24 июня 2018, воскресенье, 17:27
Рубрики

«Беларускамоўныя павінны праявіць салідарнасць»

2

Набірае моц кампанія па беларусізацыі дашкольнага выхавання.

Вядомы актывіст ТБМ з Баранавічаў Віктар Мезяк заклікае актыўна падпісваць петыцыю з патрабаваннем да Міністэрства адукацыі вырашыць праблему дыскрымінацыi беларускамоўных дзяцей, піша «Салідарнасць».

Сёння ў тым ліку ў Мінску бацькі не могуць аддаць дзяцей у садок, каб там з імі гаварылі на роднай мове. Нават у нешматлікіх беларускамоўных групах з імі ў асноўным кантактуюць па-руску.

У петыцыі неабыякавыя бацькі сярод іншага патрабуюць ад Міністэрства адукацыі змяніць сістэму запісу дзяцей у садкі (дадаць графу «Пажаданая мова навучання»); сфармаваць асобную чаргу для бацькоў, якія хочуць аддаць сваіх дзяцей у групы з беларускай мовай навучання (каб прасцей іх было сфармаваць); увесці ў службовыя патрабаванні да педагагічных работнікаў пункт пра абавязковае валоданне беларускай мовай і інш.

На сёння пад петыцыяй трохі больш, чым дзве тысячы подпісаў.

Актывіст ТБМ з Баранавічаў Віктар Мезяк заклікае актыўна падпісваць петыцыю:

– Беларускамоўныя групы ў садках – гэта вельмі важна. Гэта пачатак жыцця, і калі дзеці чуюць у такім узросце беларускую мову, то яна застанецца з імі назаўжды.

Мне і шмат каму баліць гэтае пытанне, бо дзяцей сапраўды няма куды аддаваць. Маёй унучцы хутка спаўняецца два гады. Праз год трэба ісці ў сад. Дачка абыйшла садкі – усюды разводзяць рукамі. Калі ў Мінску востра стаіць пытанне, то што казаць пра райцэнтры, дзе ад праблемы чыноўнікі увогуле адмахваюцца.

Чым больш людзей падпішуцца пад петыцяй, тым большая яе вага будзе для Мінадукацыі. Таму заклікаю ўсіх прыхільнікаў мовы зрабіць гэта.

Чаму маўчаць людзі?! Беларускамоўныя павінны праявіць салідарнасць. Разумею, што для многіх пытанне садкоў яшчэ не актульнае ці ўжо не актуальнае па прычыне ўзросту дзяцей. Але давайце не забываць пра астатніх.

Мне 58 гадоў. Пакаленню маіх дзяцей каля 30. Яны вельмі дзейныя, самі выдаюць кнігі, робяць пераклады кіно, мультфільмаў. У гэтай сітуацыі іх трэба падтрымаць.

Я разумею, што пануе стомленасць. Любое пытанне вырашаецца ў нашай дзяржаве вельмі цяжка. Але падпісаць петыцыю – справа некалькіх хвілін.

21 лютага бацькі дзяцей, якія выхоўваюцца ў беларускамоўным асяродку, сустрэліся з намесніцай міністра адукацыі Беларусі Раісай Сідарэнка, паведамляе «Радыё Свабода».

Архітэктары Аляксандра Баярына і Вадзім Пракопчык у ведамства прыйшлі з дзецьмі: малых няма куды падзець, бо дзяржава ня можа забяспечыць грамадзян дашкольнымі ўстановамі з беларускай мовай зносінаў.

Раіса Сідарэнка заявіла, што нарматыўная база дазваляе ствараць беларускамоўныя групы ў кожным адміністрацыйным раёне. Чаму гэта не рэалізуецца на практыцы, а выкладчыкі і выхавальнікі не валодаюць дзьвюма дзяржаўнымі мовамі, паабяцала разабрацца ўжо падчас наступнай калегіі Камітэту адукацыі Мінгарвыканкаму.