25 апреля 2024, четверг, 1:24
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Янка Запруднік: У Беларусі прыходзіць да голасу і дзеяньня новае пакаленьне

Янка Запруднік: У Беларусі прыходзіць да голасу і дзеяньня новае пакаленьне
ЯНКА ЗАПРУДНІК
ФОТА: BUDZMA.BY

Зацікаўленасьць БНР пашыраецца сярод маладых грамадзянаў Беларусі.

Пра гэта піша беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, палітолаг Янка Запруднік:

- Адзначаючы першае стагодзьдзе Акту аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, варта задумацца над шматзначнымі словамі «дзяржаўнасьць», «дзяржава» й «незалежнасьць». Пагатоў, што тэма гэтая дачакалася свабоднага абмяркоўваньня на Бацькаўшчыне ды што зацікаўленасьць ёю пашыраецца сярод маладых грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

БНР, як ведаем, мае свой юрыдычны пачатак у трох устаўных граматах Выканаўчага Камітэту Рады Ўсебеларускага Зьезду, што адбыўся ў сьнежні 1917 году. Усе тры граматы прынятыя ў лютым-сакавіку 1918 году.

У першай зь іх (21.02.1918) Камітэт Рады пра дзяржаўнасьць не гаворыць, ён толькі заяўляе, што «Беларускі Народ павінен зьдзейсьніць сваё право на поўнае самавызначэньне». А ў другой грамаце (9.03.1918) пра Беларусь сказана, што яна «абудзілася да дзяржаўнага жыцьця» ды што Выканаўчы Камітэт «бароніць дзяржаўныя правы народу… пастанаўляе аб дзяржаўным устрою Беларусі». І ў трэцяй устаўной грамаце (25.03.1918) урэшце сказана: «Мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі скідаем ярмо дзяржаўнай залежнасьці… Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай». Там жа выказана надзея, што ўсе волялюбныя народы «дапамогуць беларускаму народу зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўные ідэалы».

Ворагі й крытыкі беларускага нацыянальнага адраджэньня й дзяржаўніцкага руху настойліва цьвердзяць, што БНР — ніякая не дзяржава, бо ня мела дзяржаўных атрыбутаў: арміі, адміністрацыйных установаў, ня мела сваіх грошай, паштовай службы й да гэтага падобнага. Так, ня мела, бо такія атрыбуты не паўстаюць імгненна, бо абвешчаньне дзяржаўнай незалежнасьці адбылося ва ўмовах вайны, акупацыі краю чужымі вайскамі, слабой у народзе нацыянальнай сьведамасьці. Першыя тры гады існаваньня БНР такой зародкавай, якой яна была, закончыліся тым, што беларуская тэрыторыя была падзеленая паміж Расеяй і Польшчай. Засталася аднак ідэя абвешчанай дзяржавы ды ейныя расьцярушаныя абаронцы на Бацькаўшчыне і ў дыяспары, найперш Рада БНР. У савецкай жа Беларусі на працягу наступных сямідзесяці гадоў рабіліся захады «зьдзейсьніць палітычна-дзяржаўныя ідэалы» пад покрывам БССР. Гэтыя захады мелі ў сабе некаторыя дадатныя мэты й вынікі, як, прыкладам, выхад Рэспублікі на міжнародныя форумы — кірунак дзейнасьці, запачаткаваны Радай БНР. Але беларуска-савецкая дзяржава на самой рэчы была сурагатам, імітыцыяй і падробкай у параўнаньні зь ідэаламі Сакавіка.

Пра дзяржаву й дзяржаўнасьць трэба думаць як пра форму й зьмест. Яны ў неразьдзельнай узаемасувязі: форма дыктуе зьмест — зьмест умацоўвае форму. Усе прамінулыя сто гадоў паказваюць, што ідэя нацыянальнай дзяржавы выжыла й папоўнілася дадатковым зьместам. Гэта сталася, дзякуючы мімулым пакаленьням сакавіцкіх дзяржаўнікаў на Бацькаўшчыне і ў дыяспары. Цяпер у Беларусі прыходзіць да голасу й да дзеяньня новае пакаленьне. Ад яго будзе залежаць у вялікай меры далейшае папаўненьне зьместу абвешчанай сто гадоў таму Беларускай Дзяржавы.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях