18 ноября 2019, понедельник, 15:37
День второй
Рубрики

У Гародні адбудзецца «Дзень і ноч танцаў у гарадзенскіх дворыках»

У Гародні адбудзецца «Дзень і ноч танцаў у гарадзенскіх дворыках»

Наведвальнікаў запрашаюць далучыцца да традыцыйных танцаў, якія спрадвеку танцавалі нашыя продкі.

19-га кастрычніка 2019 года ў Гародні трэці раз адбудзецца міжнародная сустрэча «Дзень і ноч танцаў 19/Х/19 у гарадзенскіх дворыках», паведамляе racyja.com.

Наведвальнікаў запрашаюць далучыцца да традыцыйных танцаў, якія спрадвеку танцавалі нашыя продкі. У рэпэртуары — полькі, вальсы, факстроты, абэркі, мазуркі, фігурныя танцы. На танцполе дзейнічае прынцып: умееш — пачынаеш танцаваць, ня ўмееш — становішся ў кола і вучышся ад іншых.

Сустрэча збярэ музыкальныя капэлы з Беларусі, Польшчы, Латвіі і Расеі. Ахвотныя выканаўцы змогуць зайграць падчас вольнага мікрафона. У традыцыйнай музыцы рэй вядуць гармонік, дуда, скрыпка, цымбалы, труба, барабан. Музыкаў запрашаюць паджэміць разам перад ноччу танцаў на адмысловых музычных пляцоўках.

Упершыню ў Беларусі госці сустрэчы завітаюць на ярмарак майстроў музычных інструментаў, дзе змогуць пазнаёміцца з іх аўтарамі і калекцыянерамі.

Дзяцей чакае асобная пляцоўка з настольнымі гульнямі, традыцыйнымі танцамі ды забавамі.

Да таго ж, сустрэча дае выдатную магчымасць падняцца на званіцу і больш даведацца пра гарадзенскія званы.

Удзельнікам сустрэчы можа стаць кожны. Абавязковая рэгістрацыя.

ПРАГРАМА:

11.00 ГАРАДЗЕНСКІЯ ЗВАНЫ

(вуліцы Старой Гародні)

Тэматычны шпацыр з наведваннем дзейнай званіцы.

14.00 ЯРМАРАК МАЙСТРОЎ МУЗЫЧНЫХ ІНСТРУМЕНТАЎ

(Аграсядзіба „Гэлена„ , в. Казіміроўка)

Сустрэчы і знаёмствы з майстрамі, рэстаўратарамі і калекцыянерамі. Прэзентацыі музычных інструментаў.

Дэманстрацыя раней не друкаваных і мала вядомых відэастужак з прыватных архіваў этнаграфічных экспедыцый.

Музычныя джэм-пляцоўкі.

Дзіцячыя пляцоўкі з настолкамі, танцамі і гульнямі.

19.00 НОЧ ТАНЦАЎ 19/Х/19

(Аграсядзіба „Гэлена„ , в. Казіміроўка)

У танцавальнай праграме граюць: Kapela Niwińskich (Польшча), Kanka Franka (Польшча), Brička (Латвія), „От-Туда” (Расія), „На таку” (Беларусь), Folk Band Koliśnija / Капэля „Колісьнія” (Беларусь), Капэла Танцы Гарадзенскіх Дворыкаў (Беларусь)

Вольная сцэна: час для асобных музыкантаў, дуэтаў і капэл, створаных у межах сустрэчы.