25 апреля 2019, четверг, 21:57
За нашу и вашу свободу!
Рубрики

На 78 годзе жыцця памёр паэт Люцыян Шчасны

1
Люцыян Шчасны
Фота: westki.info

Люцыян Шчасны размаўляў па-беларуску і быў прыхільнікам незалежнай Беларусі.

Сёння прыйшла сумная вестка, што ў вёсцы Хрыстова Пастаўскага раёна на 78 годзе жыцця памёр Люцыян Шчасны.

Афіцыйна Люцыян Шчасны не меў ніякіх ні пасадаў, ні званняў. Але гэты чалавек з трыма класамі адукацыі, які большую частку жыцця прарабіў пастухом у калгасе, быў паэтам.

Грамадскі актывіст Зміцер Лупач, які жыў у вёсцы Завараты — кіламетраў восем ад Хрыстова — разгледзеў талент Люцыяна Шчаснага ды дапамог яму выдаць саматугам пяць зборнікаў вершаў. Яшчэ да яго перыядычна завітвалі журналісты — з «Белсата», «Звязды», «Радыё Свабода».

Здымаю зараз Люцыянавы вершы з паліцы. Кідаецца ў вочы адначасова і простасць, і пачуццё рымфы, вобразнасць думкі аўтара. Што праўда, тэмы вершаў падобныя — сумныя назіранні старога чалавека пра жыццё ў вёсцы, якая вымірае. Гарадскому жыхару яны можа пададуцца аднастайнымі і незразумелымі, але вяскоўцу — хоць маладому, хоць старому — вельмі блізкія.

Вось адзін з іх:

Ляжаць самотна агароды

Каля пакрыўленых платоў…

Чаго няведама так шкода,

Што я расплакацца гатоў.

Сябе шкада, ці то Хрыстова,

Якое пад вясенні гром

Ізноў развітвацца гатова

З чарговым хворым жыхаром.

Але часам у дзядзькі Люцыяна прарываліся і хвіліны радасці:

У маім у сэрцы

Неяк нечакана

Светлыя надзеі

Сёння расцвілі.

І няма жадання

Свет клясці паганы

І ўсю тую нечысць,

Ёсць што на зямлі.

На кустах і дрэвах —

Снежныя карункі,

Белыя пярыны

На прасторах ніў,

І мяняе вецер

Часта накірункі,

Нібы ён дарогу

Некуды згубіў.

Люцыян Шчасны размаўляў па-беларуску і быў прыхільнікам незалежнай Беларусі. Ён выпісваў і чытаў «Народную Волю». І ў цэлай серыі вершаў, напісаных у разгар «газавай вайны» 2006-2007 гадоў, сваёй простай і рэзкай мовай казаў пра патрэбу адмяжоўвацца ад Расіі:

І ўцякаць ад чортавай Расеі

Даўно нам трэба ва ўсе бакі,

Пакуль і нас, і нашыя надзеі

Расейскія не з'елі бардакі.

Я бачыўся з Люцыянам Шчасным толькі аднойчы. Неяк у 2014 годзе са Змітром Буглаком, студэнтам акадэміі мастацтваў, паехалі на роварах нацянькі з вёскі Кіякова ў вёску Хрыстова. Зайшлі пагаварыць да дзядзькі Люцыяна. З той размовы засталіся ў памяці дзве дэталі.

Першае — гэта ягоны ўспамін са службы ў войску. Ён служыў недзе ў Сібіры, і нехта з калегаў папрасіў яго прачытаць вершы беларускіх паэтаў (а паэзіяй Люцыян цікавіўся з юнацтва). І ён кажа: «Чытаю, чытаю, а як успомню родную зямлю — дык толькі слёзы на стол: кап, кап, кап…»

Другое — калі Люцыян даведаўся, што я журналіст, а мой сябра — мастак, то пару разоў паўтарыў: «Заўсёды шукайце праўду і кажыце праўду — і ў тым, што пішаце, і ў тым, што малюеце».

Такі ён быў, гэты Люцыян Шчасны. Светлы чалавек. Хай зямля яму будзе пухам, Бог дасць вечнае жыццё, а памяць сярод землякоў пра яго застанецца.

Пахаваюць Люцыяна Шчаснага 28 студзеня ў вёсцы Хрыстова Пастаўскага раёна. На пахаванне збіраюцца прыехаць грамадскія актывісты, ягоныя чытачы з некалькіх суседніх раёнаў.

Кастусь Шыталь