24 апреля 2024, среда, 23:06
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Стала вядома месца пахавання паўстанца 1863 года Адольфа Белакоза

1
Стала вядома месца пахавання паўстанца 1863 года Адольфа Белакоза
Фота: Яна Запольская, Радыё Рацыя

У 1863 годзе ён з’яўляўся паўстанцкім кіраўніком Беластока.

Закрытая “белая пляма” ў лёсе ўдзельніка студзеньскага паўстання – Адольфа Белакоза. Ён нарадзіўся ў Ваўкавыскім павеце Гродзенскай губерніі ў 1826 годзе, а ў 1863 з’яўляўся паўстанцкім кіраўніком Беластока. Быў арыштаваны царскімі ўладамі, высланы ў Сібір і там ягоная біяграфія абрывалася. Называліся розныя даты смерці паўстанца. Цяпер жа можна назваць дакладную.

Расказвае racyja.com захальнік фондаў Гістарычнага музея ў Беластоку Пётр Нізёлак (Piotr Niziołek):

– Дзякуючы намаганням беластоцкіх грамадскіх арганізацый і Інстытута нацыянальнай памяці днямі адкрылі адрэстаўраваны помнік у памяць пра Адольфа Белакоза. Па-сутнасці, гэта надмагільная пліта на месца пахавання яго жонкі і блізкіх сваякоў, але, на жаль, гэта не дакладнае месца пахавання самаго Адольфа Белакоза. Гістарычныя завіраванні спрычыніліся да таго, што яго пахаванне не захавалася да нашага часу, на гэтым месцы пахаваны ўжо іншы чалавек. І таму месца, дзе ён ушанаваны сёння, гэта месца побач, літаральна ў метры, дзе знайшла свой спачын яго жонка Альбертына з Антыпаровічаў.

Гісторыкі дазналіся дакладнае месца пахавання Адольфа Белакоза на Фарных могілках у Беластоку, дзякуючы асобам, набліжаным да продкаў пастаўнца (тыя цяпер жывуць у Вроцлаве).

- Можа некалькі словаў пра Адольфа Белакоза… – Ён нарадзіўся блізу Свіслачы.

- Скончыў Свіслацкую гімназію – кузню маладых людзей з незалежніцкамі поглядамі. Адольф Белакоз пазней атрымаў і музычную адукацыю, пакуль мы не ведаем, дзе дакладна, гэта справа яшчэ для далейшага даследавання. Прыехаў у Беласток у 1860-ыя гады дзеля працы, якую знайшоў у Інстытуце шляхетных паннаў, а таксама ў прыватнай французска-нямецкай школе Шмідта. Навучаў музыцы, граў на фартэпіяна, магчыма, і на скрыпцы, а ў між часе заангажаваўся ў паўстанцкі рух.

Паводле звестак, гэтае заангажаванне ў паўстанцкі рух адбылося, дзякуючы Браніславу Шварцэ, і, не выключае Пётр Нізёлак, дзякуючы Шварцэ Адольф Белакоз стаў цывільным кіраўніком Беластока, а таксама не выключана, што і паўстанцкім кіраўніком усяго Беластоцкага павета.

Вядома, што ў беластоцкай падпольнай друкарні Адольф Белакоз разам з Браніслам Шварцэ надрукаваў некалькі газетак пад назвай “Гутарка старога дзеда” і “Гутарка двух суседаў”:

– Увогуле Беласток быў цэнтрам паўстанцкіх друкаваных выданняў. Яны выдаваліся і па-польску, але значная частка менавіта па-беларуску на лацінцы. У гэтую справу было заангажавана шмат асобаў. Акрамя Белакоза і Шварцэ, таксама Станіслаў Сангін, Фелікс Ражанскі, Валеры Урублеўскі, які быў у дырэкцыі лясной школы ў Саколцы, Канстанцін Каліноўскі, Ігнат Грыневіцкі. Гэта толькі тыя, пра якіх мы ведаем. Вядома і тое, што друкарня ў Беластоку размяшчалася на плябаніі касцёла, гэта будынак да гэтага часу існуючы, цяпер у ім месціцца сядзіба біскупа.

У ноч з 23 на 24 чэрвеня 1863 года Адольф Белакоз быў арыштаваны. Хоць царскім уладам быў вядомы даўно, яшчэ з 1860-1861 гадоў, ужо тады яго запрашалі на нейкія “размовы”. Браніслаў Шварцэ быў арыштаваны яшчэ раней у 1862 годзе, вядома, што ніколі нікога не выдаў, а цяпер выдаюцца запісы яго допытаў. Што тычыцца Адольфа Белакоза, то ён таксама нікога не выдаў і не пагадзіўся ні на якую супрацу, хоць у яго справе ёсць шмат дыскусій з прычыны малой колькасці інфармацыі:

– Ён трымаўся спецыфічнай лініі абароны, сказаўшы, што не меў увогуле ніякага дачынення да паўстання, што ніколі не быў паўстанцкім начальнікам Беластока. Гэтую лінію абароны пазней ён змяніў пад ціскам вялікай колькасці сабраных супраць яго доказаў, але і так не прызнаўся. Сказаў, што не быў паўстанцкім начальнікам, але выпадкова да яго трапілі гэтыя абавязкі ды яму таксама прыпадкова пераказалі пячатку начальніка павета.

У выніку Адольф Белакоз трапляе ў Сібір да Верхатур’я. У высылцы пражыў 16 гадоў, у 1871 годзе трапіў пад частковую амністую, якая давала яму права больш менш свабодна перамяшчацца на ўсходзе Расеі, а ў Беласток вярнуўся толькі ў 1879 годзе. Выглядае на тое, што свае дзённікі ён напісаў ужо пад канец жыцця.

Памёр у 1902 годзе ў Беластоку. Гэта пацвярджае запіс у Кнізе памерлых за 1902 год, якая захоўваецца ў Архідыяцэзіяльным архіве ў Беластоку (што тычыцца даты смерці, то раней існавала шмат супярэчнасцяў).

Пахаваны на Фарных могілках у Беластоку. На адрэстаўраванай надмагільнай пліце напісана: “Адольф Белакоз, ветэран 1863 году, жыў 76 гадоў і памёр 16 снежня 1902 году”.

У канцы жыцця Адольф Белакоз напісаў „Дзённікі”, якія захаваліся. У Гістарычным музеі ў Беластоку можна набыць выданыя „Дзённікі” ў рэдакцыі Пятра Нізёлка. Гісторык кажа, што паколькі пісаліся яны яшчэ ў часы Расійскай імперыі, то ўтрымліваюць мала інфармацыі адносна паўстання ды ўдзелу Белакоза ў ім.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях