29 марта 2024, пятница, 4:57
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Рада БНР: Дэмакратызацыя – адзіная гарантыя незалежнасці Беларусі

1
Рада БНР: Дэмакратызацыя – адзіная гарантыя незалежнасці Беларусі

Рада БНР заклiкае спыніць пераслед патрыётаў Беларусі i правесцi дэмакратычныя выбары.

У апошнія тыдні актывізавалася грамадская дыскусія вакол пагрозаў незалежнасці Беларусі з боку Расейскай Федэрацыі. Зважаючы на аналіз сітуацыі, а таксама:

– Канстатуючы, што ў нацыянальных інтарэсах Беларусі – рэформа эканамічнай мадэлі краіны і выхад з усіх інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй, а ў доўгатэрміновай перспэктыве – будаўніцтва з будучай дэмакратычнай Расеяй раўнапраўных, рынкавых, добрасуседскіх адносінаў, заснаваных на ўзаемнай павазе;

– Улічваючы, што саюзная дамова з цяперашняй Расеяй не адлюстроўвае волю беларускага народу, які жадае добрых і шчыльных адносінаў з усімі сваімі суседзямі, у тым ліку з Украінай і краінамі Еўрапейскага Звязу;

– Улічваючы, што ўлады Рэспублікі Беларусь не паведамляюць грамадству пра канкрэтныя змест і вынікі перамоваў паміж А. Лукашэнкам і У. Пуціным у канцы 2018 году, што стварае глебу для спекуляцыяў і спрыяе росту напружанасці, а таксама ўлічваючы, што цягам апошняга месяцу маюць месца спробы маніпуляваньня публічнай дыскусіяй з боку дэструктыўных палітычных сілаў у Расеі і ў Беларусі, да якіх беларускае грамадства павінна ставіцца разважна і акуратна;

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае:

– Палітычна актыўных грамадзянаў і дэмакратычныя сілы – планаваць свае дзеянні на выпадак абвастрэння пагрозы незалежнасці Беларусі. Пры гэтым павінны заставацца ў сіле мэты дэмакратызацыі палітычнага жыцця і дасягнення паўнапраўнага статусу беларускай мовы й культуры, забяспечыць якія павінны ўлады Рэспублікі Беларусь;

– Беларускую дыяспару ў дэмакратычных краінах – рыхтавацца да актыўнай асветніцкай працы ў краінах свайго пражываньня па тэме незаконнасці гіпатэтычнай анексіі Беларусі з боку Расеі і недапушчальнасці прызнання або ігнаравання гэткай анексіі міжнароднай супольнасцю;

– Улады Рэспублікі Беларусь – дэмакратызаваць палітычную сістэму краіны, а таксама правесці парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, запланаваныя на 2019 і 2020 гады, у поўнай адпаведнасці з міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі. Рада БНР заяўляе, што ўладам Рэспублікі Беларусь неабходна спыніць канфрантацыю і пераслед патрыётаў Беларусі з шэрагаў дэмакратычнай апазіцыі, зрабіць захады дзеля кампрамісу сярод палітычных сілаў Беларусі ў інтарэсах безумоўнай грамадскай кансалідацыі вакол каштоўнасцяў незалежнасці Беларусі.

Рада БНР звяртае ўвагу на тое, што юрыдычная сіла дакументаў аб стварэнні так званай “саюзнай дзяржавы”, падпісаных раней ці маючых быць падпісанымі ў будучыні, павінна быць пастаўленая пад сумнеў, калі іхным падпісантам з беларускага боку выступае асоба, якая займае пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не па выніках дэмакратычных выбараў.

Рада БНР заяўляе, што дэмакратычныя выбары, павага да правоў чалавека і свабода слова – гэта адзіны магчымы шлях да нацыянальнай кансалідацыі беларусаў і да выхаду з міжнароднай ізаляцыі, у якой Беларусь знаходзіцца апошнія дзесяцігоддзі.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях