29 марта 2024, пятница, 14:03
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Намесьніка Пазьняка судзяць за Дзяды і мітынг у Курапатах

10
Намесьніка Пазьняка судзяць за Дзяды і мітынг у Курапатах
Юрась Беленькі (зьлева) у судзе

Міліцыянтыпатрабуюць ад арганізатараў больш за 9,5 тысяч рублёў за паслугі ў ахове шэсьця.

У Менскім раённым судзе пачаўся адміністрацыйны працэс над намесьнікам старшыні КХП-БНФ Юрасём Беленькім. Яго судзяць як арганізатара шэсьця на Дзяды і мітынгу ў Курапатах 3 лістапада. Міліцыянты зь Першамайскага і Савецкага РУУС Менску патрабуюць ад арганізатараў больш за 9,5 тысяч рублёў за паслугі ў ахове шэсьця, паведамляе svaboda.org.

Напярэдадні пратаколы на Юрася Беленькага склалі і ў Менскім раённым упраўленьні міліцыі, дзе цану сваіх паслуг дзеля аховы мітынгу ў Курапатах яшчэ не падлічылі. Юрася Беленькага судзяць паводле часткі 2 артыкулу 23.34 закону аб масавых мерапрыемствах. Сёньня, 3 сьнежня, справу пачаў разглядаць судзьдзя Менскага раённага суду Віктар Шаўцоў.

Перад пачаткам пасяджэньня

Адмаўляўся заключаць дамову на ахову шэсьця

Юрась Беленькі не прызнае віны і адмаўляўся заключаць дамовы зь міліцыянтамі на ахову шэсьця і мітынгу ў Курапатах. Суду ён патлумачыў, што, па-першае, ня быў арганізатарам акцыі, хоць і падпісваў заяву як намесьнік старшыні КХП-БНФ.

«Арганізатарам ёсьць юрыдычная асоба — партыя КХП-БНФ. Паводле закону зь ёй і трэба суду разьбірацца, а не пачынаць справу супраць фізычнай асобы», — даводзіў Юрась Беленькі.

Таксама палітык нагадаў суду закон «Аб органах унутраных справаў Рэспублікі Беларусі», паводле якога ў абавязак міліцыі ўваходзіць ахова грамадзкага парадку. Шэсьце і мітынг 3 лістапада, як даводзіў Юрась Беленькі, былі захадамі некамэрцыйнага характару, таму заключаць дамовы на іх абслугу, у тым ліку ахову, ня трэба.

Сьведка па справе разам з супрацоўнікамі ў цывільным

Апроч гэтых аргумэнтаў, Юрась Беленькі спасылаўся на міжнародныя акты, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусьсю, у якіх дзяржава прызнала вяршэнства Канстытуцыі над законамі і падзаконнымі актамі. Паводле Канстытуцыі, урад Беларусі ўзяў на сябе абавязак забясьпечыць права грамадзянаў на мірныя сходы і ня мусіць браць плату зь іх арганізатараў, даводзіў Юрась Беленькі. Палітык расказаў суду, што ня першы год змагаецца за рэалізацыю гэтага права і дасягнуў пэўных вынікаў.

Першая справа за 5 гадоў

У 2014 годзе Юрася Беленькага тройчы штрафавалі як арганізатара мірных вулічных акцыяў за адмову аплаціць паслугі міліцыі і камунальнікаў. З матэрыяламі гэтых справаў палітык зьвярнуўся у Камітэт правоў чалавека ААН, дзе ягоную скаргу зарэгістравалі і заклікалі ўрад Беларусі перагледзець судовыя рашэньні супраць яго.

«І на гэтае рашэньне ўрад Беларусі мусіў адказаць. Прычым у адказе не аспрэчвалася само патрабаваньне Камітэту правоў чалавека ААН што да маёй справы, а толькі сьцьвярджалася, што нібыта я ня выкарыстаў усіх магчымасьцяў для абскарджваньня. Але пры гэтым цягам 5 гадоў мяне больш не прыцягвалі да адказнасьці за такія ж акцыі. І вось цяпер нечакана зноў завялі справу. Але яна яўна незаконная, і гэта я суду дакажу», — спадзяецца Юрась Беленькі.

Паводле Юрася Беленькага, напярэдадні шэсьця і мітынгу 3 лістапада кіраўніцтва КХП-БНФ пісьмова папярэдзіла Менскі абласны выканаўчы камітэт, што адмаўляецца заключаць дамовы на ахову ды іншыя паслугі. У дакумэнце названыя прычыны такога рашэньня. Судьдзя захацеў пазнаёміцца з гэтым дакумэнтам і папрасіў Юрася Беленькага на наступным паседжаньні падаць яго суду.

Працэс адновіцца 9 сьнежня, а 14 гадзіне.

«Задушыць любымі сіламі»

«Тое, што міліцыя пераблытала, хто арганізатар Дзядоў, гэта адно. Што суды некампэтэнтныя ў заканадаўстве аб масавых мерапрыемствах — другое. Але асноўнае, што гэта адбываецца акурат у той момант, калі фінішуе гэтак званая шчыльная інтэграцыя з Расеяй. Для ўладаў галоўнае — любымі спосабамі задушыць сілы, якія могуць арганізаваць пратэсты супраць паглынаньня Беларусі Расеяй», — мяркуе намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.

У будынак Менскага раённага суду гэтым разам не пусьцілі здымачную групу тэлеканалу Белсат. Раней у журналістаў тэлеканалу такіх праблемаў у гэтым судзе не ўзьнікала.

Написать комментарий 10

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях