29 марта 2024, пятница, 5:21
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Выйшла новая кніга прозы Ўладзімера Някляева

2
Выйшла новая кніга прозы Ўладзімера Някляева
Уладзімер Някляеў

«На ўсякім сьвеце» cкладаецца з 11 апавяданьняў і 2-х прыповесьцяў.

«На ўсякім сьвеце» — так называецца новая кніга прозы Ўладзімера Някляева.

У ёй адзінаццаць апавяданьняў і дзьве прыпавесьці. Хаця падзел на гэтыя жанры даволі ўмоўны, асабліва, калі казаць пра такога літаратара як Уладзімер Някляеў, паведамляе «Радыё Свабода».

Ён дэбютаваў вершамі і шырокае прызнаньне займеў за паэтычныя зборнікі. Але проза не адпускае Някляева ўжо ня першы год, а за раман «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» ён атрымаў прэмію імя Ежы Гедройця.

«Што б ні казалі, ні плялі, мы не ў зямлі, а на зямлі!» — напісаў Уладзімер Някляеў у адным з вершаў. У ягоных творах увогуле як бы няма памерлых. Усе — жывыя. Не Ў зямлі, а НА зямлі, не Ў небе, а ПАД ім. І гэта ня толькі дае чытачу адчуваньне цэласнасьці сьвету, але і дазваляе аўтару ствараць неверагодныя, фантастычныя — і ў той жа час на дзіва рэальныя сюжэты, што і стала зьместам кнігі „На ўсякім сьвеце“.

Сьветаў, як вядома, два — гэты і той. У прыпавесьці, якая дала назву кнігі, яны злучыліся ў адзін. Усе памерлыя на Дзяды прыйшлі жывымі да сваёй роднае хаты і галоўны герой зусім не дзівіцца, пабачыўшы гэткую фантасмагорыю. У адным з інтэрвію аўтар сказаў, што гэтым творам ён хацеў сабраць у адным месцы ў адным часе ўсю сваю сям’ю. «...маю на увазе сям’ю з дзядамі, прадзедамі, прапрадзедамі і так далей у глыбіню стагодзьдзяў. Гэта спроба праз аб`яднаньне маёй крэўскай сям’і (Уладзімер Някляеў родам з Крэва) аб`яднаць у адну сям’ю ўсю Беларусь».

Фантазійнага ў новай кнізе шмат. Чаго варты хаця б шчымлівы сюжэт пра тое, як намаляваная на капоце машыны малпа ў крытычны момант ажывае і ратуе з пад колаў дзіця («Што да чаго?»). Ці спрадвечная гісторыя братазабойства, наноў пераказаная праз дачыненьні катоў, якая так і называецца — «Каты». Альбо шчымлівы сюжэт пра каханьне й нянавісьць акторкі і палкоўніка ў «Школе танцаў».

Гэтыя ды некаторыя іншыя апавяданьні можна назваць паэтычным рэалізмам, але ўсялякія намёкі на паэтычнасьць зьнікаюць у творах, заснаваных на нядаўнім суровым жыцьцёвым досьведзе аўтара. Асабліва суровым у апавяданьні «Зьмены сувязяў», якое напісана пад час хатняга арышту, якім яму замянілі турэмнае зьняволеньне ў гэтак званай «амэрыканцы», куды Ўладзімера Някляева зьвязенілі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў-2010.

Актыўныя допыты — так, аказваецца, называюцца катаваньні, якімі з вязьня сьледчыя спрабуюць здабыць патрэбныя прызнаньні. Парог болю — таксама мяжа паміж гэтым сьветам і тым. Паміж ахвярай і катам. Паміж праўдзівым і злачынцам. Паміж жыцьцём і літаратурай.

Кніга выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор» у бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў». І яна ўжо ёсьць у незалежных кнігараспаўсюднікаў.

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях