28 марта 2024, четверг, 17:18
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Сьляды з рэстарацыі ля Курапатаў вядуць у хакейную каманду Лукашэнкі?

Сьляды з рэстарацыі ля Курапатаў вядуць у хакейную каманду Лукашэнкі?
Рэстарацыя «Поедем поедим» каля Курапатаў

Рэстарацыю «Поедем поедим» і хакейную зборную дыктатара Беларусі можна злучыць лягічным ланцужком.

Такімі высновамі са свайго расьсьледаваньня падзяліўся горадзенскі журналіст-расьсьледавальнік і актывіст Дзяніс Івашын, паведамляе «Радыё Свабода».

Меркаваная жонка Вадзіма Бекбулатава, капітана хакейнай каманды прэзыдэнта Беларусі, мае бізнэс-сувязі зь Вячаславам Азаранкам, які, верагодна, мае дачыненьне да рэстарацыі «Поедем поедим», кажа Дзяніс Івашын.

Дзяніс Івашын

Сутыкнуўся зь вялікай колькасьцю «фірмаў-пракладак»

Лявон Сагальчык, Антон Меліхаў і Вячаслаў Азаранка валодалі сумеснай фірмай Polaris Investment LLC USA у штаце Ілінойс (ЗША). Азаранка прадстаўляў інтарэсы Сагальчыка і Меліхава ў Беларусі. Потым зьехаў у Амэрыку і пэўны час жыў у доме Сагальчыка.

Бізнэсовец Вячаслаў Азаранка, верагодна, зьвязаны з Bealcy Investments Ltd. Cyprus — кампаніяй, якая часткова валодае ТАА «Белнаватэксгруп», якой належыць «Поедем поедим», робіць выснову аўтар расьсьледаваньня.

Дзяніс Івашын

Кацярына Бекбулатава — бізнэс-партнэрка Вячаслава Азаранкі. Яна заснавальніца фірмы «Білсі-рыэлт», у якой фігуруе і Азаранка. Да таго ж іх аб’ядноўвае кіпрская фірма Iliotropion Trade & Service Ltd, дзе Кацярына, паводле адзінага дзяржаўнага рэгістра Кіпру, — дырэктарка, а Вячаслаў Азаранка і ейны сын Мікіта Бекбулатаў — прадстаўнікі фірмы.

Па высновах Івашына, «Білсі-рыэлт» юрыдычна зьвязаная з кампаніяй Bealcy Investments Ltd. Cyprus.

Інтэрʼер рэстарацыі каля Курапатаў

Аўтар расьсьледаваньня адзначае, што сутыкнуўся зь вялікай колькасьцю «фірмаў-пракладак». На яго думку, такія фірмы ствараюцца дзеля таго, каб цяжка было даведацца пра сапраўдных уласьнікаў, каб разьмеркаваць адказнасьць паміж многімі і каб зьменшыць рызыкі для кожнага асобнага бізнэсу.

Вадзім Бекбулатаў і Аляксандар Лукашэнка

Вадзім Бекбулатаў — вядомы беларускі хакеіст, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Нагана і Солт-Лэйк-Сіці. Па заканчэньні спартовай кар’еры ў 2005 годзе быў запрошаны ў прэзыдэнцкую хакейную зборную. Да таго ж ён гуляе ў камандзе «Рубеж» памежных войскаў Беларусі разам з сынамі Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і Дзьмітрыем.

«То бок ён увесь час з 2005 году ў нефармальнай абстаноўцы сустракаецца зь першымі асобамі дзяржавы і, падобна, мае мажлівасьць абмеркаваць усе праблемы з тым жа „Бульбаш-холам“ („Поедем поедим“. — РС)», — мяркуе Дзяніс Івашын.

Сувязь праз сыноў і адрасы

Сувязі паміж сем’ямі працягваюцца і ў маладзейшым пакаленьні. Сын Вадзіма і Кацярыны Мікіта Бекбулатаў меў сумесную фірму LLC Managers з сынам Вячаслава Азаранкі Дэньні. Яна была зарэгістраваная на Кіпры і праіснавала каля году.

Сувязь паміж Азаранкам і Бекбулатавым існавала нават геаграфічная. У 1990-я гады яны меркавана жылі ў адным доме на Ўсходняй вуліцы ў Менску — амаль у суседніх кватэрах.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.

Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.

1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.

Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.

27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.

Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.

Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях