24 апреля 2024, среда, 19:19
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Кожная аўтарытарная сістэма абавязкова падыходзіць да краху

2
Кожная аўтарытарная сістэма абавязкова падыходзіць да краху
Сяргей Законнікаў

Ноты песімізму выразна загучалі і ў гаворцы двух правіцеляў.

Пачыналася аўтарытарнае праўленне ў Беларусі з зацяганага ў гісторыі чалавецтва папулізму — карупцыянераў пасаджу за краты, заводы запушчу, жанчынам дам па мужыку, а мужыкам — па пляшцы. У час постсавецкай эйфарыі, якая затуманіла галовы, многія суайчыннікі паверылі ў «светлую перспектыву».

Адразу паведамляю, што мяне ў шэрагах абнадзеяных абарыгенаў не было. У той час я працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», быў аўтарам адзінаццаці кніг, меў разумную і прыгожую жонку, любімых, не менш разумных і прыгожых дзвюх дачок, а на пляшку, калі мелася патрэба, мог зарабіць сам. Таму да бадзёрых, нахрапістых лозунгаў дырэктара саўгаса ставіўся не толькі з грэблівай усмешкай, але і з вялікім скепсісам. Уласнае разуменне небяспечнай сітуацыі праз прэсу і публічныя выступы даносіў да людзей. Многія публікацыі выходзілі менавіта пад рубрыкай «Трывожны роздум пісьменніка».

Быў і застаюся прыхільнікам парламенцкай рэспублікі, якая найбольш прыдатная для беларусаў, але пасля ўвядзення пасады прэзідэнта стаў даверанай асобай С. Шушкевіча на выбарах. Тады ў грамадстве панаваў палітычны хаос, а таму з уключаных у спіс прэтэндэнтаў, з улікам адукаванасці, культуры і неагрэсіўнасці, ён быў лепшай кандыдатурай, што, на жаль, засталося незразумелым на ўсё і ўсіх азлобленым людзям.

На пераходны перыяд ад савецкага «мяккага таталітарызму» да дэмакратыі Станіслава Станіслававіча трэба было выбіраць яшчэ і з той прычыны, што ў яго быў першы вопыт кіравання незалежнай дзяржавай на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета, стасункі з лідарамі розных краін.

Сёння мала хто ўспамінае выдуманую ў студзені 1994 года кіраўніком г.зв. «антыкарупцыйнай камісіі», дэпутатам А. Лукашэнкам «скрыню цвікоў», якая стала прычынай для адстаўкі спікера С. Шушкевіча. Між тым якраз нагавор, распаўсюджаны СМІ і адразу аброслы фантастычнымі плёткамі сярод насельніцтва, выбіў рэальнага канкурэнта з будучага спаборніцтва. У палітычнай сітуацыі, якая існавала, звычайна выбіраюць дзеючага лідара, бо ён на слыху. Так было ў многіх краінах.

«Скрыня цвікоў» сплыла ў Лету, а татальная карупцыя, якая расквітнела ў Беларусі і ў суседняй Расіі, стала апошнім цвіком, загнаным у дамавіну кволай дэмакратыі, надзейным механізмам утрымання аўтакратамі ўлады. На словах чвэрць стагоддзя з ёй змагаюцца як правіцелі, так і іхнія стаўленікі на месцах. А на справе начальнікі (ад сталіцы і да вёсак!) у ёй удзельнічаюць і ў любую хвіліну могуць сесці за турэмныя краты. Кампрамат на іх напагатове, чакаецца толькі каманда: «Фас!» А таму злачынцы стараюцца красці ў межах дазволенага «царамі», не перасякаюць чырвонай рысы. Але ўсёдазволенасць, разбэшчанасць, цынізм і нахабства часта іх падводзяць. У Беларусі спіс «горячих парней и девушек», ласых да казённых грошай, расце штодзённа, яго папаўняюць прадстаўнікі розных сфер.

У Расіі пасля затрымання сенатара Р. Арашукава і яго бацькі нарадзіўся жарт: «Когда Чайка (генеральны пракурор РФ) вышел на трибуну Совета Федерации и объявил, что сейчас будут арестовывать преступника, к выходу рванули все, включая Матвиенко (старшыня Савета Федэрацыі)… И только Арашуков остался сидеть — он не знал русского языка. Его задержали».

Жарт выдатны, але асабіста мне смяяцца не хочацца. Прад вачыма паўстаюць апублікаваныя дакументы, сведчанні, якія расказваюць пра дачыненне да маштабнай карупцыі сына В. Матвіенка і яе самой. Пра норавы сучаснай «эліты» сведчыць грандыёзная папойка алігархаў і службовых асобаў на «рэвалюцыйным» крэйсеры «Аврора». Яны танцавалі там пад спеў С. Шнурава і яго групы: «Я дикий мужчина — яйца, табак, перегар и щетина!», бо артысты на баржы падплылі да карабля з гулякамі. Губернатар В. Матвіенка, якая ўзнялася на палубу, спачатку грозна заявіла: «Что вообще происходит в моем городе?», а затым кінулася ў скокі з падвяселенай публікай. А нядаўна яна, унесеная ў спіс самых багатых жанчын свету, паведаміла, што лічыць «недостаточно высокой зарплату сотрудников аппарата Совета Федерации». Мільярдаў долараў ёй не хапае на пражыццё! Сямейка генеральнага пракурора, які арыштоўвае іншых, таксама з галавой загрузла ў карупцыйных махінацыях.

Сітуацыя з карупцыяй у Беларусі нічым не адрозніваецца ад расійскай. Проста ўсё крыху драбнейшае — «адкаты», хабар, крадзяжы, палацы. А ўвогуле, цяпер дзеці, родзічы ўсіх начальнікаў і самі яны — сталі самымі паспяховымі прадпрымальнікамі, камерсантамі. Здольнасці з іх лезуць, як падышоўшае цеста з дзяжы.

Але ад дзейнасці «эліты» адбываецца не рост, а заняпад эканомікі. У сітуацыі падзення коштаў на энерганосьбіты рэжыму У. Пуціна не застаецца нічога іншага, як «усиливать фискальное давление на простых граждан и ограничивать социальные затраты», што і адбываецца. Гэты метад даўно выкарыстоўвае беларускі рэжым.

Нядаўна знаёмы пенсіянер са злосцю і адчаем прамовіў: «Нейкі дурны час настаў. Тэлевізар не магу ўключаць. То расказваюць, што Беларусь і Расія ва ўсім першыя ў свеце, то чарговага начальніка за адно месца хапаюць і валакуць за краты, то круцяць фільмы, дзе адны міліцыянеры і злачынцы, дзе кроў, садызм, згвалтаванні і забойствы. 150 тэлеканалаў, і ніводны глядзець немагчыма. Куды чалавеку падзецца?» Кажу яму: «А вы ўключыце кампутар і там пашукайце талковае, праўдзівае і прыдатнае для душы». Былы савецкі чыноўнік уздыхае: «Дзе ўжо мне да таго кампутара!

Відаць, так і памру з «саўгаснай праўдай»…»

Трымацца на плыву аўтарытарнай цягамоціне, хоць яна загнала народы ў тупік і высмоктвае да канца іхнія сілы, дапамагаюць не толькі еўрапейскія, азіяцкія і амерыканскія дзялкі, якія маюць у Беларусі і Расіі неблагі навар. У ганебным працэсе ўдзельнічаюць і тытулованыя дэмакраты Еўропы і ЗША, што зрабілі стаўку на перавыхаванне ўзурпатараў улады. А тыя рады старацца — робяць міны зацікаўленых школьнікаў: «Шаноўныя, вучыце нас, вучыце!». Але цікавасць да дэмакратычнага ладу жыцця ў іх галовах і не начавала. Ім патрэбны толькі грошы, выгадныя пазыкі, перадавыя тэхналогіі, інвестыцыі.

Паказальныя невераемным абсурдам стасункі Еўропы з Беларуссю. Пакуль «дабрадзеі» абслугоўваюць фінансавымі і матэрыяльнымі шчадротамі чыноўніцка-алігархічна-вайсковы клан, той публічна здзекуецца над імі, запускаючы на ваенных палігонах смертаносныя «Полонезы» пад гімн Еўразвязу. Калі б Захад ставіўся да разапселых нахабаў прынцыпова, то такога цырку яны не наладжвалі б, іх даўно не было б на палітычнай арэне.

Але ўсё роўна кожная аўтарытарная сістэма абавязкова падыходзіць да краху. Група расійскіх вучоных пад кіраўніцтвам М. Дзмітрыева зрабіла выснову: «Россию ожидает будущее слабой, отсталой страны». Тое ж чакае і заняволеную Беларусь.

Большасць беларусаў і расіян жывуць з паніклымі галовамі. Нягледзячы на паказную бадзёрасць, ноты песімізму выразна загучалі і ў гаворцы двух правіцеляў, іх памагатых. Што ні нарада, то абмеркаванне правалаў у нейкай галіне гаспадарання, разнос, лаянка. А. Лукашэнка на апошняй сустрэчы з расійскімі журналістамі ўжо не хваліўся «поспехамі», а толькі жаліўся.

Усё адбываецца, як у песні: «Ромашки спрятались, поникли лютики…»

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях