18 апреля 2024, четверг, 11:55
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

У Гародні паказалі, як трэць стагоддзя ідзе змаганне за свабоду слова

У Гародні паказалі, як трэць стагоддзя ідзе змаганне за свабоду слова

Выстава «Непадцэнзурная Гародня» адкрылася да 100-годдзя БНР.

Выстава пад назвай «Непадцэнзурная Гародня 1983-2018» адкрыта ў культурнай пляцоўцы «Цэнтр гарадскога жыцця». На вернісажы размешчана некалькі дзясяткаў постэраў з выявамі цэлай калекцыі незалежных друкаваных выданняў, якія выходзілі ў Гародні і суседніх гарадах, перадае «Радыё Рацыя».

На імпрэзу прыйшлі многія героі публікацый, пераважна журналісты, якія пачыналі сваю дзейнасць напярэдадні і ў час абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Некаторыя газеты мелі зусім малы век, згадвае Ірына Чарняўка:

– «Дзень» і газета «Рэпарцёр», якую мы спрабавалі стварыць і выдалі нават тры нумары. Больш яна запомнілася хіба акцыямі пратэсту і судамі, якія пасля іх былі. Гарадзенскі рэгіён быў напэўна першым, на якім абкатваліся рэпрэсіўныя практыкі. Напрыклад, у выпадку газеты «Рэпарцёр» гэта быў першы выпадак у Беларусі, калі пасля чарговых зменаў заканадаўства аб друку мясцовыя ўлады атрымалі інструмент для забароны мясцовай прэсы. І першы раз гэта абкаталі на газеце «Рэпарцёр».

Многія ўдзельнікі імпрэзы засталіся пры думцы, што выстава не толькі пра станаўленне непадцэнзурнай прэсы, але і пра гісторыю яе знішчэння. Ці мог хто падумаць, што праз дваццаць гадоў існавання незалежнай Беларусі сітуацыя са свабодай слова ў разы горшая, нават гледзячы па Гародні, у якой няма аніводнага рэгіянальнага незалежнага выдання. Кажа Вітаўт Руднік:

– Канешне, 90-я, людзі на гэтых фотаздымках, газеты, якія тут прадстаўлены, спрычыніліся ў многім да фармавання маёй грамадзянскай пазіцыі, для майго станаўлення менавіта як журналіста. І я вельмі рады, што такая выстава ўвогуле адкрылася ў Гародні, таму што гэта сапраўды фіксацыя найноўшай гісторыі. Спроба асэнсаваць тое, што адбылося. І мне вельмі хочацца, каб акрамя непасрэдна самой выставы быў элемент рэфлексіі, калі людзі азіраючыся назад маглі б пагаварыць пра будучыню медыяў, пра будучыню Беларусі. Мне здаецца, такіх дыскусій бракуе.

Выстава «Непадцэнзурная Гародня» прысвечана сотым угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі. Будзе працаваць для наведнікаў да 3-га красавіка.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях