29 марта 2024, пятница, 4:36
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Каталіцкі касцёл апублікаваў тэкст малітвы да 100-годдзя БНР

1
Каталіцкі касцёл апублікаваў тэкст малітвы да 100-годдзя БНР

Малітва прагучыць у касцёлах Беларусі 25 сакавіка.

Каталіцкія біскупы Беларусі скіроўваюць да вернікаў Беларусі тэкст малітвы з нагоды 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка ў касцёлах будуць маліцца за Беларусь.

Біскупы заклікаюць святароў памаліцца разам з вернікамі словамі гэтай малітвы падчас усіх набажэнстваў 25 сакавіка, піша catholic.by.

«Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо Ты Бог збаўлення майго, на Цябе спадзяюся кожны дзень» (Пс 25(24), 5)

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, суайчыннікі, усе людзі добрай волі!

Сёння, калі наша Бацькаўшчына адзначае сотыя ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, гэтыя словы псальміста просяцца на нашыя вусны. Яны заклікаюць да бязмежнага даверу Богу — адзінай нашай надзеі.

Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі стала беспрэцэдэнтным гістарычным актам і вельмі важным крокам дзяржаватворчага працэсу, адкрыўшы шлях да незалежнасці.

Мінулае стагоддзе — гэта час шматлікіх выпрабаванняў, войнаў, пераследу веры. Гэта таксама час адраджэння нашай дзяржаўнасці і духоўнасці.

Складаная і трагічная гісторыя Беларусі за апошняе стагоддзе была пазначана шматлікімі сведчаннямі і мучаніцтвам за веру, увабрала ў сябе лёсы тых, хто нястомна працаваў і надалей працуе на карысць Радзімы, іх славу, мужнасць, ахвярнасць і дасягненні.

Увесь гэты час Ты, Божа, быў з намі і праз заступніцтва Марыі, Апякункі Беларусі, Ты нам дапамагаў. У гады ліхалецця суцяшаў нашыя сэрцы і запальваў агеньчык надзеі на лепшае заўтра. Сёння, у часы крызісу духоўных каштоўнасцяў, Ты праз свой Касцёл умацоўваеш нашу веру, даеш новую надзею на будучыню і запальваеш у сэрцах любоў.

Мы дзякуем Табе, Божа, і просім аб дары мудрасці для кіраўнікоў нашай дзяржавы, аб разважлівасці і ўзаемаразуменні паміж рознымі палітычнымі і грамадскімі супольнасцямі, а таксама аб велікадушнасці для ўсіх грамадзянаў нашай краіны, каб панавалі ў ёй супакой, справядлівасць, узаемная любоў і згода.

Усемагутны і Міласэрны Божа, адары нас сваёю ласкаю і благаслаўленнем, каб супольнымі намаганнямі пад апекаю Марыі мы ўсе разам будавалі шчаслівае заўтра нашай любай Бацькаўшчыны.

Божа, благаславі Беларусь! Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Мінск, 19 сакавіка 2018 г.

Урачыстасць св. Юзафа»

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях