29 марта 2024, пятница, 12:51
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Нашчадкам застануцца анекдоты

3
Нашчадкам застануцца анекдоты

Пры такім працяглым знаходжанні ва ўладзе Лукашэнка проста аброс показкамі — як у свой час Брэжнеў.

На гэтым тыдні мінула 24 гады з таго часу, як Лукашэнка быў абраны кіраўніком Беларусі. Амаль чвэрць стагоддзя — гэта нават забагата для таго, каб выканаць любыя перадвыбарчыя абяцанкі.

Калі ўзгадаць перадвыбарчую праграму Аляксандра Лукашэнкі 1994 года, то яна ставіла ўсяго тры мэты. На першым месцы было «прыярытэтнае рашэнне праблем эканомікі і сацыяльнай сферы — спыненне росту коштаў і збяднення насельніцтва, рух грамадства ад бездані развалу і сацыяльнага выбуху да стабільнасці і прагрэсу». Другое — «барацьба з карупцыяй, разгром мафіёзных структур, кіруючых у дзяржаве». І «аднаўленне на раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове бяздарна знішчаных сувязяў з дзяржавамі, якія ўваходзілі ў склад СССР, перш за ўсё з Расіяй і Украінай».

За амаль чвэрць стагоддзя нельга сказаць, што мэты канчаткова выкананыя. Пра «спыненне неабгрунтаванага росту коштаў» Лукашэнка згадвае перыядычна — звычайна, пад Новы год. Што да збяднення насельніцтва, то паводле дадзеных інстытута BEROS, за рысай абсалютнай беднасці ў нас жыве 29% насельніцтва. А паводле Белстата, 6% беларусаў выжываюць на 100 рублёў у месяц. У рэгіёнах нармальным лічыцца заробак у 300–400 рублёў, а гэта 150–200 долараў па існуючым курсе.

«Рух грамадства ад бездані развалу і сацыяльнага выбуху да стабільнасці і прагрэсу» мы бачылі нядаўна на свае вочы, у выглядзе шматлюдных пратэстаў «дармаедаў», справакаваных, найперш, самой уладай.

Барацьба з карупцыяй і разгром мафіёзных структур, на думку назіральнікаў, у Сінявокай нагадваюць рыбалку на тэлеканале National Geographic: «Злавілі, паказалі па тэлебачанні, адпусцілі». Зараз разгортваецца магутная карупцыйная справа ў медыцыне. Не менш скандальнымі з’яўляюцца памілаванні карупцыянераў і прызначэнні іх жа на кіроўныя пасады ў дзяржпрадпрыемствах.

Але, калі глядзець на барацьбу з карупцыяй, усё ж ёсць падставы для аптымізму. Станіслава Шушкевіча ў свой час адставілі за скрыню цвікоў. Зараз памочнік Лукашэнкі, інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка быў затрыманы за хабар у 200 тысяч долараў. На гэтыя грошы ён мог бы зараз (у сярэднім) набыць 10 тысяч (!!!) скрыняў цвікоў.

Але нельга сказаць, што Аляксандр Лукашэнка не прыўнёс нічога пазітыўнага ў развіццё краіны, хоць і не выканаў сваіх абяцанняў. За часы яго знаходжання ва ўладзе безумоўна ўзбагаціліся беларуская філалогія і фалькларыстыка. Ці не кожны выступ беларускага кіраўніка расцягваецца на цытаты. Уладзімір Падгол штогод робіць самую яскравую падборку выказванняў Аляксандра Рыгоравіча пад назвай «Народны тэлевізар». Фраза беларускага кіраўніка пра «распранацца і працаваць» стала матыватарам для «офіснага планктону» і выклікала флэшмоб (беларусы фатаграфаваліся распранутымі на працоўных месцах), які заўважыла сусветная прэса. Дагэтуль усе згадваюць пра «нармальные чалавечаскія яйца», — і я здзіўляюся, як гэтыя словы яшчэ не сталі камерцыйным брэндам. Нашы птушкафабрыкі тут яўна недапрацоўваюць — яйкі «маладзецкія» тут і побач не стаялі.

Уладальнікі тэлефонаў на базе Android могуць спампаваць сабе аж два прыкладанні, якія даюць магчымасць чытаць цытаты беларускага кіраўніка, сказаныя ў розныя часы і з рознай нагоды.

Пры такім працяглым знаходжанні ва ўладзе Лукашэнка проста аброс показкамі і анекдотамі — як у свой час Брэжнеў. Частка з іх з’яўляецца пераробкай з савецкага мінулага, але былі і арыгінальныя знаходкі, нават з дамешкам высокіх тэхналогіяў. Напрыклад, пра кампутарны вірус «Lukashenko», які на кампутары, уласна, нічога не робіць, але выдаліць яго аніяк немагчыма.

Фалькларыстка Анастасія Астапава, беларуская даследчыца, якая жыве ў Эстоніі, абараніла дысертацыю, прысвечаную беларускаму палітычнаму фальклору пад назвай «Абмяркоўваючы беларускасць: палітычны фальклор ні там, ні сям» (Negotiating Belarusianness: Political folklore betwixt and between). Даследаванне складаецца з пяці навуковых артыкулаў, прысвечаных палітычным жартам, чуткам і нават альтэрнатыўнай біяграфіі Лукашэнкі.

Прычым, некаторыя анекдоты перакрочылі межы Беларусі, трапілі ў расійскую прастору і ператварыліся ў байкі пра кіраўніка суседняй дзяржавы. І гэта не дзіўна, бо Пуцін ад Лукашэнкі па тэрмінах прэзідэнцтва адстае не вельмі…

І не выключана, што менавіта на аснове фальклору ў далейшым і будзе ацэньвацца дзейнасць Лукашэнкі.

Бо што мы зараз ведаем пра таго ж Брэжнева, апроч анекдотаў?

Сяргей Пульша, «Новы Час»

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях