23 апреля 2024, вторник, 11:05
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Беларусы - адважнейшая частка любога войска»

2
«Беларусы - адважнейшая частка любога войска»

Што пісалі газеты пра атамана беларускіх паўстанцаў Лукаша Сяменіка.

Арыгіналы ўнікальных фотаздымкаў паўстанцаў Лукаша Сяменіка ў колеры знайшоў у Музеі войска польскага ў Варшаве журналіст «Радыё Рацыі» Аляксей Трубкін.

Лукаш Сяменік – беларускі вайсковец, ураджэнец в. Траянаўка Халопеніцкай вол. Барысаўскага пав. Удзельнік Першай сусветнай вайны. Арганізатар і кіраўнік сялянскага паўстання ў жніўні 1918 г., супраць нямецкіх кайзераўскіх войскаў, што ахапіла Лісічанскую, Халопеніцкую і Зачысценскую воласці Барысаўшчыны і Меншчыны, якое было задушана сумеснымі высілкамі немцаў і бальшавікоў.

У лістападзе 1918 г., да прыходу бальшавікоў, быў абраны сялянамі Халопеніцкай вол. вайсковым атаманам. У пачатку 1919 г., арыштаваны «чрэзвычайкай» і пасаджаны ў вязніцу. 27 траўня падчас перасылкі з менскай турмы ў Барысаў здолеў збегчы, за што рэвалюцыйным трэбуналам быў прысуджаны да смяротнай кары.

Арганізатар Першага Беларускага партызанскага аддзела, які паспяхова дзейнічаў супраць бальшавікоў у Барысаўскім ды Менскім паветах у першай палове 1919 г. Аддзел налічваў каля 50 чалавек. Вядомыя прозвішчы набліжаных да Сяменіка паўстанцаў, з іх складаўся штаб: Скалубовіч Люсцін, Шаблінскі Мяфод, Буры Стах, Казлоўскі Міхал.

Сумесна з польскімі аддзеламі ўдзельнічаў у вызваленні ад бальшавікоў Барысава ў ліпені 1919 г. У пачатку 1920 г., у чыне капітана разам са сваім аддзелам залічаны ў склад Беларускай вайсковай камісіі. З’яўляўся адным з арганізатараў вайсковага сялянскага руху пад кіраўніцтвам «Зялёнага Дубу».

Прымаў удзел у вайсковым паходзе генерала Станіслава Булак-Балаховіча і ў Слуцкім збройным чыне, а пазней працягваў партызанскія акцыі супраць бальшавікоў. Паводле звестак бібліёграфа Рамуальда Зямкевіча, загінуў у 1921 г., у адным з баёў з чырвонымі.

Вось што пісала менская газета «Беларускае жыцьцё» № 3 (25) 1920 г., пра аддзел Сяменіка:

- «Л. Сяменік» (Ў газэтах і гутарках Сяменіка часта па абмылцы называюць Семянюком.) «Любая» рыса пакорнасьці, любасьці супакою і нялюбасьці вайны, рыса, каторую нам стараліся ўмовіць нашые суседзі, дый мы часта самі ўмаўлялі сабе, аказуецца зусім нязгоднай з праўдаю.

Сусьветная вайна паказала, што беларусы ня толькі былі адважнейшаю за іншыя народы часткаю расійскага войска, але што яны могуць самахоць з аружжам у руках падымацца проці сваіх непрыяцеляў. Паказалі гэта ясна сялянскія беларускія паўстаньні проці бальшавікоў.

Паўстаньні ў Смаленшчыне, каля Воршы, ў Случчынне, паўстаньні «зялёных» у Дзісеншчне, Браслаўшчыне (Браслаўскі – начай Новаалександраўскі павет Ковенскай губ., дзе беларусы паднялі паўстаньне проці бальшавікоў на чале з беларускімі дзеячамі капітанам Бондар-Нарушэвічам і унтэр-афіцэрам Пётрам Гірдзюком,) кажуць самі за сябе.

Касцяк Першага Беларускага партызанскага аддзела на чале з Лукашам Сяменікам (у цэнтры). Па правую руку ад яго – Юрка Моніч. За атаманам – Васіль Муха. Вёска Вялікае Стахава, 1919 г.
Каляровая версія фотаздымка паўстанцаў Першага Беларускага партызанскага аддзела.

Найбалей ведамым і жывучым стаў беларускі паўстанскі аддзел Сяменіка, слава аб каторым разышлася на вялікае прасторы трох губэрняў Менскае, Магілёўскае і Віцебскае. Камандзер гэнага аддзелу, Лукаш Сяменік, родам з Барысаўскага павету, Халопенецкае воласьці, вёскі Траянаўка, дзе яго бацька ёсць сярэдняй заможнасці беларускі гаспадар на 6-х дзесяцінах зямлі.

Паўстанская дзейнасьць Сяменіка пачалася ў 1918 г., калі яго родныя мясцовасьці занялі немцы і там пачаўся зьдзек над сялянамі. Тады Сяменік пачаў арганізоўваць паўстаньне сялян проці немцаў. Сяляне падгатаўляліся ідэйна і ім раздавалася, зьбіранае паўсюль, тайком аружжа. Напады на нямецкія каманды былі частые.

Сапраўднае ж паўстаньне проці немцаў узьнялося ў пачатку жніўня 1918 г. ў раёне ад Сянно, Магіл, ў Лісічынскай, Халопенецкай і Зачысьценскай воласьці да вёскі Пупелічы. Бальшавікі, каторые перад гэтым дайшлі ўгоды з немцамі, былі проціў гэтага паўстаньня і памаглі яго немцам задушыць, паслаўшы ззаду на Сяменіка броневікі. Паўстанцы былі разьбітыя і немцы, спаганяючы злосьць, спалілі вёску Слабодку, Халопенецкай вол. і Пупелічы, Зачысьц. воласьці. Сяменік мусіў хавацца.

Пасьля адыходу немцаў і да прыходу бальшавікоў сяляне Халопенецкае вол. абралі Сяменіка Халопенецкім ваенным камісарам. Як прыйшлі ў Халопенецкую в. бальшавікі, яны, будучы нязгоднымі з кірункам Сяменіка, яго арыштавалі і пасадзілі ў барысаўскую турму, адкуль потым перавялі ў Менскую турму.

Ня гледзячы на пастановы аб асвабаджэньні сходаў сялян, каторые любілі Сяменіка, як свайго героя, абароньніка, Сяменік усё ж такі ня быў выпушчаны. 27 мая 1919 г. яго з Менскае турмы перасылалі ў барысаўскую. Па дарозе Сяменік ўцёк. У Барысаве галоўны бальшавіцкі рэвалюцыйны трыбунал завочна прысудзіў яму кару сьмерці.

Супольнае фота паўстанцаў Лукаша Сяменіка з польскімі вайскоўцамі. Вялікае Стахава, 1919 г.

Уцёкшы, Сяменік з людзей, каторые ня хочучы ісьці ў чырвоную армію, ўцякалі ў лясы, арганізаваў паўстанскі «зялёны» аддзел і стаў у задох нападаць на бальшавікоў. Ў гэтым часе ён захапіў у бальшавікоў тры воласьці: Халопенецкую, Красналуцкую, і Зачысьценскую, дзе забраў ўсю бальшавіцкую маёмасьць, паміж іншым шмат тэлефонных апаратаў. Бальшавікі, спалохаўшыся, паслалі туды большыя сілы і «зялёныя» Сяменіка ізноў адышлі ў лясы.

З часам як польскае войско падышло пад Барысаў, Сяменік паслаў да польскае каманды свайго дэлегата і, ведаючы добра мясцовасьць, свой аддзел разам з 3-м польскім уланскім палком завёў пад Прыяміно ў зад бальшавіком. Абойдзеные, бальшавікі барджэй пачалі ўцякаць з Барысава.

Пасьля гэтага аддзел Сяменіка ўвесь час аставаўся на фронце. Харчы сабе і вопратку аддзел прымушаны быў здабываць ад бальшавікоў сам. Пры гэтым розную ваенную здабычу, захопленую ў непрыяцеля, ён павінен быў перадаваць польскай ваеннай уладзе. Ў верасьні летась польская ваенная ўлада пачала выдаваць для аддзела Сяменіка харчы, хоць як кажуць, неакуратна, але вопратка і абуцьце не выдаваліся і героі Сяменіка ажно да апошняга часу хадзілі ў парванай вопратцы і блізу босые.

Нястача ёміны, харчоў, і труднасьць дастаць вопратку і абуцьце, а так сама доўгае быцьце на пазыцыі былі прычынаю пошасьці тыфусу, на каторы пачалі хварэць у аддзеле Сяменіка летась у апошніх днёх лістапада, і аддзел быў адведзены ў зад у м. Смолевічы. Ў апошні час польская вайсковая ўлада як належыць ацаніла Сяменіка і яго аддзелы. Загадана выдаваць аддзелу акуратна ёміну, пэнсію, і выдаваць абмундыраваньне. Разам з гэтым Сяменіку даручана на фронце дзяржаць разьведку і дазволена пашыраць далей свой аддзел, прыймаючы ў яго самахвотнікаў».

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях