17 февраля 2019, воскресенье, 22:05
Спасти «Хартию»! Стать нацией!
Рубрики

У Гародні прэзентавалі мапу «Адрасы БНР»

Урад Беларускай Народнай Рэспублікі знаходзіўся ў горадзе над Нёманам у 1919 годзе.

У Гародні прайшло чарговае мерапрыемства прымеркаванае да 100-годдзя БНР. У этна-краме „Цудоўня” гарадзенцаў чакала прэзентацыя мапы гарадзенскіх „Адрасоў БНР”. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі знаходзіўся ў горадзе над Нёманам у 1919 годзе, паведамляе „Радыё Рацыя”.

Мапа створана гісторыкамі Андрэем Чарнякевічам і Андрэем Вашкевічам у супрацы з сайтам Hrodna.life.

Прэзентавала мапу дызайнерка праекта Вольга Новік:

– Мы стварылі да 100-годдзя БНР мапу, яна выключна на беларускай мове. На ёй ёсць некаторыя неіснуючыя будынкі, напрыклад, мужчынскі манастыр, які знаходзіўся на месцы драмтэатра. На гэтай мапе 12 аб’ектаў, усе яны падпісаны і пададзены ў спісе „Адрасы БНР”.

Кожны ахвотны мог атрымаць асобнік мапы з інфармацыйнай ўлёткай. Госцем імпрэзы быў актор Віктар Шалкевіч, які чытаў успаміны з прыватнага дзённіка Антона Луцкевіча пра гарадзенскі перыяд БНР. Сваімі ўражаннямі падзяліўся ўдзельнік імпрэзы Дзяніс Жыгавец:

– Мне спадабаўся выступ спадара Віктара Шалкевіча. Дзённік, які ён цытаваў, я лічу наадварот, хоць Віктар Шалкевіч казаў, што не трэба было яго друкаваць, мне падаецца, што такія дробязі паказваюць уласныя асаблівасці кожнага з дзеячоў. Мы павінны гэта ведаць і можа не рабіць тых памылак, якія рабілі тады.

Святочныя мерапрыемствы ў Гародні прымеркаваныя да Дня Волі будуць працягвацца. Ужо 23-га сакавіка гарадзенцы змогуць паўдзельнічаць у святочным мерапрыемстве, якое ладзяць грамадскія аб’яднанні Таварыства беларускай мовы і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Вечарына да 100-годдзя БНР пройдзе па адрасу вуліца Будзёнага 48а ў залі №100 а 18:30. У гэтым жа памяшканні, 24-га сакавіка а 18:00 гадзіне пройдзе нацыянальная дыктоўка.