22 сентября 2018, суббота, 5:13
Нам нужна ваша помощь
Рубрики

«Дзе нас ашукваюць — у адміністрацыі Лукашэнкi ці тут, у райвыканкаме?»

8
Андрэй Павук
Фота: Ларыса Шчыракова

Як блогер Павук змагаецца з беларускай судовай сiстэмай.

Cуддзя Акцябрскага раёна Уладзімер Васілеўскі заявіў самаадвод у справе пазову блогера Андрэя Павука на дзеянні дзяржаўных службоўцаў раённага выканаўчага камітэта і райсавета, пiша baj.by.

Напярэдадні, калі яшчэ справа толькі разглядалася, памочнік раённага пракурора Вадзім Шыбут забыўся ў судзе ўжо надрукаваныя аркушы, падобныя на рашэнне суда. Гэтыя аркушы ўдзельнікі пасяджэння сфатаграфавалі і выклалі ў інтэрнэце. Андрэй Павук расцаніў гэта як загадзя падрыхтаванае рашэнне.

Мясцовыя чыноўнікі не дазваляюць блогеру прысутнічаць на апаратных нарадах, якія праводзіць старшыня райвыканкама Віктар Палуянаў, а таксама на сесіях райсавета, дзе вырашаюцца важныя для развіцця раёна пытанні. Іх надзвычай палохае жаданне Павука весці онлайн-трансляцыю з нарадаў і сесіяў.

Інтарэсы райсавета па папярэднім пасяджэнні ў судзе прадстаўляў яго старшыня Алег Таргонскі, на асноўным — галоўны спецыяліст Марыя Пішчала, райвыканкама — кіраўніца спраў Валянціна Шлапакова і юрыст Наталля Іванова. У адмовах на ўдзел Павука ў апаратных нарадах райвыканкама і сесіях райсавета чыноўнікі спасылаюцца на існуючыя рэгламенты ў дзейнасці гэтых дзяржаўных структураў.

Андрэй Павук спрабаваў урэгулява канфлікт у дасудовым парадку і звяртаўся пісьмова ў Гомельскі аблвыканкам і аблсавет, каб паправілі раённых чыноўнікаў. Аднак звароты не мелі станоўчых вынікаў. І абласныя чыноўнікі сцвярджалі, што адмова прысутнічаць на раённых нарадах і сесіях цалкам абгрунтаваная.

У судзе блогер пытаўся ў прадстаўніцы райсавета, ці адкрыта праводзяцца сесіі?

— Адкрыта, — пагаджалася Марыя Пішчала.

— Дык я магу як грамадзянін прысутнічаць на сесіі?

— З дазволу старшыні райсавета, — сцвярджала спецыялістка.

— Дык сесіі праходзяць у закрытым рэжыме? — дапытваўся Андрэй Павук.

— Вы неправільна разумееце слова «адкрыта», — адказвала Марыя Пішчала. — Адкрыта — гэта не азначае адчыніць дзверы і сказаць: «Любы жадаючы, я вас запрашаю». Адкрыта — гэта азначае, што ўсе пытанні, якія разглядаюцца на сесіі, размяшчаюцца ў раённай газеце «Чырвоны Кастрычнік».

Прадстаўніца райсавета далікатна абышла маўчаннем, што, паводле артыкула 31 закона аб мясцовым самакіраванні, грамадзяне «маюць права свабоднага доступу на пасяджэнні тэрытарыяльнага органа грамадскага самакіравання, удзелу ў яго працы з правам дарадчага голасу».

Інтарэсы Андрэя Павука ў судзе прадстаўляў па даверанасці юрыст ГА «БАЖ» Леанід Судаленка. У выступе ён зазначыў, што сваімі мясцовымі рашэннямі (у дадзеным выпадку – рэгламентамі) выканкам і райсавет абмежавалі канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, у тым ліку і пра дзейнасць дзяржаўных органаў.

Беларускае заканадаўства абавязвае саветы і выканкамы дзейнічаць адкрыта і галосна. Павуку як жыхару Акцябрскага неабыякава, у якім раёне ён жыве і што тут адбываецца. У пацвярджэнне Судаленка прывёў нядаўняе выказванне галоўнага ідэолага Беларусі, намесніка кіраўніка aдміністрацыі Лукашэнкi Уладзіміра Жаўняка: «Чалавек хоча не атрымліваць устаноўкі, а ўплываць на прыняцце рашэнняў». Выглядае, што ў высокіх кабінетах абвяшчаюць адно, а на месцах паступаюць па-іншаму.

— Дзе нас ашукваюць — у Адміністрацыі Лукашэнкi ці тут, у райвыканкаме? — задаваўся пытаннем прадстаўнік пазоўніка.

Суддзя Уладзімір Васілеўскі, які разглядаў справу, пацікавіўся ў Судаленкі, ці прысутнічаюць на сесіях дэпутатаў звычайныя грамадзяне ў замежных краінах? Выклікана пытанне тым, што ў пазове Андрэя Павука была спасылка і на падпісаны Беларуссю Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Судаленка прывёў прыклады з практыкі дзейнасці мэрый у ЗША, Швецыі, Германіі, дзе на пасяджэнне мясцовага органа ўлады можа прыйсці і рабіць здымкі любы жыхар, калі толькі ён дзеяздольны як грамадзянін.