19 апреля 2024, пятница, 9:41
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Падабенства і адрозненне

2
Падабенства і адрозненне
Фота: Сяргей Законнікаў

На халяву лепшае жыццё не прыходзіць, за яго трэба змагацца.

Падзеі, якія адбываюцца ў Арменіі, хоць іх стараецца замоўчваць або трактаваць на свой капыл беларуская і расійская прапаганда, маюць вялікае выхаваўчае значэнне для постсавецкіх народаў. Асабліва патрэбны гэты палітычны вопыт грамадствам, што трапілі ў пастку аўтарытарызму.

Даволі часта сустракаючыся з армянскімі пісьменнікамі, журналістамі, палітолагамі, я стараўся даведацца як мага больш пра мінулае і сучаснае жыццё горнай краіны. Мяне цікавіла ўсё, што на працягу доўгай гісторыі ўплывала на менталітэт шматпакутнага і адначасова гордага, нязломнага народа. Параўноўваў беларусаў і армян, высвятляў, у чым выяўляюцца наша падабенства і адрозненне.

Знаходжанне пад жорсткім уціскам у характары народаў адбіваецца па-рознаму. Армяне ў старажытнасці часта самі вялі заваёвы, але апошнім часам ім даводзілася фізічна выжываць, каб не знікнуць з абсягу планеты. Пра тое, праз якія пакуты яны прайшлі ў канцы ХІХ і ў пачатку ХХ стагоддзяў, сведчыць двухтомнік «Геноцид армян в Османской империи (сборник документов и материалов)», выдадзены ў Ерэване ў 1966 годзе. У ім два раздзелы: «Избиение армян при султане Абдул Гамиде (1876 — 1908)» і «Массовая резня армян младотурками (1909 — 1918)».

Мне даводзілася чытаць розную літаратуру, у тым ліку і трагічную, але гэтыя тэксты сапраўды пераварочваюць душу, раздзіраюць сэрца болем. Рука нямее, не хоча цытаваць, раблю выпіскі толькі для таго, каб было зразумела, які народ узняўся на змаганне за сваю годнасць.

У прадмове сказана: «Каково общее число погибших армян? Подробное изучение вопроса не оставляет сомнений в том, что в годы господства султана Абдул Гамида погибло около трехсот тысяч, в период правления младотурок — полтора миллиона человек. Примерно 800 тысяч беженцев нашли убежище на Кавказе, Арабском Востоке и в других странах. Показательно, что если в 1870-х годах в Западной Армении и вообще по всей Турецкой империи проживало более трех миллионов армян, то в 1918 году — всего 200 тысяч».

Французскі місіянер паведамляе: «Палачи жонглировали недавно отрезанными головами и даже на глазах у родителей подкидывали маленьких детей и ловили их на кончики своего тесака». На кожнай старонцы жахлівыя факты: «Большинство деревень Хизана разграблено и подвергнуто избиению. Изнасилованы девицы и женщины, и множество семейств обращено силой в магометанство. Церкви ограблены, святыни осквернены, настоятели монастырей Сурб-Хача и Камагиеля умерли в ужасных пытках…» Сведкі расказваюць, што «некоторые жертвы подвергаются целому ряду пыток, производящихся с таким безупречным искусством, чтобы дольше продлить жизнь мученика и тем самым продлить свое удовольствие: их калечат медленно, размеренно, выдергивая у них ногти, ломая им пальцы, татуируя тело раскаленным железом, снимают с черепа скальп, под конец его превращают в кашу, которую бросают на корм собакам».

Сёння на тэрыторыі краіны жыве менш армян, чым за мяжой. Але яны не сышлі ў эміграцыю, а ратаваліся ад генацыду, ад «крывых нажоў». Дарэчы, дыяспара аказвае значную дапамогу Арменіі, што я ведаю па сустрэчах у Францыі, Германіі і ЗША...

У чым жа наша падабенства? Якраз у жахлівых пакутах, вялікіх людскіх ахвярах, масавым бежанстве. Беларусы маюць сваю трагічную кнігу «Я — з вогненнай вёскі», якая ўражвае садысцкай бязлітаснасцю нямецкіх фашыстаў, бо падчас другой сусветнай бойні страчаны кожны трэці жыхар рэспублікі. Выжыць двум народам праз усю складаную гісторыю дапамагалі ўласцівыя ім цярплівасць, працавітасць, узаемавыручка. Відаць, на гэтым падабенства і заканчваецца, а пачынаецца адрозненне.

У Арменіі 90% насельніцтва — прадстаўнікі тытульнай нацыі. Але не толькі маналітнасць дапамагае рашаць сучасныя праблемы. З пакутаў яны выйшлі загартаванымі, згуртаванымі, дзейснымі, з высокай культурай чалавечых стасункаў. Армяне не страцілі выдатныя народныя традыцыі стаўлення да дзяцей і старых, да хлеба і песні. Сам прыродны ландшафт, гісторыя, родная мова (паўтары тысячы гадоў армянскі алфавіт не мяняўся!), культура, навука, архітэктура мацуюць фізічныя і маральныя сілы людзей. Тут адчуваецца сувязь часоў, няма разрыву паміж мінулым, сучасным і будучым. Нацыянальным духам наскрозь прасякнута ўсё грамадства. Сілавыя структуры — не выключэнне. Армянін у форме не сем, а сто разоў падумае: ці трэба ўжываць супраць суайчыннікаў вадамёт, дубінку або зброю?

Армяне ўдзельнічаюць у палітыцы, крытычна ўспрымаюць афіцыйную прапаганду, прасейваюць інфармацыю, адвяваючы дэмагогію, фальш і хлусню ад праўды, як ад зерня — мякіну. У Арменіі ўлада і апазіцыя размаўляюць, паміж імі ідуць дэбаты. Калі ўзнікаюць вострыя праблемы, часта праводзяцца пратэстныя маніфестацыі, з якімі чыноўнікі вымушаны мірыцца.

У Арменіі ёсць напрацаваная палітычная культура. Маючы на ўвазе 30-гадовыя карабахскія праблемы, расійскі палітолаг Г. Паўлоўскі заўважыў: «Главное отличие армянских протестов в том, что стороны конфликта ведут себя политически мудро, как сильные вооруженные люди». І даў дакладную характарыстыку падзеям: «Конституционная революция с опорой на граждан».

Беларускім грамадзянам якраз рэвалюцыйнага рамантызму, барацьбы за ідэю цяпер не стае, яны, нібы правіцель, які зацыклены на расійскіх падачках, замежных пазыках, шукаюць толькі выгоды. Але на халяву лепшае жыццё не прыходзіць, за яго трэба змагацца.

Наша краіна таксама монанацыянальная, бо 84% насельніцтва лічаць сябе беларусамі. Але так, як армян, выпрабаванні і ахвярнасць нас не з’ядналі. Пры ўсёй павазе да айчыннай гісторыі і ўдзячнасці гераічным продкам за слаўныя выявы выключнай смеласці і мужнасці (паўстанні за волю, войны за незалежнасць), мы не маем вынікаў у развіцці. У нас няма ні нацыянальнай, ні грамадзянскай згуртаванасці і актыўнасці, а таму разважанні пра нацыю маюць пакуль што больш тэарэтычны, чым практычны, прыкладны характар. Насельніцтва Беларусі ўшчэнт дэнацыяналізаванае (грэблівае стаўленне да роднай мовы, культуры, гісторыі), запалоханае.

Дзяржаўнасць у Беларусі ўпёрлася ў адно прозвішча. Дайшло да смешнага. Калі ў грамадзян узнікаюць пытанні або скаргі, то афіцыйныя прадстаўнікі дзяржавы — ад прадаўца ў магазіне ці аптэцы да чыноўніка —злосна пасылаюць іх наверх: «Усе прэтэнзіі — да Лукашэнкі!».

Выйсці з закасцянелага аўтарытарызму дэмакратычным шляхам — праз удзел у выбарчым працэсе — немагчыма. Застаюцца мірныя вулічныя пратэсты.

Сусветна вядомы рок-музыкант, спявак Серж Танкян, які прыляцеў з ЗША, сказаў на плошчы ў Ерэване: «На працягу многіх гадоў свет ведаў нас па генацыду, землятрусу і вайне. Але цяпер гэтым рухам вы паднялі рэйтынг усяго армянскага народа... Я веру, што гэта па-сапраўднаму!»

Лічу паказальнай заўвагу ўдзельніка маніфестацыі: «…Армяне как первые в мире христианство приняли, так первые мирно уйдут в свободу!»

Мне так хочацца, каб хоць у аднаго народа, з тых, якія надоўга трапілі ў аўтарытарную пастку, усё атрымалася па-сапраўднаму.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях