16 апреля 2024, вторник, 18:47
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Новы амбасадар Польшчы выступіў зь першай публічнай прамовай па-беларуску

1
Новы амбасадар Польшчы выступіў зь першай публічнай прамовай па-беларуску
Артур Міхальскі і Эльжбета Смулкова
Фота: svaboda.org

Артур Міхальскі выступіў на навуковай канфэрэнцыі «Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі».

«Мне надзвычай прыемна быць сярод людзей, якія любяць і шануюць сваю мову, культуру, якія памятаюць наша агульнае мінулае. Быць сярод тых, хто хоча, каб палякі і беларусы жылі ў атмасфэры сяброўства і добрасуседзтва», — сказаў нядаўна прызначаны амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі ў сваім першым публічным выступе на новай пасадзе, перадае «Радыё Свабода».

Артур Міхальскі выступіў зь вітальным словам на традыцыйнай міжнароднай навуковай канфэрэнцыі «Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі», якая пачалася ў Менску.

У апошнія гады Міхальскі быў дырэктарам Усходняга дэпартамэнту МЗС Польшчы, а да гэтага працаваў польскім амбасадарам у Малдове. Папярэдні амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік завяршыў сваю місію сёлета 31 студзеня.

Амбасадар Міхальскі яшчэ не ўручыў даверчую грамату Лукашэнку, гэтая цырымонія мае адбыцца на пачатку наступнага тыдня. Адпаведна, без афіцыйнай акрэдытацыі мае пэўныя абмежаваньні ў дыпляматычнай дзейнасьці, таму ўстрымліваецца ад інтэрвію.

Прэзыдыюм навуковай канфэрэнцыі

Новы амбасадар хоча быць годным наступнікам Смулковай

Артур Міхальскі прызнаўся, што толькі пачынае ўнікаць у беларускія справы, але выказаў спадзяваньне, што стане годным наступнікам першай амбасадаркі Польшчы ў незалежнай Беларусі Эльжбеты Смулковай (яна адна з удзельніц навуковай канфэрэнцыі, якая адкрылася ў Менску). І першай справай Міхальскі хоча вывучыць беларускую мову. Частку сваёй прамовы ён сказаў па-беларуску.

Артур Міхальскі выступае зь вітальным словам

«Чым больш мы ведаем культуру, гісторыю, традыцыі суседняга народу, тым больш паважаем сябе», — заявіў амбасадар Міхальскі.

Яго падтрымаў старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алесь Суша. Паводле яго, беларуска-польскія дачыненьні ў навуковай сфэры могуць быць узорам для ўсіх іншых — палітычнай, эканамічнай, камэрцыйнай.

Мовазнаўца, акадэмік НАН Аляксандар Лукашанец выказаў задаволенасьць двухбаковымі дачыненьнямі: «Нас яднае працяглы і глыбокі пласт агульнай гісторыі, які ня можа ігнаравацца».

Трохдзённая канфэрэнцыя ўрачыста распачалася 21 чэрвеня на філялягічным факультэце Белдзяржунівэрсытэту і працягнецца ў сэкцыях. У яе працы бяруць удзел аўтарытэтныя навукоўцы-беларусісты з Польшчы і іхныя беларускія калегі.

У рамках канфэрэнцыі 21 чэрвеня ў Інстытуце мовазнаўства НАН пройдзе круглы стол, на якім упершыню ў Менску ўшануюць польскіх дасьледчыкаў Беларусі Антаніну Абрэмбску-Яблонску (1901— 1904), якая была фактычна стваральніцай польскай беларусістыкі ў Акадэміі навук Польшчы і Варшаўскім унівэрсытэце, а таксама яе брата этнасацыёляга Юзафа Абрэмбскага (1905–1967), які вывучаў беларускае Палесьсе ў міжваенны пэрыяд і напісаў шэраг кніг па выніках сваіх экспэдыцый.

Польскія і беларускія ўдзельнікі канфэрэнцыі: Артур Міхальскі, Эльжбета Смулкова, Ірына Багдановіч і Павал Навойчык (зьлева направа)

Намесьнік дэкана ў навуковай працы філфаку БДУ Павал Навойчык як гаспадар дыскусійнай пляцоўкі сказаў, што для філфаку вялікі гонар прымаць падобны форум, і выказаў спадзяваньне на працяглыя і плённыя дачыненьні з польскімі калегамі.

«Патрон» канфэрэнцыі — паэт Адам Міцкевіч. Як ніхто іншы ён аб’ядноўвае два братэрскія народы, адзначылі арганізатары: народжаны на беларускай зямлі, захоплены беларуска-літоўскай гісторыяй і выхаваны ў рэчышчы польскай культуры.

Паколькі неўзабаве будзе адзначацца 220-годзьдзе з дня яго нараджэньня, 22 чэрвеня ўдзельнікі канфэрэнцыі выправяцца на радзіму Міцкевіча ў фальварак Завосьсе, што ў Баранавіцкім раёне.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях