28 марта 2024, четверг, 14:04
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

У Гомлі прадставілі эскіз табліцы ў гонар Палуты Бадуновай

У Гомлі прадставілі эскіз табліцы ў гонар Палуты Бадуновай

Наведнікаў мерапрыемства чакала неспадзяванка з XV стагоддзя.

Упершыню за апошнія 15 гадоў у незалежным грамадска-палітычным цэнтры заспявала бардэса Вольга Цярэшчанка. На імпрэзе казалі і пра беларускіх патрыётаў, і пра герояў Украіны. А наведнікаў канцэрту чакала неспадзяванка з XV стагоддзя, паведамляе «Белсат».

Грамадска-палітычны цэнтр на Палескай,52 у Гомлі напярэдадні зазнаваў метамарфозы, ператвараючыся то ў сцэну, то ў поле рыцарскага бою. Лейтматывам імпрэзы, прысвечанай стагоддзю ўтварэння БНР, сталіся патрыятычныя песні. Вольга Цярэшчанка заспявала творы на вершы Алеся Дудара, Анатоля Сыса, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш ды іншых майстроў беларускага слова.

«Я цэлую гадзіны атрымлівала асалоду ад песняў Вольгі – і па-ўкраінску, і па-беларуску, і па-польску, і на італьянскай гучаў шыкоўны голас!», – кажа наведніца канцэрту.

Спявачка ўразіла наведнікаў імпрэзы і шматбаковасцю свайго таленту, заспяваўшы ад класікі ды оперы да народных песень і джазу. Але галоўны пасыл – захаваць памяць пра тых, хто жыў для незалежнасці Беларусі.

«Незалежная краіна можа быць толькі тады, калі мы не пад кімсьці, калі намі ніхто не кіруе. Ларыса Геніюш казала: «Ніхто не вольны – райце нам не сватаць, пакутамі ўкарочваць нашы дні. Свая душа, свае шляхі ў крылатых. І праўды свет яснейшы з вышыні», – сказала Вольга Цярэшчанка.

Падтрымаць патрыятычную імпрэзу прыйшлі гомельскія рыцары з клубу «Эрбіс», апранутыя паводле вайсковай моды 15-га стагоддзя.

«Я думаю, што ўзровень патрыятызму ў Беларусі даволі нізкі. Каб яго неяк павялічыць, мне падаецца, трэба больш працаваць з моладдзю, больш развіваць вось такія рухі», – кажа чалец клубу Дзяніс Кайдуноў.

Узгадвалі на свяце і беларуска-ўкраінскіх герояў. Нарадзінец Гомля Міхаіл Жызнеўскі, які быў забіты ў 2014-ым годзе на Майдане ў Кіеве, у свой час таксама быў сябрам рыцарскага клубу. Цяпер тут, пры Палескай, 52, паўстане клуб у ягоны гонар.

«Будзем шукаць і клікаць сюды моладзь, якая будзе вывучаць гісторыю Беларусі. Гэта найперш», – заявіў арганізатар імпрэзы Уладзімір Кацора.

Бо быць рыцарам, не ведаючы гісторыі сваёй краіны, неяк не выпадае. Як сведчанне гэтай ісціны ў часе імпрэзы прэзентавалі эскізы табліцы ў гонар міністаркі Рады БНР, славутай нарадзінкі Гомля Палуты Бадуновай.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях