практыкавала продаж індульгенцый, якія, як абвяшчалася, вызвалялі ад часовай кары за грахі. То-бок грашыць можна, але за грошы.

Але як толькі дэкрэт пачаў рэалізоўвацца, грамадства ўспрыняло яго ў штыкі. Па ўсёй краіне пачаліся акцыі пратэсту. За адмену скандальнага дэкрэту падпісалася за месяц больш за 80 тысяч чалавек. З 470 тысяч чалавек, якім накіравалі паведамленне з патрабаваннем выплаціць збор, заплаціла толькі 10%.

І вось улада замест таго, каб дапамагчы людзям, якія засталіся без працы, трапілі ў бяду (напрыклад, павысіць дапамогу па беспрацоўі), стала караць іх штрафамі. Гэты здзек са здаровага сэнсу закрануў у першую чаргу сацыяльныя нізы правінцыі, якія з’яўляюцца галоўнай сацыяльнай апорай А. Лукашэнкі.

Таму тыя дзеянні ўладаў выклікалі ў грамадстве адчуванне жахлівай несправядлівасці. Адбылася не проста дыскрэдытацыя ўлады. Яна пачала губляць статус маральнага аўтарытэту.

Самым разумным выхадам з гэтай тупіковай сітуацыі была б адмена гэтага злашчаснага дэкрэта. Але тут ужо ўзнікае праблема не толькі палітычная, а больш нават псіхалагічная. Адмена рэзананснага дэкрэта стала б для А. Лукашэнкі прызнаннем сваёй уласнай памылкі. Тут ужо не зваліш усё на чыноўнікаў, якія, як звычайна, нешта «нахамуталі». Бо ўсе памятаюць, хто быў ініцыятарам і галоўным публічным абаронцам гэтай ідэі. Але, як вядома, правадыр не можа памыляцца. Акрамя таго, адмена дэкрэта пад ціскам акцый пратэсту, якія арганізавала апазіцыя, стала б прызнаннем уласнай палітычнай паразы і перамогі апанентаў.

Таму з’явіўся новы варыянт гэтага дэкрэту. Цяпер «дармаеды» павінны плаціць не ўніфікаваны падатак («збор»), а кампенсаваць дзяржаве затраты за нейкія паслугі.

У гэтым новым варыянце дэкрэту застаюцца тыя ж хібы, што і ў папярэдняй версіі. Па-першае, ва ўсім свеце дзяржава дапамагае беспрацоўным. І толькі ў нашай «сацыяльнай дзяржаве» беспрацоўных караюць штрафамі.

Па-другое, каб вызначыць сапраўдных дармаедаў, будуць створаныя адмысловыя камісіі, якія павінны ўвесь час маніторыць сітуацыю з беспрацоўнымі. Вялізная колькасць дзяржаўных службоўцаў будзе адарваная ад сваіх абавязкаў і прымушана займацца гэтай бессэнсоўнай працай. Думаю, грашовыя выдаткі на гэтую працу будуць значна большыя, чым бюджэт атрымае грошай ад дармаедаў.

Па-трэцяе, у любым выпадку, будзе шмат пакрыўджаных людзей, якія трапілі ў «цяжкую жыццёвую сітуацыю». Асабліва ва ўмовах, калі беспрацоўе не зніжаецца, дзяржаўныя прадпрыемствы знаходзяцца на мяжы выжывання. Беспрацоўных, як і вясной мінулага года, прымусяць стаяць у вялізных чэргах да гэтых камісій. Улады нават не разумеюць, што гэтая прыніжальная працэдура абражае людзей. Але, з іншага боку, гэта дакладна ілюструе беларускую сацыяльную мадэль, у якой насельніцтва выступае ў ролі прасіцеляў. Гэта тое разуменне «дзяржавы для народа», якое прапануе ўлада.

Валерый Карбалевіч, «Новы час»

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях