29 марта 2024, пятница, 11:22
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Каралеўскі замак у Горадні рэканструююць з пэрфаратарам

5
Каралеўскі замак у Горадні рэканструююць з пэрфаратарам
Фота: RFE/RL

На вачах у гарадзенцаў будаўнікі разьбіраюць каралеўскую рэзыдэнцыю, якую можна параўнаць з кракаўскім Вавэлем, і ніхто нічога ня можа зрабіць.

Што адбываецца з тысячагадовым замкам, «Радыё Свабода» тлумачыць для тых, хто ня ў тэме.

1. Хто гэтыя мужчыны зь пэрфаратарамі і што яны робяць?

Гэта будаўнікі арганізацыі «Гроднажылбуд», якая спэцыялізуецца на пабудове жылых шматпавярховікаў. Яны пашыраюць вокны на другім паверсе брамы пры ўваходзе ў Стары замак. Папраўдзе яны разьбіраюць частку сьцяны XVII стагодзьдзя. Дагэтуль рабочыя зьнялі частку галерэі таго ж часу.

2. Калі гэта ўсё пачалося?

Тысячу год таму, калі замак толькі ўзьнік. Яго значна перабудоўвалі пяць разоў. Князь Вітаўт і кароль Стэфан Баторый — ягоныя самыя вядомыя гаспадары і рэканструктары. Сучаснае гучнае імя ў справе аднаўленьня — Уладзімер Бачкоў.

Стары замак аднаўлялі Вітаўт, Стэфан Баторый і Уладзімер Бачкоў

3. Навошта ўвогуле трэба было чапаць замак цяпер?

Апошні рамонт замак перажыў адразу пасьля Другой сусьветнай вайны. Трыццаць год таму менскі архітэктар Уладзімер Бачкоў прапанаваў аднавіць замак у выглядзе, якім ён быў пры Стэфану Баторыю (XVI стагодзьдзе).

Эскізы рэканструкцыі чакалі да 2015 года, ажно ў адной з залаў замка правалілася падлога, і адкладаць ужо ня было куды.

Апошні рамонт замак перажыў пасьля Другой сусьветнай вайны

4. Што ўжо зроблена?

Замак быў настолькі вялікі, што яго аднаўленьне вырашылі разьбіць на тры этапы. Цяпер ідзе першы зь іх, які ўключае ўязную браму, галерэю і сярэднюю вежу.

Першая чарга праекту ўключае ўязную браму, галерэю і сярэднюю вежу над Нёманам

У 2015 годзе са сьценаў звонку зьбілі тынкоўку, каб дасьледаваць муроўку. На большае не хапіла грошаў. Так пабудова стаяла два гады.

У 2015 годзе са сьценаў звонку зьбілі тынкоўку

Напрыканцы 2017 года ўзнавіліся археалягічныя працы на замкавым двары. Зь цікавых знаходак: шахматная ладзьдзя і цэгла з калюмнамі Вітаўта. У замкавую гару сталі ўводзіць палі, на якіх паўстане частка адноўленага будынка.

Разабралі верхні ўзровень старых муроў з боку Нёмана. З самога замку зьнялі дах, часткова разабралі сьцены.

5. Што з рэканструкцыяй ня так?

Праект Бачкова ўсіх задавальняў, пакуль за архіўныя дакумэнты па Старым замку ня ўзяўся гісторык з Акадэміі навук Мікола Волкаў. Ён прачытаў інвэнтары па-іншаму і знайшоў шэраг памылак у праекце.

Волкаў упэўнены, што Бачкоў дадаў лішні паверх у дзьве вежы. Гэта адбылося з-за таго, што немцы і палякі, якія дасьледавалі замак, па-іншаму адлічваюць паверхі будынкаў, чым беларусы.

Гісторыкі мяркуюць, што ў праекце памыліліся з паверхамі і будынкамі

Гісторык настойвае, што навуковы кіраўнік прыдумаў вялікую камяніцу каля вежы над Нёманам. Яе ніколі не было. Ды і археолягі не знайшлі ейных падмуркаў.

Волкаў неаднаразова заяўляў пра знойдзеныя памылкі, за лёс замка перажывалі нават польскія ўлады, але ўнесьці зьмены ў праект не атрымалася. Праект прайшоў усе ўзгадненьні і экспэртызы.

6. Што яшчэ разьбяруць і навошта?

Нікому з зацікаўленых актывістаў і гісторыкаў не даюць паглядзець канчатковы праект. Таму адказу ніхто ня ведае.

Горадзенскі краязнаўца і гісторык Мечыслаў Супрон мяркуе, што разьбіраюць усе надбудовы, якія зьявіліся пазьней за XVI стагодзьдзе. Але інфармацыя, дзе дакладна заканчваецца адно стагодзьдзе і пачынаецца іншае, таксама толькі ў руках архітэктараў. У грамадзкасьці да дакумэнтаў няма доступу. Вядома таксама, што гэтыя дасьледаваньні сьценаў праводзілі не прафэсіяналы ў гэтай галіне. Зрэшты, іх у Беларусі і няма.

З галерэі ўжо зьнялі верхні ўзровень

Імаверна, гэтыя фрагмэнты прызнаныя аварыйнымі. Іх заменяць на сучасныя. Гісторыкі асьцерагаюцца, што ўмацаваньне робіцца для таго, каб надбудаваць лішнія паверхі, да прыкладу, у той жа галерэі.

7. Было б што шкадаваць. Ці ж у Беларусі мала замкаў?

Такі, як у Горадні, — адзіны. Замкі ў Міры і Нясьвежы лепей захаваліся, але яны належалі ўсяго толькі тагачасным «алігархам» — магнатам, кажа Мечыслаў Супрон.

Горадзенскі замак — каралеўскі. Гэта адзіная захаваная каралеўская рэзыдэнцыя часоў Рэчы Паспалітай пасьля кракаўскага Вавэлю. Яна важная з пункту гледжаньня падзей і людзей. Тут гаспадарылі Вітаўт, Баторый, дынастыя Вазаў. Праходзіў кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай. Гэты замак значны ня толькі для сучаснай Беларусі, але і для Польшчы, і для Літвы.

Так мае выглядаць Стары замак пасьля рэканструкцыі з боку ракі Нёман

Да таго ж, гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе такі багаты археалягічны слой — у 8 мэтраў глыбіні. Калі забівалі палі на глыбіню 20-30 мэтраў, з тэрыторыі вывезьлі на сьметнік сотні недасьледаваных кубоў гістарычных слаёў.

8. Як можна было зрабіць па-добраму?

Мечыслаў Супрон мяркуе, што варта было б пайсьці эўрапейскім шляхам і максымальна захаваць напластаваньні розных пэрыядаў да ХІХ стагодзьдзя. Узорам можа служыць замак у Варшаве, дзе аднавілі адразу чатыры пэрыяды: готыку, рэнэсанс, барока, клясыцызм.

Па ягонай думцы, перад прыняцьцем рашэньня па праекце трэба было сабраць круглы стол разам з замежнымі адмыслоўцамі і прадстаўнікамі грамадзкасьці.

Выконваць працы на такім унікальным аб’екце мусяць рэстаўратары, а не будаўнікі панэльных дамоў. Разьбіраць цэглу пры неабходнасьці трэба без ужываньня электраінструмэнтаў, як пэрфаратары.

Працы на ўнікальным аб’екце вядуць будаўнікі, а не рэстаўратары

«Бяда сучасных гісторыкаў у тым, што мы не нарадзіліся год на дзесяць раней. Старым замкам ніхто шчыльна не займаўся. А калі спахапіліся, давялося толькі сьцьвердзіць факт памылак, а паўплываць на рэканструкцыю ўжо цяжка», — кажа Мечыслаў Супрон.

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях