22 января 2020, среда, 23:24
Осталось совсем немного
Рубрики

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў працягвае біцца за праўду

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў працягвае біцца за праўду

З’явіліся новыя факты, звязаныя з Курапацкай вартай.

Як раней паведамляў «Новы Час», 27 чэрвеня 2018 года Злата Савостава за стырном аўто «Таёта» наехала на ўдзельніка Курапацкай варты Леаніда Кулакова. Пасля наезду машына з'ехала з месца здарэння. Леаніда Кулакова забралі ў шпіталь на «хуткай». У яго быў дыягнаставаны пералом локцевага сустава левай рукі, пасля зажыўлення рука часткова страціла працаздольнасць.

Пацярпелы падаў у суд пазоў супраць Златы Савоставай. Па ім суддзя Першамайскага суда Мінска Наталля Петух пастанавіла спагнаць з маці адказчыцы Святланы Савоставай (паколькі ёй належыў аўтамабіль) маральную кампенсацыю ў памеры 500 рублёў, 34 рублі 93 капейкі за экспертызу, а таксама 76 рублёў 50 капеек дзяржпошліны.

Пасля таго пасяджэння Леанід Кулакоў напісаў заяву, у якой запатрабаваў спагнаць з адказчыцы грошы за правядзенне дадатковай медыцынскай экспертызы, сродкі на якую збіралі талакой. Суд пастанавіў, што кошт экспертызы — 1870 рублёў — Кулакоў і Савостава аплацяць напалам, гэта значыць, па 935 рублёў кожны. Святлана Савостава паспрабавала абскардзіць пастанову, але суд пакінуў яе без зменаў.

Але актывіст таксама не пагадзіўся з такім рашэннем суда і падаў яшчэ адну заяву з патрабаваннем пазбавіць Злату Савоставу правоў кіроўцы. Але 25 лістапада суд адмовіў у задавальненні пазову Кулакова.

«Савостава казала, што яна ненаўмысна наехала на мяне, і з'ехала з месца здарэння таксама ненаўмысна. Але ёсць відэа, дзе ўсё гэта бачна. Калі б такое здарэнне адбылося ў любым іншым месцы ў горадзе, яе адразу пазбавілі б правоў на пяць гадоў і аштрафавалі б на вялікую суму. Але ў выпадку з абаронцамі Курапатаў такога на адбываецца», — пракаментаваў актывіст «Новаму Часу».

На відэа з камер назірання рэстарану «Поедем поедим», якое перадаў «Новаму Часу» Леанід Кулакоў, пачынаючы з 1 хвіліны 40 секунд бачна, як адбываецца наезд: аўтамабіль едзе наўпрост на людзей, прыпыняецца, потым спрабуе ехаць зноў. Некалькі ўдзельнікаў Варты падаюць, у тым ліку Кулакоў. Потым ён уздымаецца і трымаецца за пашкоджаную руку. Аўтамабіль спачатку ад'язджае, а потым увогуле з'язджае з месца ДТЗ.

Затое цяпер самога Леаніда Кулакова выклікаюць у суд 11 снежня. На пасяджэнні будуць разглядаць справу аб пазбаўленні яго права кіраваць аўтамабілем і забароне выезду за мяжу. Пад такія санкцыі Кулакоў трапіў праз нясплачаны штраф у 45 базавых за ўдзел у малітве каля Свята-Духава кафедральнага сабору 7 красавіка пасля крыжалому ў Курапатах.