28 марта 2024, четверг, 23:56
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Усё пра беларускія прозвішчы

5
Усё пра беларускія прозвішчы

Беларускія прозвішчы на трыста гадоў старэйшыя за расійскія.

Той, каму давялося расці на вёсцы, памятае: вясковыя роды называлі па мянушках. Калі ў вёсцы дванаццаць сем’яў Герасімчыкаў, мянушкі — найпрасцейшы сродак указаць на патрэбнага чалавека, пiша nn.by.

Яны даваліся найчасцей ад імені дзеда або прадзеда. Або — бабы, мамы, калі жанчыны былі ў сям'і заўважнымі. Адны Герасімчыкі маглі быць Казімірчыкамі, другія — Апанасавымі, а трэція — Ганнусінымі…

З такіх родавых мянушак 500 гадоў таму фармаваліся прозвішчы. Як? Гэтым займаліся бюракраты Вялікага Княства Літоўскага.

Шляхта прагнула прозвішчаў

Першымі ў канцы XV ст. прозвішчы займелі баяры-шляхта, піша гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч. Спачатку яны не былі сталымі. Сыны баярына Грынькі рабіліся Грынковічамі, але дзеці ягонага сына Багдана ўжо былі Багданавымі Грынковічамі. Яшчэ праз пакаленне пра Грыньку маглі і забыцца, ператварыўшыся ў Багдановічаў…

Але Багдановічам цяжка было пацвердзіць свае правы на сяло, якое вялікі князь даў іх дзядам-Грынковічам. Таму чым больш дзяржаўная канцылярыя стварала папер-прывілеяў, тым важней для шляхціца было зафіксаваць сваё прозвішча раз і назаўжды.

Сяляне ж яшчэ ў пачатку XVI ст. прозвішчаў не мелі. Каму справа да селяніна, які жыў на хутары, мог вольна перамяшчацца па краі і быў эканамічна незалежным? Прозвішчы сялянам пачалі даваць кантрольныя органы ВКЛ. Адбывалася гэта ў сярэдзіне XVI ст., падчас Валочнай памеры 1557 г. — гіганцкай аграрнай рэформы.

Сялян «прымацоўвалі» да зямлі, высялялі ў вялікія вёскі і перапісвалі, дадаючы да імені імя па бацьку або мянушку, якія цяпер раз і назаўжды рабіліся прозвішчамі.

Лук’яновіч і Бабровіч

Тыя з іх, што паходзяць ад імя продка, называюць патранімічнымі. Большасць іх у беларусаў маюць суфікс -іч. Вось колькі іх у адным Попісе Гродзенскай каралеўскай эканоміі XVI ст.: Лук’яновіч, Івановіч, Ляўковіч, Амельяновіч, Хоміч, Навумовіч, Жуковіч, Васілевіч, Паласковіч, Міцкевіч, Козіч, Ячкевіч, Дашкевіч, Грынкевіч, Ламановіч, Зімаковіч, Бабровіч…

«Прозвішчы на -іч — адзнака славянскага паходжання, — кажа доктар філалагічных навук Валянціна Лемцюгова. — Яны характэрныя не толькі для беларусаў, але і для заходніх і паўднёвых славян. У беларусаў суфікс -іч не меў саслоўных абмежаванняў, а ў Расіі прозвішчы на -іч атрымлівалі толькі прадстаўнікі вышэйшых колаў грамадства з царскага дазволу».

Таксама да групы патранімічных прозвішчаў, найбольшай і найстаражытнейшай, адносяцца тыя, што сканчаюцца на -ук (-юк), -эня (-еня), -энка (глядзі мапу).

Юркойць і Даўгяла

У беларускіх прозвішчах адбілася тысячагадовае суіснаванне славянаў з балтамі: часта славянскі корань спалучаўся з балцкім суфіксам — як у прозвішчы Даўгяла (корань «доўгі») ці Юркойць (ад Юркі).

А вось Гедройць — цалкам балцкае найменне, якое пазначае таго, хто нечым праславіўся.

Берман і Дзерман

Уплывы маглі быць не толькі балцкія. Сярод экзатычных — нямецкія.

Часцяком нямецкі пан-каланіст запісваў усіх сваіх сялянаў уласным прозвішчам, каб абазначыць гэтым права на ўладанне імі. Так з’явіліся Берманы, Дзерманы. Магчыма, так перараджаліся і некаторыя старыя балцкія прозвішчы (Шэйман).

Нелюбы і Пазнякі

Многія прозвішчы паходзілі ад мянушак і дахрысціянскіх імёнаў. Людзей тады называлі проста. Хто нарадзіўся апошнім у сям'і, таго называлі Пазняк. Хто адно дзіця ў сям'і — той Адзінец. Хто трэці — той Траццяк.

Бывалі імёны татэмныя — ад звера ці дрэва, якому племя пакланялася (так, у летапісах трапляюцца Воўк, Воўчы Хвост), былі імёны ахоўныя, пакліканыя «падмануць» злыя сілы — Нелюб (каб любілі), Дыхля (каб здаровы быў).

Царква, выціскаючы паганства, змушала замяняць старыя імёны на хрысціянскія (у летапісах сустракаем прыклад літоўскіх князёў — Вітаўт рабіўся Аляксандрам, Ягайла — Уладзіславам).

Скарына і Гоўша

Дый Скарына — не ад скарынкі, кажа прафесар Лемцюгова.

Скарына — скарочанае старажытнае імя, тыпу Скараслаў, Скарагост, Скаравой, Скарамір. Частка прозвішчаў — такія добра забытыя імёны, накшталт Гоўша, Дымша.

Пераходзілі ў прозвішчы і скарочаныя формы: Мечык, Віліч, Стасік… Нават такое, здавалася б, відавочнае прозвішча Трус — скарочанае ад Пятро, Пятрусь. Місюта, аказваецца, — размоўны варыянт царкоўнага імя Міхаіл. Масу варыянтаў мае Аляксандр. Самыя экзатычныя з іх — Шаша, Шоша.

Але Валянціна Лемцюгова перасцерагае: даследаванне гісторыі кожнага прозвішча вымагае індывідуальнага падыходу, міні-даследавання. Верыць у сямейныя легенды і тлумачэнні, якія, здавалася б, ляжаць на паверхні — небяспечна.

Тут як з назвамі населеных пунктаў:

Шапчыцы — не ад шапкі, знойдзенай там, а ад нашчадкаў чалавека з такой мянушкай ці прозвішчам. Пількаўшчына — не ад пілаў, якія ламаліся, а ад імя ўласніка зямлі, якога звалі Пілька, Піліп.

Кухта і Стэльмах

Наступная пасля патранімічных па колькасці група прозвішчаў з Попісу Гродзенскай каралеўскай эканоміі — ад асаблівасцяў выгляду: Коўш, Чарэпка, Казелак… Безумоўна,

не трэба абмінаць і прозвішчы, звязаныя з заняткам чалавека. У XVI ст. іх працэнт быў невялікі, але з часам Стэльмахі (у «Слоўніку паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» Стэльмах — той, хто робіць калёсы, калёснік), Рымарчукі (рабілі вупраж), Бондары (выраблялі цэбры), Мясніковічы (былі рубшчыкамі мяса) з’яўляюцца ўсё часцей і часцей, адзначае А.Вашкевіч.

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях