26 мая 2018, суббота, 1:41
Рубрики

Гісторык Зьміцер Дрозд выдаў кнігу «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча» да 210-годзьдзя клясыка

1

Гісторык шукаў малавядомыя і новыя зьвесткі пра сям’ю, бацьку, маці, сясьцёр выбітнага клясыка.

Гэта сёмая кніга гісторыка-архівіста, і першая — на беларускай мове (пяць кніг было на расейскай, адна — па-польску). Цалкам падрыхтаваная да друку яшчэ адна кніга — «Падроблена Дуніным-Марцінкевічам». А ўсяго ў плянах Зьмітра Дразда — выдаць 5 кніг пра выбітнага клясыка, якому 4 лютага спаўняецца 210 гадоў, перадае «Радыё Свабода».

Больш за 3 гады Зьміцер Дрозд вывучае жыцьцё і творчасьць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Кніга зроблена на падставе дванаццаці артыкулаў, якія публікаваліся ў «Культуры», «Нашай Ніве», «Родным слове», польскіх выданьнях. У ёй 300 старонак.

«Я шукаў малавядомыя і новыя зьвесткі пра сям’ю, бацьку, маці, сясьцёр Дуніна-Марцінкевіча. Ёсьць нікому не вядомыя факты, якія я знайшоў у архівах — нічога з кніжак ці ранейшых дасьледаваньняў. Больш дакладную інфармацыю я знайшоў і пра вядомыя гісторыі: пра падробку дакумэнтаў, пра тое, як ён прыдумаў дадатак да свайго прозьвішча — «Дунін», які не выкарыстоўваўся да 1835 году; пра выкраданьне нявесты; пра тое, як замовілі хаўтуры і пахавалі яго ў Менску. Літаратар выйшаў з кандытарскай, убачыў працэсію і запытаўся: «Каго хаваюць?» Яму адказалі: «Марцінкевіча», — кажа Зьміцер Дрозд.

Гісторык прызнаецца, што імкнуўся зрабіць ня чыста навуковае дасьледаваньне, што было б нуднавата, а навукова-папулярную чытанку, але грунтаваную толькі на правераных фактах і зьвестках, дакумэнтах, архіўных матэрыялах.

16 студзеня выйшаў толькі сыгнальны экзэмпляр «Таямніцаў Дуніна-Марцінкевіча». Рэдактар кнігі — доктар філялёгіі Ганна Кісьліцына. Выдаў кнігу «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар» за кошт аўтара, таму наклад пакуль заплянаваны невялікі — 50 асобнікаў.

Крынiца: facebook.com

Спадар Дрозд мае на мэце запусьціць збор сродкаў праз краўдфандынгавую плятформу «Талака» і давесьці наклад хаця б да 300–500 экзэмпляраў, каб кніга была ў кожнай бібліятэцы.

Крынiца: facebook.com

Цалкам падрыхтаваная і яшчэ адна кніга — «Падроблена Дуніным-Марцінкевічам». Пакуль выданьне зноў упіраецца ў фінансы.

«Але гэтая гісторыя не перасякаецца зь першай кнігай. Гэта пра крымінальныя справы. Пра падробку дваранскіх радаслоўных. Пра тое, як ён сядзеў у Менскім замку. Пра тое, як дакумэнты падраблялі іншыя людзі, так бы мовіць, канкурэнты Дуніна-Марцінкевіча. Як адшуквалі старую паперу, калі яе не было, як вымочвалі новую ў гарбаце, падраблялі почыркі. Я спадзяюся, гэта будзе яшчэ больш захапляльная кніга», — кажа дасьледчык.

Усяго ў плянах Зьмітра Дразда — пяць кніг пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.