20 апреля 2024, суббота, 15:42
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як блогер Жалноў змагаецца зь «міліцэйскім беззаконьнем»

Як блогер Жалноў змагаецца зь «міліцэйскім беззаконьнем»

Гicторыя бабруйскага блогера.

6 тысяч даляраў сукупных штрафаў, 15 сутак арышту і трохгадовае зьняволеньне сына — такая цана актыўнасьці 52-гадовага блогера Алега Жалноў, які выкрывае правапарушэньні міліцыянтаў. У Бабруйску ён лідэр па колькасьці заведзеных супраць яго спраў, паведамляе «Радыё Свабода».

10 ліпеня Магілёўскі абласны суд нечакана скасаваў пастанову Бабруйскага суду, паводле якой Жалноў адбыў 15 сутак арышту. Справу накіравалі на перагляд, бо ў ёй выявілі парушэньні. Скаргу на рашэньне судзьдзі Тацяны Тарабуевай блогер напісаў у няволі.

Адміністрацыйны перасьлед супраць яго пачалі за спробу зафіксаваць на відэа афармленьне пратаколу ў аддзяленьні міліцыі. Паводле блогера, міліцыянты забаранілі здымаць, але не абгрунтавалі сваё патрабаваньне законам. Ён ня выключыў камэры і быў абвінавачаны ў непадпарадкаваньні. 13 чэрвеня судзьдзя Тарабуева асудзіла Жалнова на 15 сутак арышту.

Хто такі Алег Жалноў

Стаў вядомы сваімі відэасюжэтамі, у якіх фіксаваў правапарушэньні супрацоўнікаў міліцыі. З 2011 году выкладае відэа на ўласным YouTube-канале, сюжэты зьбіраюць дзясяткі тысяч праглядаў. Ролікі далучае да зваротаў у пракуратуру і міліцэйскага начальства для рэагаваньня.

Скончыў сувораўскую вучэльню ў Маскве ды Разанскую ваенную вучэльню сувязі. Па разьмеркаваньні трапіў у Беларусь. Служыў у Бабруйску, Горадні і Наваградку. Удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У войску дамагаўся належнага выкананьня патрабаваньняў статуту. За скаргі трапіў у няміласьць да начальства. Ягоныя паводзіны разглядаліся на судзе афіцэрскага гонару.

Праз траўму хрыбетніка пасьля дзесяці гадоў службы камісаваны. Пасьля адстаўкі займаўся праграмаваньнем, аказваў паслугі ў абароне ад крадзяжу аўтамабіляў, працаваў на бабруйскіх прадпрыемствах. Цяпер беспрацоўны.

У 2014 годзе ягонага сына Аляксея пакаралі трыма гадамі «хіміі». Пазьней перавялі ў турму за нібыта ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня. Зьняволеньне сына блогер называе помстай яму за выкрывальніцкую дзейнасьць.

З чым змагаецца Жалноў

Алег Жалноў кажа, што змагаецца ня супраць міліцыі, якую называе «адным важным сацыяльным інструмэнтам, што падтрымлівае правапарадак і дабрабыт у грамадзтве», а выкрывае несумленных супрацоўнікаў, якімі «гэты інструмэнт дужа засьмечаны».

«Супрацоўнік міліцыі, якому грамадзяне дэлегавалі немалыя паўнамоцтвы і заробак якому выплачваецца з народных грошай, абавязаны служыць народу, а ня зьдзекавацца зь яго», — тлумачыць ён.

«Я здымаю тое, што ёсьць, і не даю гэтаму ацэнак, — даводзіць Жалноў. — У сваіх роліках даю спасылку на пэўны закон, які парушае службовая асоба. Яе паводзіны ацэньваюць самі людзі».

Блогер кажа, што ня «гоніцца за колькасьцю падпісчыкаў і праглядаў». Ён лічыць, што ўсё, выкладзенае на YouTube, будзе захоўвацца вечна, і надыдзе час, калі грамадзтва дасьць ацэнку парушэньням, учыненым службовымі асобамі.

Аптымізм Жалнова

У скасаваньні апошняй пастановы Бабруйскага суду Алег Жалноў бачыць праяву таго, што «палітычныя» справы могуць разглядацца справядліва.

Паводле блогера, судзьдзя абласнога суду Сяргей Каралёў ня толькі адправіў справу на перагляд у Бабруйскі суд да новага судзьдзі, але і абавязаў указаць, чым міліцыя абгрунтоўвае забарону рабіць відэаздымкі падчас працэсуальных дзеяньняў. Супрацоўнікі міліцыі мусяць прадставіць адпаведны нарматыўна-прававы акт.

«Калі такі закон будзе знойдзены, то вырак суду будзе зноў не на маю карысьць», — адзначае Жалноў.

Калі стала вядома пра дзейнасьць Жалнова

На дзейнасьць Алега Жалнова мэдыя зьвярнулі ўвагу ў 2013 годзе. Тады стала вядома пра інцыдэнт, які адбыўся 4 верасьня ў бабруйскім ДАІ. Блогер і ягоны сын выпадкова сталі сьведкамі парушэньня правілаў дарожнага руху супрацоўнікамі міліцыі. Жалноў-старэйшы зафіксаваў на відэакамэру няправільную паркоўку міліцэйскай машыны і зьвярнуўся з заявай да супрацоўнікаў ДАІ, каб парушэньне выправілі. У выніку Жалновых гвалтам зацягнулі ў будынак ДАІ.

У кастрычніку 2013 году ў кватэры блогера правялі ператрус. На яго напісаў заяву супрацоўнік бабруйскага ДАІ Яўген Сераштанаў. Ён зьвінаваціў Жалнова ў зьнявазе гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі разьмешчанымі на працягу 2012–2013 гадоў у інтэрнэце аўдыё- і відэаматэрыяламі. 1 лістапада Жалнова-старэйшага аштрафавалі за непадпарадкаваньне міліцыі на 2 мільёны 600 тысяч недэнамінаваных рублёў (280 даляраў). Справа аб зьнявазе міліцыянта ня мела працягу.

У чым памыліўся Жалноў

У студзені 2014-га на Жалнова-меншага праз інцыдэнт у ДАІ завялі крымінальную справу за «гвалт альбо пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Яму прысудзілі тры гады «хіміі» і абавязалі выплаціць 50 мільёнаў (недэнамінаваных) рублёў (4800 тысяч даляраў) кампэнсацыі маральнай шкоды капітану міліцыі Аляксандру Бутоўскаму, які зьвярнуўся ў суд. На «хіміі» Аляксею выставілі абвінавачваньне ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня і адправілі ў калёнію.

У тым, што адбылося з сынам, Жалноў-старэйшы вінаваціць сябе. Кажа, што інцыдэнт можна было прадухіліць.

«Мая памылка была ў тым, што я ўспрымаў супрацоўнікаў бабруйскага ДАІ больш станоўча, чым аказалася насамрэч. Я не чакаў, што яны пачнуць помсьціць мне праз майго сына. Я перакананы, што справу супраць яго сфабрыкавалі», — лічыць Алег Жалноў.

Жалноў пра стаўленьне родных да ягонай дзейнасьці

Адначасова з крымінальным перасьледам Жалнова-малодшага не працягнулі працоўны кантракт зь ягонай маці. Яе зьнялі з пасады намесьніцы дырэктара школы. Цяпер яна працуе шараговай настаўніцай.

Алег Жалноў прызнаецца, што родныя ўспрымалі ягоную дзейнасьць нэгатыўна. Яны баяліся перасьледу, чым карысталіся «несумленныя супрацоўнікі міліцыі». Як толькі страх прапаў, то іх пакінулі ў спакоі.

«Пакуль чалавек баіцца, мае бачныя болевыя пункты, несумленныя прадстаўнікі сацыяльных інструмэнтаў будуць гэтым карыстацца. Будуць ціснуць празь дзяцей і сямʼю, і да гэтага варта быць гатоваму. Трэба навучыцца супрацьстаяць гэтаму. Хоць гэта і няпроста», — прызнаецца ён.

З жонкай Яўгеніяй Алег Жалноў у шлюбе 30 гадоў. У іх двое сыноў.

Як Жалноў змагаецца зь беззаконьнем

Галоснасьць і салідарнасьць, паводле Алега Жалнова, — асноўныя сродкі змаганьня з парушэньнямі закону «нядобрасумленнымі міліцыянтамі». На сёньня, лічыць блогер, сваёй дзейнасьцю ён забясьпечвае галоснасьць.

Як дамагчыся таго, каб грамадзтва стала салідарным Алег ня ведае. Кажа, што стараецца дапамагаць тым, хто хоча бараніць сябе ад беззаконьня.

«Салідарнасьць зьявіцца, — мяркуе ён, — калі ў чалавека сасьпее жаданьне адстойваць свае правы, імкненьне павышаць сваю прававую адукаванасьць ды бараніць іншага ад неабгрунтаванага перасьледу».

Сваю апантанасьць выкрывальніцкай дзейнасьцю блогер тлумачыць тым, што ня можа быць абыякавым да правапарушэньняў. На яго думку, лянота і страх перашкаджаюць беларусам адстойваць свае правы. Каб удалося іх пераадолець, лічыць ён, у Беларусі жыцьцё было б значна лепшае, чым цяпер.

На што спадзяецца Жалноў

За час выкрывальніцкай дзейнасьці Алег Жалноў выплаціў блізу 2 тысяч даляраў штрафу. Яшчэ чатыры застаюцца нявыплачанымі. У апошніх роліках, кажа блогер, ён зьвяртаецца да суграмадзян па дапамогу. Разьлічвае, што яго зварот будзе пачуты і яму дапамогуць выплаціць штрафы.

«Калі мне дапамогуць, то я працягну сваю дзейнасьць. Калі ж не — гэты занятак трэба спыняць і адыходзіць у цень», — падсумоўвае суразмоўца.

Алег Жалноў удзельнічаў у шэрагу выбарчых кампаніяў як кандыдат у дэпутаты і назіральнік. Ад 2014 году сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі і незалежнага прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Яму 52 гады.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях