17 апреля 2024, среда, 1:01
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Вячаслаў Шалькевіч: Лістоў Каліноўскага да беларусаў было значна больш

Вячаслаў Шалькевіч: Лістоў Каліноўскага да беларусаў было значна больш

Дасьледчык распавёў нечаканыя факты.

Аўтар кнігі «Кастусь Калиновский. Страницы биографии» (Мн. 1988) доктар філязофскіх навук Вячаслаў Шалькевіч у інтэрвію Радыё Свабода расказвае пра вынікі сваіх шматгадовых пошукаў спадчыны Каліноўскага і пра сваю новую кнігу аб ім.

Наперадзе навуку чакаюць новыя адкрыцьці спадчыны Каліноўскага

— Ці лічыце вы, што ў біяграфіі і спадчыне Каліноўскага яшчэ ня ўсё знойдзена і яшчэ ня ўсё сказана?

— Так, лічу. Справа ў тым, што ў жыцьці Кастуся Каліноўскага былі розныя пэрыяды, ён жыў у розных месцах, і шмат з таго, што яго атачала, захавалася.

Вячаслаў Шалькевіч

Калі я быў маладым чалавекам, я хацеў знайсьці хоць адну кнігу зь бібліятэкі Сьвіслацкай гімназіі. Гэтую бібліятэку перавялі ў Шаблі, я так туды і не дабраўся.

Каліноўскі жыў у Санкт-Пецярбургу каля пяці гадоў. І вось яны з братам Віктарам стварылі сваю бібліятэку. Віктар зарабляў тым, што перапісваў старыя манускрыпты ў бібліятэцы. У часе жыцьця ў Пецярбургу Кастусь Каліноўскі быў вельмі веруючым чалавекам, рэгулярна хадзіў у касьцёл. Магчыма, пра яго ёсьць нешта недзе і ў касьцельных архівах.

Іншы этап жыцьця — падрыхтоўка паўстаньня. У нас было тады шэсьць губэрняў — Віленская, Ковенская, Горадзенская, Менская, Магілёўская і Віцебская. Чатыры першыя называліся літоўскімі, дзьве апошнія — беларускімі. Самы вялікі паўстанцкі рух назіраўся ў літоўскіх губэрнях. У Горадні і Менску было неверагодна моцна. Менск быў адным з самых значных цэнтраў паўстаньня. У Магілёве трошку было. Тады ўся перапіска вялася яшчэ на польскай мове — і з Варшавай, і інструкцыі, і загады.

Каліноўскі, вядома, арганізаваў Літоўскі правінцыйны камітэт. Але думкі яго былі зусім не такія, каб падпарадкоўвацца Варшаве заўсёды і ўсюды. Падчас паўстаньня ён стаў другі раз на чале ўраду ў чэрвені 1863 году і кіраваў урадам 6 месяцаў да свайго арышту. І вось тут ён стаў праводзіць палітыку, якая зусім не падабалася Варшаве. І вось у гэты пэрыяд паўстанцкая дакумэнтацыя пачала весьціся па-беларуску. Вядома, ня ўся. З Варшавай трэба было перапісвацца па-польску. Але ўвядзеньне беларускай мовы вельмі занепакоіла Варшаву.

Вось тыя шэсьць месяцаў — гэта зорны час Каліноўскага. Тады нарадзілася (а больш дакладна — была сфармуляваная Каліноўскім) беларуская нацыянальная ідэя. Сутнасьць яе вось у чым: стварыць на беларускай зямлі найбольш спрыяльныя ўмовы (палітычныя, гаспадарчыя і духоўныя) для самадзейнасьці, разьвіцьця і росту беларускай нацыі. І вось гэтыя шэсьць месяцаў — менавіта тое, што Каліноўскі рабіў у гэты час — амаль не дасьледаваныя.

Яшчэ раз паўтараю: менавіта гэтыя шэсьць месяцаў — лета і восень 1863 году — гэта зорны час палітычнай думкі і палітычнай дзейнасьці Каліноўскага. Ён ня толькі сфармуляваў беларускую ідэю, ён пачаў ствараць беларускі ўрад такім чынам, каб адпавядаць задачам дня. Дакумэнтаў таго часу мала знойдзена, але яны павінны недзе быць.

Міт пра Каліноўскага-паляка ідзе ад Мураўёва

— Як бы вы адказалі тым, хто называе Каліноўскага палякам, які толькі з тактычных меркаваньняў карыстаўся беларускай мовай і зьвяртаўся на ёй да беларускіх сялян?

— Гэта думка графа Міхаіла Мураўёва. Паколькі яны стварылі Віленскую палітычную па асаблівых справах камісію для пакараньня паўстанцаў, то стараліся не адшукаць сапраўдныя прычыны паўстаньня, сапраўдныя матывы і мэты Каліноўскага, але стараліся найперш паўстанцаў пакараць.

Паколькі дакумэнтацыя паўстаньня была пераважна польскамоўная, значыць, і паўстаньне — польскае. Гэта думка Мураўёва-вешальніка. Таму і Каліноўскага яны абвясьцілі палякам, польскім рэвалюцыянэрам.

Галоўная памылка ў тым, што ні Мураўёў, ні яго памагатыя ня бачылі беларускай нацыі, якая ўдзельнічала ў паўстаньні і паступова сфармулявала ў ім свой парадак дня, свае патрэбы — палітычныя, гаспадарчыя і духоўныя. Яны папросту да гэтага не дайшлі. Для іх галоўнае было пакараць і ня даць гэтай зямлі адарвацца ад Расейскай імпэрыі.

Каліноўскі — гэта вызнаўца рамантызму. Спачатку ўзьнікае культурны рамантызм у форме інтарэсу да сваёй культуры, побыту, фальклёру і так далей. А наступны этап — палітычны рамантызм. І вось наш Кастусь Каліноўскі быў палітычным рамантыкам, бо дбаў пра свой народ і сваю нацыю, чаго ня ўбачыў Мураўёў. Каліноўскі выкарыстаў гэты рух, асягнуў яго, каб падняць гэтыя мэты.

Ужо Ластоўскі і яго пасьлядоўнікі паглядзелі на гэта зусім па-іншаму. Таму існуе дзьве гістарыяграфіі паўстаньня: мураўёўска-ратчаўская, якая ідзе ад публікацый Мураўёва, Ратча, Гогеля і іншых, што глядзелі на паўстаньне як на польскае. А іншая гістарыяграфія глядзіць на паўстаньне як на беларускае нацыянальнае паўстаньне, нацыянальны рух, які ставіў сабе мэту рэалізацыі беларускай нацыянальнай ідэі. І гэта абсалютна правільна.

Але па часе першаю паўстала мураўёўская гістарыяграфія — успаміны Мураўёва, кніга Ратча, пасьля Гогеля — усё гэта зьявілася ўжо ў 60-я гады ХІХ стагодзьдзя. А Ластоўскі пачаў пісаць ужо ў гады Першай усясьветнай вайны, а яго пасьлядоўнікі далучыліся яшчэ пазьней. Гэта Адам Станкевіч, Генадзь Кісялёў, Уладзімер Конан і іншыя.

Уявіце сабе — чалавек чакае сьмерці і піша на роднай беларускай мове! Ён жа мог і па-польску пісаць, але піша па-беларуску публіцыстычныя творы і верш «Марыська чарнаброва, галубка мая».

«Лістоў з-пад шыбеніцы» было ня тры, а болей

— Вы сказалі, што нас яшчэ чакаюць новыя адкрыцьці спадчыны Каліноўскага. Якога характару гэта могуць быць дакумэнты?

— Тут важна сказаць, што ня ўсё з таго, што напісаў Каліноўскі па-беларуску, знойдзена. У мяне ёсьць успаміны асобы, якая добра тую эпоху ведала, і якая сьведчыць, што ня ўсё, што Каліноўскі напісаў, сёньня нам вядома. Гэтая асоба напісала, што толькі частку з таго, што пісаў Каліноўскі за паўтара месяца, што ішло сьледзтва, яму ўдалося перадаць на волю.

Я знайшоў у Польшчы рукапіс успамінаў асобы, якая ўсе вядомыя рукапісы Каліноўскага прапусьціла праз свае рукі. Так што Кастусь перадаў толькі частку таго, што напісаў, а другую частку забралі сьледчыя — рознымі спосабамі, але яны гэта ў яго забралі.

Забраная частка невядома дзе. Можа ў паперах Мураўёва, можа ў Ратча, можа ў Гогеля.

Было ня тры «Лісты з-пад шыбеніцы», было больш. І ў Парыжы надрукавалі толькі частку з таго, што вывезьлі зь Вільні. Я якраз над гэтым працую. Трэба шукаць у Францыі, у Польшчы, трэба туды ехаць.

— Дык можа варта як найхутчэй успаміны той асобы, якія вы знайшлі, перакласьці на беларускую мову і апублікаваць?

— Я думаю над гэтым. Яны знаходзяцца ва Ўроцлаве ў бібліятэцы Асалінскіх. Асоба, якая напісала гэтыя ўспаміны, была вельмі блізкаю да Кастуся Каліноўскага. Гэта родная сястра яго нарачонай Марысі Ямант.

— Няўжо Людвіка?

— Так, Людвіка.

— У нядзелю, 24 лістапада, я быў на яе магіле на могілках Росы ў Вільні.

Фото: «Радыё Свабода»

— Значыць, яна там пахаваная?! Бачыце, а я шукаў яе магілу ў Варшаве, яна там жыла пасьля вызваленьня. Вось як бывае! Яе ўспаміны былі ў Лодзі, у сваякоў, а ў 1953 годзе іх купіла бібліятэка. І вось я іх упершыню прачытаў. Яна, бедная, пісала іх на польскай мове, хаця любіла беларускую... Марыська чарнаброва — гэта яе сястра. Я маю поўную копію яе рукапісных успамінаў.

Там вельмі цікавыя падрабязнасьці функцыянаваньня кансьпірацыйнай пошты. Напрыклад, трэба было плаціць вялікія грошы і г. д.

— Вы маеце на ўвазе перапіску паміж турмой і воляй?

— Так, так, калі Каліноўскі перапісваўся зь людзьмі на волі, знаходзячыся ў зьняволеньні. Гэта такі агульны сшытак, цалкам сьпісаны. Людвіка Ямант — гэта выдатная асоба, яна была пасьля забытая ўсімі, хаця раней шмат каму дапамагала.

— Вядома, што вы цяпер працуеце над новай кнігай пра Каліноўскага. Што гэта будзе?

— Гэта кніга пад назвай «Велічны помнік беларускага рамантызму». Падзагаловак — «Нататкі аб вершы „Марыська чарнаброва, галубка мая“»". Кніга складаецца зь пяці разьдзелаў.

Гэта здаецца, што пра адзін верш можна напісаць мала. Не, гэта цэлая старонка жыцьця Каліноўскага ў зьняволеньні. Я напісаў пра гэта кнігу.

— А вы спрабавалі шукаць невядомую спадчыну Каліноўскага?

— У сваіх успамінах Людвіка Радзевіч зь Ямантаў піша, што частка беларускамоўнай спадчыны Каліноўскага засталася ў сьледчай камісіі. Значыць, паперы маглі быць у архіве або Мураўёва, або Ратча, або Гогеля.

Мне здаецца, што гэтую спадчыну Каліноўскага хацеў выкарыстаць Гогель, ён жа сам паходзіў з Магілёва. Ён старэйшы за Каліноўскага толькі на два гады, зрабіў на гэтай справе кар’еру, апублікаваў дзьве кнігі пра паўстаньне.

Мне здаецца, што ён хацеў пісаць пра Каліноўскага асобную кнігу. Але ён памёр у вельмі маладым узросьце.

— Што вам удалося знайсьці падчас пошукаў спадчыны Каліноўскага?

— Пра невядомы верш Кастуся Каліноўскага, які быў перад Другой усясьветнай вайной у распараджэньні польскага гісторыка беларускага паходжаньня Генрыка Масьціцкага, я вам расказваў.

А там быў і другі паэт, паплечнік Каліноўскага. Гэта Фэлікс Ражанскі. Ён напісаў «Маршавую песьню беларускіх паўстанцаў». Я не магу на памяць яе вам прадыктаваць, але гэты верш існуе. Гэта маршавая песьня, і яе сьпявалі ўсе атрады беларускага апалчэньня. З тэксту адразу відаць, што гэта піша не паляк. Я магу па памяці прывесьці два радкі:

Гэй-га, разам, хлопцы,

Гэй-га, мы малойцы...

Далей, на жаль, ня памятаю, але ў наступных радках гаворыцца, што «мы — беларусы», але разам з палякамі змагаемся за нашу вольнасьць. Гэтая песьня складалася прыкладна з 12–16 радкоў.

Так што маем ня толькі другі верш Каліноўскага — вялікага рамантыка часоў паўстаньня, але і верш ягонага паплечніка Фэлікса Ражанскага.

— На заканчэньне пытаньне пра вашага калегу. Як вы ацэньваеце «каліноўсказнаўчую» працу Генадзя Кісялёва?

— Генадзь Васілевіч — гэта сьветлы чалавек, чалавек, які сьвеціцца. У нас былі філяматы і філярэты ў часы Міцкевіча. Філямат — гэта чалавек, які любіць навукі і наогул любіць, у самым шырокім сэнсе. А філярэт — гэта той, хто сьвеціцца, хто хоча зрабіць гэты сьвет больш маляўнічым і сьветлым. Вось такім быў Генадзь Кісялёў.

Пасьля вайны ў Маскве і Варшаве выходзіў збор дакумэнтаў «Паўстаньне 1863 году. Матэрыялы і дакумэнты». Выйшла каля 25 тамоў. І вось два зь іх уклаў Генадзь Кісялёў. Першы называўся «Рэвалюцыйны пад’ём у Беларусі напярэдадні паўстаньня 1863 году». Ня памятаю, колькі дакладна старонак — можа 600, можа 900. А другі — «Паўстаньне 1863 году. Матэрыялы і дакумэнты». І вось там была апублікаваная «Мужыцкая праўда» і іншыя матэрыялы з часоў паўстаньня.

Тое, што зрабіў Генадзь Васілевіч, робяць цэлыя інстытуты. Дый тое цяпер ужо ня робяць, чакаюць, пакуль нехта іншы зробіць.

Таму ўклад Генадзя Васілевіча непараўнальны ні з кім з гісторыкаў, якія працавалі над тэмай паўстаньня 1863 году ў Беларусі і Літве і над тэмай Кастуся Каліноўскага.

Я б назваў Генадзя Васілевіча Кісялёва клясыкам беларускай гістарычнай навукі ХХ стагодзьдзя.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях