12 декабря 2019, четверг, 6:20
Осталось совсем немного
Рубрики

Вінцук Вячорка: Каліноўскі – адзін з тых людзей, якія запачаткавалі сучасную, мадэрную беларускую нацыю

2
Вінцук Вячорка: Каліноўскі – адзін з тых людзей, якія запачаткавалі сучасную, мадэрную беларускую нацыю

Перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага - падзея стагоддзя.

Падзеяй стагоддзя лічыць грамадскі і палітычны дзеяч Вінцук Вячорка адкрыццё парэшткаў Кастуся Каліноўскага і іх перапахаванне, запланаванае ў Вільні на 22 лістапада, паведамляе “Радыё Рацыя”.

Таму Вячорка, як і сотні, а магчыма і тысячы беларусаў, збіраецца наведаць сталіцу Літвы і паўдзельнічаць у мемарыяльных цырымоніях:

– Я паеду на перапахаванне. Такія падзеі адбываюцца напэўна раз у жыцці, раз у стагоддзе. І несумненна, усе людзі, якім важна аднаўленне нашай гістарычнай памяці, мусяць быць там і ўдзельнічаць у гэтай урачыстасці хаця б дзеля таго, каб там было беларускае вока і беларускі дух. Кастусь Каліноўскі – адзін з тых людзей, якія запачаткавалі сучасную, мадэрную беларускую нацыю. Ягоны чын быў тым мастком, які злучыў імкненне адрадзіць колішнюю Рэч Паспалітую двух, дакладней кажучы, трох народаў, калі людзі яшчэ не надта ўсведамлялі да якой канкрэтна будучай нацыі яны належаць. І з другога боку, новы нацыянальны беларускі рух другой паловы 19 стагоддзя. Тое, што ён выбраў беларускую мову для сваіх зваротаў, тое, што ён ужываў слова „Беларусь” у якасці таемнага паролю, адназначна сведчыць, што ён ужо прыйшоў да беларускай ідэнтычнасці. І таму смехатворна і дакладна ў рэчышчы колішняй чарнасоценнай царскай і цяперашняй новаімперскай расейскай прапагандысцкай стратэгіі выглядаюць намаганні некаторых тутэйшых прынізіць Каліноўскага, выпхнуць яго з беларускага культурнага поля. Натуральна, што ён – беларус.

Мастак Аляксей Марачкін: Я хачу сказаць, што з самага пачатку гэтай дыскусіі, якую распачала група грамадзян Беларусі пра перанос парэшткаў у Беларусь, я быў супраць па той прычыне, што і Зянон Пазьняк. Трэба ўшанаваць там, дзе ён загінуў. Памяць – у нашых сэрцах. Але Вільня – апошні прытулак Каліноўскага. І з гэтым трэба лічыцца. Я паеду на перапахаванне. Такой урачыстай падзеі ў Беларусі не можа адбыцца пры сённяшняй уладзе.

Стваральнік і адзін з кіраўнікоў Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык: Тое, шо будзе перапахаванне Каліноўскага, вельмі важна для беларускай нацыі. У гэты час, калі зноў ёсць пагроза з Усходу, як Божы цуд нейкі тое, што пахаванне адбудзецца. Бо Кастусь Каліноўскі – вялікі беларус, які аддаў сваё жыццё за Беларусь, за беларускі народ, за свае перакананні. У сённяшніх умовах, калі ідзе гібрыдная вайна Расейскай Федэрацыі супраць Беларусі, Кастусь Каліноўскі – зброя беларускай нацыі супраць акупантаў.

Магчым, дзякуючы подзвігу Кастуся Каліноўскага, яго паплечнікаў, а таксама наступных пакаленняў беларускіх адраджэнцаў, гэтая ўсходняя навала ўсё такі будзе спынена беларусамі, – кажа Вячаслаў Сіўчык.