19 февраля 2019, вторник, 23:20
Призыв Рады БНР
Рубрики

Беларускi ПЭН-цэнтр патрабуe вызваліць Уладзіміра Някляева

4
Уладзімір Някляев

Беларускі ПЭН-цэнтр звяртаецца да міжнароднай супольнасці з просьбай падтрымаць заклік вызвалiць паэта i палiтыка.

21 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, у Менску быў затрыманы прызнаны беларускі паэт, лаўрэат міжнародных літаратурных прэмій, Ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра <>Уадзімір Пракопавіч Някляеў. Верагодна, яго забралі адбываць 10-суткавы адміністратыўны арышт, да якога ён быў асуджаны 1 лістапада 2017 г. за нібыта заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якое мелася адбыцца ў Менску 21 кастрычніка. Беларускі ПЭН-цэнтр лічыць, што згаданае абвінавачванне пярэчыць міжнародным стандартам і абмяжоўвае права на выказванне свайго меркавання, гарантаванае ў тым ліку і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Пасля вынясення судовай пастановы цягам некалькіх месяцаў улады не затрымлівалі Уладзіміра Някляева для адбывання арышту, а зрабілі гэта напярэдадні Дня Волі – дазволенай акцыі па святкаванні стагоддзя абвяшчэння незалежнасці БНР, якое мае адбыцца 25 сакавіка. Відавочна затрыманне было здзейснена, каб не дапусціць шэсця, прызначанага палітычнымі актывістамі да Дня Волі і забароненага ўладамі.

Улады не папярэджваюць пра тэрмін адбывання арышту і трымаюць Някляева ў сітуацыі пастаяннага напружання, пазбаўляючы яго магчымасці планаваць сваё жыццё, а таксама быць падрыхтаваным да дзесяцісуткавага перабывання ў арышце, а значыць – узяць жыццёва неабходныя лекі і асабістыя рэчы.

Беручы пад увагу вышэйсказанае лічым, што вынесены Уладзіміру Някляеву прысуд па абвінавачванні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння неабгрунтаваны і недапушчальны. Ужываючы ў дачыненні да 71-гадовага Уладзіміра Някляева, які мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, небгрунтаванае і нематывавана жорсткае пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, улады ставяць пад пагрозу яго здароўе і жыццё.

Згаданае вышэй асуджэнне – чарговая рэпрэсія ўладаў у дачыненні да Някляева, які быў адным з лідараў прэзідэнцкай кампаніі 2010 г. Будучы кандыдатам у прэзідэнты, Уладзімір Някляеў быў жорстка збіты ў дзень выбараў 19 снежня 2010 г., пасля чаго апынуўся ў СІЗА КДБ і быў абвінавачаны па артыкуле “Масавыя беспарадкі”. 30 сакавіка 2011 г. абвінавачванне было перафармуляванае на ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх). 20 траўня 2011 г. ў судзе Фрунзенскага раёна Мінску асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

У апошнія гады Някляева неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці. Ён атрымліваў пакаранні ў выглядзе штрафаў і адміністратыўных арыштаў.

Разглядаючы чарговы арышт нашага калегі і Ганаровага старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзіміра Някляева як факт ціску за яго палітычныя перакананні, Беларускі ПЭН-цэнтр заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед, скасаваць прысуд у дачыненні да Уладзіміра Някляева, і звяртаецца да міжнароднай супольнасці з просьбай падтрымаць гэты заклік.

Рада Беларускага ПЭН-цэнтра

Павел Анціпаў

Уладзімір Арлоў

Сяргей Дубавец

Алена Казлова

Уладзімір Лянкевіч

Таццяна Нядбай

Андрэй Хадановіч