20 апреля 2024, суббота, 7:05
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Нечаканыя факты пра слуцкага паўстанца Юрку Лістапада

Нечаканыя факты пра слуцкага паўстанца Юрку Лістапада

Адзіным законным беларускім урадам лічыў урад БНР на чале з Ластоўскім.

7 красавіка — 121 год з дня нараджэньня выдатнага беларускага культурніцкага дзеяча, пэдагога і слуцкага паўстанца Юркі Лістапада. «Лістападаўскі працэс» у 1925–26 гг., дзе ён фігураваў як галоўны вораг савецкага ладу, быў першым вялікім палітычным працэсам у БССР, піша для «Радыё Свабода» Васіль Дранько-Майсюк.

У судзе пра сябе казаў: «Працую дзень і ноч, каб больш адчыніць беларускіх школ. Я не баюся кары (...), упэўнены, што хоць празь дзесяць год калі ня я сам, то рабочыя, сяляне і служачыя дакажуць, што Лістапад не вінаваты, што Лістапад адпакутаваў ні за што...»

1. Выдатна валодаў аўдыторыяй

За адну прамову мог загітаваць сялян адкрываць беларускія школы. У лісьце да Сымона Рак-Міхайлоўскага пісаў: «...Пабываў у дзьвёх вёсках на бацькоўскіх сходах і вытлумачыў ім добра пра школьную справу, дык яны, усе як адзін, згадзіліся адчыніць беларускую школу... у дзьвёх вёсках. (...) Я на кожным шагу тлумачу пра Беларускую Школьную справу і з усіх бакоў чую прыхільнасьць і прыемнасьць...»

Сымон Рак-Міхайлоўскі.

2. Адзіным законным беларускім урадам лічыў урад БНР на чале з Ластоўскім

«...Адзіным правамоцным дзяржаўным Урадам БНР трэба лічыць Урад на чале з В. Ластоўскім. Уселякіе іншые трэба лічыць самазванымі і здраднымі».

Вацлаў Ластоўскі

3. Падчас «лістападаўскага працэсу» прасіў пракурора разабрацца з паклёпамі газэты «Савецкая Беларусь»

«У гэтым артыкуле [„Ліквідацыя контр-рэвалюцыйнай групы ў Слуцкай і Менскай акругах“ — В. Дэ Эм.] сабраны ўвесь бруд і памыі контр-рэвалюцыі, якія толькі былі на абшарах Б.С.С.Р. і перад чэстным грамадзянствам бессаромна выліты на маю голаў. (...) ...Маю гонар прасіць пракурора Б.С.С.Р. высьвятліць запраўдную ісціну».

4. Абражаўся, калі ў савецкай прэсе перакручвалі ягонае імя і называлі «нейкім Лістападам»

У польскай турме. Малюнак Францішка Аляхновіча

«У артыкуле гаворыцца: „ДПУ удалося напасьці на сьлед контр-рэвалюцыйнай арганізацыі, каторая згрупавалася наўкола Слуцкага выкладчыка беларускай мовы некага Лістапада“. Я, Юры Лістапад, а не Рыгор, як сказана ў артыкуле (...) вядомы цалай Арміі настаўніцтва Б.С.С.Р., тысячам вучняў і грамадзянству... ня нейкі прыблуда, а дасканальна вядомы настаўнік Беларусазнаўца, які далучыў да роднае мовы не адну тысячу вучняў і не адну сотню настаўнікаў».

5. Яго, слуцкага паўстанца, ратаваў брат-чырвонаармеец

«...Перайшоў граніцу, ня маючы ня толькі капейкі, але нават з перапалоху згубіў кусок чорнага хлеба (...) Па суду за пераход граніцы заплаціў 50 руб. штрафу. Не я заплаціў, а заплаціў за мяне брат Цімафей, каторы служыў у той час у Чырвонай Арміі на пасадзе шаўца...»

6. Яму прапаноўвалі вярнуцца ў Варшаву і стаць агентам ГПУ

Юрка Лістапад з жонкай

Юрка Лістапад расказваў жонцы, як улетку 1933 году «два таварышы ў штацкім» запрасілі яго ў рэстарацыю гатэлю «Эўропа» і прапаноўвалі пераехаць у Варшаву «пабачыцца са старымі знаёмымі», каб затым паведамляць органам цікавую інфармацыю. Лістапад на супрацу не пайшоў і ўвосень 1933 г. быў арыштаваны другі раз.

7. Падчас катаваньняў быў вымушаны абгаварыць Дварчаніна

Ігнат Дварчанін

Паводле гісторыка Сымона Скаруліса, Лістапад «прама паказвае на тое, што летам 1933 года пры сустрэчы з Дварчаніным той прапанаваў Лістападу стварыць баявы атрад, які ў любы момант мог выступіць на барацьбу з Савецкай уладай» і піша: «Признаю себя виновным во всех совершенных преступлениях и прошу наказать... самым беспощадным, уничтожающим... наказанием. Но если Советская власть оставит мне жизнь, обещаю беспощадно бороться с контрреволюцией, идя в ногу с органами ОГПУ...»

8. Будучы ў сталінскіх лягерах, казаў, што бяз толку даваць сваю справу на перагляд

Агент «Смигла» даносіў, што «з/к Листопад 13.11.36 г. в разговоре по поводу подачи заявления о пересмотре дела заявил: «Можно только подавать заявления, а не освобождаться. Не верьте никому, это чепуха, обман для успокоения и поднятия духа людей, чтобы лучше работали».

9. Лічыў, што Расея ня будзе доўга існаваць

Адзін зь лягерных стукачоў запісаў у 1936 г. такія Лістападавы словы: «Если разбита Испания, то Франция и Германия тоже не будут дружить, заберут себе Украину. Да из всего видно, что России долго не существовать, по процессам видно, что везде и всюду идет подготовка сдать Россию в руки капитализма. И разве в силах будут бороться коммунисты, когда на каждом шагу измена за изменой?»

10. Прадбачыў напад Германіі на СССР

Паводе гісторыка Скаруліса, яшчэ ў сярэдзіне 30-х «...Лістапад у гутарцы са сваімі таварышамі па няшчасьці гаварыў пра верагоднасьць абʼяднаньня Японіі, Германіі і Італіі з мэтай раптоўнага нападу на СССР, дапускаў магчымасьць перамогі над бальшавікамі, калі даведаўся пра расстрэл 8 камандармаў».

11. Адкрыта называў сталінскі лад «тэрарыстычнай дыктатурай»

Зьняволеныя на будаўніцтве Беламорканалу

Лягерныя стукачы даносілі, што дзяржаўны лад СССР ён характарызаваў як «террористическую диктатуру», палітычныя працэсы як «провакационные инсценировки». Гаварыў, што «Россия 30-х годов 20 века побила рекорд в области деспотизма и гнета, выполнения диктаторской воли одного человека, не сменяемого и не перед кем не отвечающего за свое варварство».

12. Не хаваючыся казаў, што ўсе вялікія савецкія будоўлі стаяць на касьцях сталінскіх вязьняў

«Советская власть все большие стройки проводит на бесплатном труде заключенных..., они... построены на костях заключенных, на ветке БАМ — Тында нет столько шпал, сколько погибло заключенных».

13. Выступаў супраць закону, паводле якога за дзяржаўныя злачынствы можна караць да 25 гадоў

«Такой закон может быть только при Советской власти, т. к. ни в одной капиталистической стране такого закона нет, это по сути является пожизненной каторгой».

14. Напачатку «лістападаўскага» працэсу (сакавік 1926 г.) за яго спрабуюць заступіцца настаўнікі, але затым выракаюцца

Партрэт Зьмітра Жылуновіча на сымбалічным месцы пахаваньня ў Магілёве

Гісторык Скаруліс піша: «За Лістапада спрабуюць заступіцца настаўнікі 3-й слуцкай сямігодкі, ёсьць хадайніцтва Слуцкага акруговага праўленьня асьветы Слуцкіх агульнаадукацыйных курсаў. Але калі пачаўся суд, зьяўляецца рэзалюцыя калектыву тых жа курсаў, які лічыць „неабходным камандзіраваць свайго прадстаўніка, каб заявіць суду ўсю праўду, якую Лістапад хоча замазаць перад тварам пралятарскага суда, каб зьмякчыць сваю заслужаную кару (...), слухачы курсаў рашуча адмяжоўваюцца ад контр-рэвалюцыйнай групы „лістападаўцаў“ і патрабуюць суровай кары вінаваўцам“.

15. Супраць яго сьведчылі Зьміцер Жылуновіч і Максім Гарэцкі

Максім Гарэцкі

На судзе, прысьвечаным „лістападаўцам“, Жылуновіч казаў: „...для мяне вiдавочнай зьяўляецца белагвардзейска-кулацкая сутнасць лiстападаўшчыны. Як вядома, сам Лiстапад адыграў значную ролю ў дапамозе чыннасьцi паўстанцаў, мэтаю якiх было не дапусьцiць у Случчыну Чырвонай Армii i Савецкай улады, стварыўшы праз паўстаньне гэтак званую „вольную незалежную Беларусь“. Зьмест улётак змоўшчыкаў я знаходжу контррэвалюцыйным i пагромным...“. Максім Гарэцкі дадае: „...калі Лістапад перайшоў у лягер Аляксюка, я перастаў з ім вітацца“.

16. На „лістападаўскім“ працэсе яго імкнуліся ператварыць у алькаголіка, агента дэфэнзывы і злодзея

З паказаньняў»: «...у Лістапада грошай было няшмат, бо ён любў выпіваць (...) Лістапад добра знаўся з польскімі жандарамі і сышчыкамі, прычым з адным сышчыкам у Вільні жыў праз пакой і часта гэтаму „суседу“ (...) чытаў свае творы і зь ім баляваў (...) Рак-Міхайлоўскі... параіў... быць асьцярожным з Лістападам — трымацца далей ад яго»; «калісьці быў камсамольцам, але яго выключылі за пакражу нейкіх кніжак».

17. Арыштаваныя вучні Лістапада выгароджвалі свайго настаўніка

На працэсе «лістападаўцаў» ягоныя вучні ўсяляк стараліся паказаць, што іхны настаўнік не вінаваты. На гэта зьвярнуў увагу «грамадзкі абвініцель Акулік», які адзначыў: «...усе падсудныя... як мага імкнуцца выгарадзіць яго (...) ...Уся арганізацыя імкнецца даказаць, што Лістапад стаіць у баку...»

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях