28 марта 2024, четверг, 12:32
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Кастусь Жукоўскі пра эміграцыю: Жыць у такіх умовах многія ў Беларусі нават не мараць

2
Кастусь Жукоўскі пра эміграцыю: Жыць у такіх умовах многія ў Беларусі нават не мараць

Гомельскі журналіст-фрылансер распавёў падрабязнасці свайго жыцця пасля ад’езду.

Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі ў студзені 2019 года пасля працяглай хвалі пераследу ўладамі за працу без акрэдытацыі з’ехаў з Беларусі з сям’ёй. Кастусь доўга не распавядаў пра падрабязнасці свайго жыцця пасля ад’езду. Цяпер ён адказаў на пытанні сайта baj.by.

Кастусь Жукоўскі сцвярджае, што апошняй кропляй у рашэнні з’ехаць з Беларусі быў арганізаваны “прадстаўнікамі “рускага свету” ціск на яго. Ёсць нават адпаведная петыцыя супраць прапаганды нацыяналізму, у якой згадваецца Жукоўскі ды іншыя асобы, быў апублікаваны адпаведны артыкул.

— Раскажыце, у якой вы краіне, як туды выязджалі?

— Я, мая жонка і 14-гадовая дачка знаходзімся цяпер у Вялікабрытаніі. На рашэнне з’ехаць у тым ліку паўплывала рэальная спроба ўладаў гвалтам — падрабілі медыцынскія дакументы — забраць мяне у войска, дзе, паводле слоў "дабразычліўца", мяне маглі забіць!

Дабіраліся ў Брытанію паветранным транспартам, бо шэнгенскую візу тады мела толькі жонка Алена. Наш афіцыйны статус пакуль да канца не вызначаны, але дакументы на атрыманне статусу ўцекача мы падалі.

— Як наладжаны ваш побыт?

— Для людзей, якія афіцыйна знаходзяцца на тэрыторыі Вялікабрытаніі, не існуе праблем звязаных з побытам, бо жытлом, вопраткай, харчаваннем забяспечвае дзяржава. Цяпер мы жывём у кватэры з дзвюма спальнямі, залай, кухняй, санвузлом — як трохпакаёўка ў Беларусі. Ёсць уся мэбля, посуд і спальныя прынады. Камунальныя выдаткі аплочвае дзяржава. Да таго ж штотыдзень нам выдаюць каля 113 фунтаў на харчаванне і кішэнныя расходы. Гэтых грошай хапае, каб добра харчавацца, набыць нешта з добрай вопраткі ці абутку, аплочваць тэлефон. Я б сказаў, што жыць у такіх умовах шмат хто ў Беларусі нават не марыць.

Ад мясцовых дабрачынных арганізацый кожны дзень можна атрымліваць дапамогу прадуктамі харчавання, бытавой тэхнікай, вопраткай, абуткам — усё гэта добрай якасці, прадукты не пратэрмінаваныя. Я не магу ўявіць, што людзі тут маюць праблемы з такімі побытавымі рэчамі — гэта проста немагчыма!

Найперш цяпер мы засяродзіліся на вывучэнні мовы. Для ўсіх нас навучанне — галоўная мэта. Мы — студэнты мясцовага каледжа, вывучаем мову абсалютна бясплатна, да таго ж каледж аплочвае праязны на грамадскі транспарт.

Моцна нам дапамаглі і дапамагаюць прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары: падарылі два ровары, бяруць нас у вандроўкі па краіне, дапамагаюць інфармацыйна.

Мая дачка вучыцца ў школе, ёй таксама дапамагае дзяржава як і тысячам іншых дзецям мігрантаў. На пачатку навучальнага года даюць грошы, каб сабрацца ў школу, і ніхто не патрабуе справаздачу. Харчаванне ў школе для людзей, якія не маюць вызначаны статус, бясплатнае і адрозніваецца ад беларускага ў лепшы бок: садавіна, гародніна — колькі жадаеш, ёсць фастфуд — піца, бургеры і іншае, а таксама традыцыйныя стравы — рыс, бульба, мяса, рыба.

У вольны час мы падарожнічаем па краіне на аўто ці роварах. Я часам рамантую мясцовым дзецям ровары, дапамагаю некаторым мігрантам —рамантую паламаныя і нікому не патрэбныя ровары і аддаю ім задарма.

— Як да вас ставяцца мясцовыя чыноўнікі, людзі? Агулам распавядзіце пра атмасферу вашага жыцця.

— Што тычыцца прадстаўнікоў улады, дык кожны з іх робіць сваю справу, а ў чужое не лезе, калі не папросяць, заўжды ветлівыя і добразычлівыя.

Медыцына тут працуе паводле іншых прынцыпаў, чым у нас, але яна бесплатная на самай справе, у тым ліку і для тых, хто знаходзіцца часова, але на законных падставах. Мне, напрыклад, бясплатна палячылі зубы, выпісалі акуляры, выпісалі бясплатныя лекі. Ёсць свае асаблівасці, але, калі чалавек моцна захварэе, яму не будуць збіраць грошы ўсім светам, як гэта адбываецца ў Беларусі, яго абавязкова будуць добра і бясплатна лячыць.

Паліцыя заўжды ветлівая і не перавышае свае паўнамоцтвы — яны тут сябры людзей. Мяне ніводнага разу не спынялі на вуліцы, я не бачыў, каб паліцэйскі некага спыняў для праверкі дакументаў, ці, тым больш, каб яны затрымлівалі вулічных музыкаў, людзей, якія жывуць адрозна ад большасці…

Тут іншы лад — жыццё ідзе павольна, ніхто не спяшаецца, таму часам праблемы, вырашэнне якіх можна адкласці на заўтра, адкладаюць, але сур’ёзнымі справамі займаюцца хутка.

