21 августа 2018, вторник, 9:37
Рубрики

Пяць фактаў пра БНР

25 сакавiка беларусы будуць адзначаць 100-годдзе абвяшчэння БНР.

«Арт Сядзіба» сабрала пяць фактаў пра Беларускую Народную Рэспублiку.

Што такое Дзень Волі?

25 сакавіка 1918 года ў акупаваным немцамі Менску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (былы выканкам Усебеларускага з’езду) прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, якой БНР абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР аб’явіла, што Брэсцкая мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.

Немцы адказалі на Акт 25 сакавіка разгонам Рады БНР і Народнага Сакратарыяту, а пасля і іх забаронай. Аднак органы ўлады працягвалі дзейнічаць у Беларусі, а пасля на эміграцыі. І цяпер у замежжы існуе Рада БНР на чале з Івонкай Сурвілай, якая перахоўвае традыцыі сваіх папярэднікаў.

ДЗЕ БЫЛА АБВЕШЧАНАЯ ДЗЯРЖАЎНАЯ НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ БНР?

Трэцяя ўстаўная грамата Рады БНР, якой абвяшчалася дзяржаўная незалежнасць Беларусі, была прынятая раніцай 25 сакавіка на пасяджэнні Рады ў Менску па адрасе Серпухоўская, 9 (цяпер гэта Валадарскага, 9). На трэцім паверсе яшчэ ў сярэдзіне сакавіка была арэндаваная ў сялянскага пазямельнага банку зала для пасяджэнняў.

Як успамінаў удзельнік гэтага пасяджэння Янка Станкевіч, некаторыя сябры Рады БНР не маглі схаваць свайго хвалявання, а ў старшыні — Янкі Серады — дрыжэлі рукі… Калі Трэцяя ўстаўная грамата была прынятая, якраз узыходзіла сонца. Хтосьці выгукнуў: “Узыходзіць сонца незалежнай Беларусі!”.

ХТО ЎВАХОДЗІЎ У ПЕРШЫ ЎРАД (НАРОДНЫ САКРАТАРЫЯТ) БНР?

Першы Беларускі ўрад (Народны Сакратарыят) быў створаны Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага з’езду 20 лютага 1918 года ў Менску, які пасля ўцёкаў бальшавікоў узялі пад кантроль беларускія паўстанцы. Спачатку ва ўрад на чале з Язэпам Варонкам уваходзілі 7 чалавек, але пасля іх колькасць была даведзеная да 15-ці. Паводле ўспамінаў Канстанціна Езавітава, склад Першага ўрада БНР быў наступны:

Язэп Варонка — старшыня (прэм’ер-міністр) і народны сакратар (міністр) міжнародных спраў, Іван Макрэяў — унутраных спраў, Алесь Смоліч — асветы, Яўхім Бялевіч — справядлівасці, Янка Серада — народнай гаспадаркі, В. Рэдзька — шляхоў зносін, Тамаш Грыб — земляробства, Палута Бадунова — апекі, А. Карач — пошты і тэлеграфу, Пятро Крэчэўскі — кантролю, Г. Белкінд — фінансаў, Павел Злобін — вялікарускіх спраў, Мойша Гутман — “першы таварыш” (першы намеснік) старшыні і сакратар яўрэйскіх спраў, Канстанцін Езавітаў — “другі таварыш” старшыні і народны сакратар вайсковых спраў, Лявон Заяц — загадчык спраў Народнага Сакратарыяту.

У далейшым склад першага ўраду мяняўся, у тым ліку і з-за таго, што ў красавіку ў знак пратэсту супраць прыняцця 3-й устаўной граматы падалі ў адстаўку Макрэяў, Злобін, Белкінд.

На здымку: сябры ўрада БНР у 1918 годзе: (злева направа, сядзяць) Алесь Бурбіс (консул БНР у Маскве), Янка Серада, Язэп Варонка (старшыня), Васіль Захарка; (стаяць) Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц.

ЯКІЯ ЎЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ МЕЛА БНР?

БНР не паспела стварыць беларускае войска, але такія спробы неаднаразова рабіліся. Беларускія часткі пачалі стварацца ў складзе рускай арміі яшчэ ўвосень 1917 года. У лютым 1918-га, калі ўладу ў Менску ўзяў у свае рукі выканкам Усебеларускага з’езда, быў створаны 1-шы Менскі беларускі полк, які праіснаваў да прыходу нямецкіх войскаў.

На здымку: Беларускія гусары перад будынкам вайсковай камендатуры ў Гродне, 1919 г.

Паводле падлікаў гісторыка Алега Латышонка, аўтара кнігі “Жаўнеры БНР”, у беларускіх вайсковых аддзелах на працягу 1917-1923 гг. служылі каля 11 тысяч чалавек, пераважна дабраахвотнікаў. Найбольш гераічны эпізод барацьбы за БНР — Слуцкі збройны чын 1920 года, калі спешна сфармаваная Слуцкая брыгада стральцоў БНР на працягу месяца вяла баі з Чырвонай Арміяй.

Дзясяткі тысяч чалавек уваходзілі ў партызанскія аддзелы, у тым ліку і тыя, што ваявалі за дзяржаўную незалежнасць БНР (Лукаша Семянюка, Юркі Моніча, Вячаслава Адамовіча-“Дзяргача» ды іншых). А яшчэ на румынскім фронце ў 1917 годзе ствараўся беларускі корпус, які не ўдалося перакінуць у Беларусь для падтрымкі ўраду БНР.

Пра свае сімпатыі да БНР заяўляў і генерал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч, які са сваім аддзелам у 1919 г. на нейкі час перайшоў “на беларускую службу” (“Асобны атрад БНР”), а пасля разам з польскімі войскамі ваяваў супраць бальшавікоў. У лістападзе 1920-га Булак-Балаховіч аб’явіў у Мазыры “незалежную беларускую дзяржаву”, але неўзабаве яго армія была разбітая Чырвонай Арміяй і адыйшла ў Польшчу.

ЯКІЯ БЫЛІ МЕЖЫ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ?

Трэцяя ўстаўная грамата Рады БНР згадвала і тэрытарыяльныя межы краіны: “Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае колькасную перавагу беларускі народ, а менавіта: Магілёўшчыну, беларускія часткі Меншчыны, Гарадзеншчыны (з Горадняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губерняў, населеных беларусамі”.

Для таго, каб на міжнародных канферэнцыях знаёміць заходніх палітыкаў з Беларуссю і яе межамі, у 1918 годзе была выдадзеная карта БНР.

Органы ўлады БНР паслядоўна адстойвалі межы краіны. У кастрычніку 1918 года Рада БНР даслала рэйхсканцлеру Нямеччыны пратэст на прэтэнзіі Польшчы на памежныя вобласці Беларусі, у тым ліку Гродна, Беласток і Брэст. У снежні 1918-га Рада Міністраў БНР пратэставала супраць уключэння Беласточчны і Бельшчыны ў склад Польшчы.