У іх сямігадзінны працоўны дзень і шмат выходных. Я б сказаў, тут людзі не проста жывуць, а атрымліваюць асалоду ад жыцця. Да замежнікаў мясцовыя жыхары ставяцца лепш, чым у нас да сваіх жа суграмадзян. Быў адзін раз на футболе: Шатландыя гуляла супраць Расіі. Многія заўзятары з Расіі сядзелі са сваімі сцягамі сярод мясцовых, і ніхто іх за гэта не пабіў.

— Бачу, што назіраеце за сітуацыяй у Беларусі. Сумуеце?

— Мне не дае спакою разуменне сітуацыі, якая склалася на Радзіме. Людзі ператвораны ў рабоў ды абслугоўваюць уладу. Я згадваю тысячы людзей, якія жывуць у цяжкіх умовах у Беларусі, — тыя, хто вярнуўся з турмаў, сур’ёзна хворыя людзі, жыхары малых пасёлкаў, вёсак, няпоўныя сем’і... Тое, што з'яўляецца выключэннем для нармальных дзяржаў, у Беларусі — норма. Так быць не павінна! Бо, на мой погляд, людзі аб’ядноўваюцца ў дзяржаву, каб забяспечыць годнае жыццё тым, хто не можа пра сябе паклапаціцца, каб стварыць умовы для развіцця здольным і здаровым. У нас жа, на мой погляд, дзяржава забяспечвае безбеднае існаванне адной сям’і, а астанія — жабракі. Гэта не дае спакою і прымушае нешта спрабаваць рабіць, бо Бог стварыў усіх людзей роўнымі!

Планаў у мяне пакуль няма. Вучыць мову, атрымаць адукацыю — галоўная задача. За сітуацыяй у Беларусі не толькі сачу, але і ўдзельнічаю ў яе жыцці пэўным чынам... Не дарэмна, як толькі я з'ехаў, “невядомыя добразычліўцы” пачалі дасылаць лісты ў многія замежныя арганізацыі з хлуслівай інфармацыяй пра мяне і маю працу ў Беларусі.

— Вы цяпер у каментарах крытыкуеце “Белсат”, але самі ж супрацоўнічалі з ім. Чаму такая негатыўная рэакцыя, што не так з тэлеканалам?

— Што тычыцца каментароў пра “Белсат”, то гэта мой погляд і ён не абавякова негатыўны. Калі я і крытыкую “Белсат”, то толькі персанальна некаторых асобаў. Людзей, якія дасылалі кіраўніцтву не адпавядаючыя рэчаіснасці паведамленні супраць мяне, а перад прыездам Агнешкі Рымашэўскай у Гомель увогуле распрацавалі "спецаперацыю" з удзелам некаторых мінскіх "калег", у мяне ёсць сведчанні гэтаму. Разам з тым гэтыя ж людзі адмаўляліся ад вострых тэм, то бок адмаўлялі людзям у інфармацыйнай падтрымцы, а я ехаў за сотні кіламетраў, каб дапамагчы людзям у бядзе ці выканаць заданне тэлеканала — без ніякіх дадатковых умоваў.

У канала цяпер цяжкі перыяд, дзіўныя рэчы адбываюцца з ім... Напрыклад, пазнікалі сотні відэа з вялікай колькасцю праглядаў. Разам з тым на канале працуе шмат людзей, якія цанілі мяне за працу — не за ліслівыя словы ці прыгожыя вочы. Гэта Агнешка Рымашэўская, Аляксей Дзікавіцкі, Алесь Карніенка, Людміла Далідовіч ды многія іншыя журналісты! Увогуле спадарыня Агнешка — вялікі патрыёт Беларусі, на ёй трымаецца “Белсат”, а мая крытыка заснаваная на фактах. Трэба звяртаць увагу на бяспеку. Я б параіў кіраўніцтву ўсё ж праверыць усіх без выключэння супрацоўнікаў канала наконт супрацы з КДБ, бо зламаць, завербаваць можна кожнага.

— Быць эмігрантам цяжка?

— Пакуль я сябе эмігрантам не адчуў...

— Вы апісалі сваё цяперашняе жыццё, яно выглядае аптымістычна. Не баіцеся, што пасля такога расповеду будзе шмат жадаючых папрасіць прытулак у Брытаніі. Дарэчы, чаму менавіта гэтую краіну абралі?

— Каб атрымаць прытулак, трэба мець на гэта падставы. Простага жадання для гэтага не дастаткова. Тым больш не кожны здолее сабраць волю ў кулак, кінуць усё. У мяне нашмат больш было матэрыяльнага, чым цяпер, я ўжо не кажу пра родных і сяброў — іх немагчыма кампенсаваць... Чаму Брытанія!? Не было іншых візаў у мяне, а ў Брытанію мы збіраліся на Каляды яшчэ раней. Так склалася пасля арганізаваных правакацый — я ратаваў сваю свабоду і жыццё!

***

За некалькі апошніх гадоў журналіста-фрылансера з Гомеля Кастуся Жукоўскага міліцыя затрымлівала дзясяткі разоў, каб перашкодзіць яго грамадскай і журналісцкай дзейнасці. Толькі ў 2018 годзе ў дачыненні Жукоўскага было складзена каля трох дзясяткаў адміністрацыйных пратаколаў нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.

Раённыя суды Гомельскай вобласці на падставе пратаколаў, складзеных паводле артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), шаснаццаць разоў каралі фрылансера буйнымі штрафам і адзін раз — за непавагу да суда. Агульная сума штрафаў склала 12 432,5 рублёў, што перавышае гадавы сярэдні заробак у Беларусі.

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях