28 марта 2024, четверг, 16:13
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Войска БНР: як дзейнічалі ўзброеныя фармаванні беларусаў у Літве

Войска БНР: як дзейнічалі ўзброеныя фармаванні беларусаў у Літве

Геапалітычная сітуацыя для жаўнераў БНР была няпростай.

На фоне моцнага нацыянальнага руху, які разгарнуўся пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Польшчы, Фінляндыі, ва Украіне і ў краінах Балтыі, поспехі беларусаў выглядалі больш чым сціпла. І ўсё ж, нягледзячы на вялізны супраціў з боку бальшавікоў, палякаў і літоўцаў, беларускім дзеячам удалося абвясціць БНР і пачаць ствараць вайсковыя часткі. 2-я сесія Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (15 (28) кастрычніка 1917, Менск), піша «Радыё Рацыя».

Пад час Кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе ў Менску была створана Вялікая беларуская рада, а пры ёй – вайсковая камісія. Ініцыятарамі стварэння камісіі былі афіцэры ваеннага часу, у мінулым настаўнікі Кастусь Езавітаў і Сымон Рак-Міхайлоўскі.

Неўзабаве да беларускага руху далучыўся генерал-лейтэнант Кіпрыян Кандратовіч, якому было перададзена кіраванне вайсковай камісіяй. Намаганнямі генерала Кандратовіча была дасягнута дамоўленасць са стаўкай Вярхоўнага галоўнакамандуючага расейскімі арміямі пра стварэнне беларускіх вайсковых частак.

Загадам начальніка штаба вярхоўнага галоўнакамандуючага генерала Бонч-Бруевіча ад 24 лістапада 1917 г. №937 было дазволена фармаванне Беларускага пяхотнага палка ў складзе трох батальёнаў. Праз некалькі дзён генерал Кандратовіч быў адхілены са сваёй пасады, і кіраўніком вайсковай камісіі стаў паручнік Кастусь Езавітаў.

Генерал Кіпрыян Кандратовіч Беларускі пяхотны полк пачаў фармавацца ў Менску, і да пачатку снежня ў яго запісалася 350 чалавек. Але ў палка не было ні казармаў, ні зброі, ні грошай. У лістападзе 1917 г. працэс “беларусізацыі” таксама пачаўся ў некаторых злучэннях і частках расейскай арміі ў Віцебску, Смаленску, у раёне Пскова і Воршы.

На Румынскім фронце, дзе нацыяналізацыя расейскай арміі праводзілася пад эгідай камандуючага генерала Шчэрбачова, быў “беларусізаваны” цэлы корпус – 4-ы армейскі, у складзе 30-й і 40-й дывізіі, што раней дыслакаваўся ў Беларусі і ўкамплектоўваўся пераважна беларусамі. Акрамя гэтага, на Румынскім фронце было аб’яўлена пра “беларусізацыю” 43-й пяхотнай дывізіі, 6-га Таўрогенскага памежнага коннага палка і двух дружынаў.

Пасля развалу фронта Першай сусветнай вайны ўсе гэтыя часткі былі расфармаваныя румынамі ці немцамі. Бальшавікі зразумелі, што нацыяналізацыя вядзе да страты імі ўлады, і паспрабавалі спыніць працэс вылучэння жаўнераў з расейскіх частак паводле нацыянальнай прыкметы.

На тэрыторыі Беларусі ўплыў бальшавікоў быў пераважаючым. Яны разагналі ў Менску ўсе беларускія нацыянальныя арганізацыі, а Беларускі пяхотны полк быў далучаны да 289-га запаснога пяхотнага палка. Беларускія палітыкі былі вымушаныя перайсці на нелегальнае становішча. Менск, сакавік, 1918 г. 18 лютага пачаўся наступ нямецкай арміі. Немцы імкліва прайшлі старую лінію Заходняга фронту і накіраваліся да Менска.

У горадзе пачалася паніка: бальшавіцкія лідары і чырвоная гвардыя ў хаосе грузіліся ў эшэлоны і з’язджалі на усход. У склаўшыхся ўмовах беларускія актывісты вырашылі захапіць уладу ў горадзе ў свае рукі. Вечарам 19 лютага ўзброеныя добраахвотнікі пад камандваннем Кастуся Езавітава ўзялі пад кантроль паўночную частку горада. Паўдзённая частка горада ў той жа час была захоплена польскімі вайскоўцамі.

21 лютага чальцы выканкама 1-га Усебеларускага з’езда абнародвалі 1-ю Устаўную грамату, у якой паведамлялі пра пераход улады ў рукі народнага сакратарыята на чале з Язэпам Варонкам. Неўзабаве ў горад уступілі нямецкія войскі, якія адмовіліся прызнаваць Беларускі Народны Сакратарыят і яго дзеячаў. Нягледзячы на гэта арыштаў і рэпрэсій немцы не праводзілі, што дало магчымасць народнаму сакратарыяту 9 сакавіка выдаць 2-ю Устаўную грамату, якой абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка.

25 сакавіка з’явілася 3-я Устаўная грамата, у якой БНР абвяшчалася незалежнай. Зразумела, што ва ўмовах нямецкай акупацыі рэалізаваць рэзалюцыі Устаўных грамат было немагчыма. Больш за тое, каб у далейшым не з’яўлялася нейкіх новых рэзалюцый ці заяваў, нямецкае акупацыйнае камандванне катэгарычна забараніла дзейнасць Беларускага Народнага Сакратарыята.

Беларускія аддзелы ў літоўскім войску

Пасля таго як Нямеччына атрымала паразу ў Першай сусветнай вайне, а яе войскі сталі пакідаць акупаваныя тэрыторыі і вяртацца на радзіму, пытанне пра лёс БНР зноў стала актуальным. На пачатку лістапада 1918 г. у Менску зноў арганізавалася рада БНР, якая прыцягнула да арганізацыі беларускага войска генерала К. Кандратовіча і павышанага да палкоўніка К. Езавітава (на фота). Пакуль ішлі дэбаты пра прынцыпы арганізацыі войска, немцы пакідалі Беларусь, а савецкія войскі ўваходзілі ў яе з усходу. 22 лістапада яны занялі Полацк, 28-га – Бабруйск, а 10 снежня без бою ўступілі ў Менск.

Кіраўнікі Рады БНР, генерал К. Кандратовіч і палкоўнік К. Езавітаў былі вымушаныя выехаць у Вільню. У Вільні была абвешчана Літоўская рэспубліка і спехам сфармаваныя яе ўзброеныя сілы. У сувязі з тым, што на поўдні Літвы пражывала даволі шмат беларусаў, яшчэ ў канцы лістапада 1918 г. у склад мясцовага ўрада (Тарыбы) было ўключана шэсць беларускіх дзеячаў.

Акрамя таго, неўзабаве было сфармавана Міністэрства беларускіх спраў, якое ўзначаліў Язэп Варонка, а ў складзе ваеннага міністэрства паўстала беларуская секцыя. У Вільні, у складзе літоўскага войска, пачаў фармавацца 1-ы Беларускі пяхотны полк.

Але ў сувязі з сыходам з Вільні немцаў і наступам РСЧА літоўскі і беларускі ўрады пакінулі і гэты горад. Літоўскі ўрад і яго ўзброеныя сілы перабраліся ў Коўна, а кадры 1-га Беларускага палка (28 афіцэраў і 22 жаўнера) – у Гародню, дзе пакуль заставаліся нямецкія акупацыйныя войскі. У той час у Гарадзенскай губерні пражывалі беларусаў 71%, 17,4% габрэяў і толькі 10% палякаў. Аднак на гэтую тэрыторыю прэтэндавалі не толькі беларусы, але і палякі. Сярод польскага грамадства ў той час было распаўсюджана меркаванне, што беларусы – гэта русіфікаваныя „аправаслаўленыя” палякі.

У Гародні паўстала Польская вайсковая арганізацыя, якая па колькасці пераўзыходзіла кадры Беларускага палка.

У складзе палка было чатыры пяхотныя роты, грэнадзёрская каманда і гусарскі эскадрон. 5-я рота фармавалася ў Коўне, дзе начальнікам беларускага вайсковага бюро быў прызначаны паручнік В. Казлоў. Тым часам польскі ўрад абвясціў пра тое, што ў Гародні будзе створана выбарчая камісія для выбараў дэлегатаў у Польскі сейм у Варшаве, што выклікала пратэст беларусаў.

З сярэдзіны лютага 1919 г. польскія ўзброеныя атрады сталі прасоўвацца ўглыб Гарадзенскай губерні. Адначасова палякі арыштоўвалі прадстаўнікоў Рады БНР і вярбоўшчыкаў ў беларускае войска. Нямецкі гарнізон, які застаўся ў Гародні, пабойваўся палякаў і не ўмешваўся ў тое, што адбывалася.

Але і ён напачатку красавіка 1919 г. стаў пакідаць горад і выязджаць на радзіму. 27 красавіка ў горад уступілі палякі, але не прадпрымалі агрэсіўных дзеянняў у адносінах да Беларускага палка. Быў раззброены толькі гусарскі эскадрон, асабісты склад якога неўзабаве выехаў у Коўна.

31 траўня 1919 г. польскі начальнік гарнізона Гародні загадаў камандзіру Беларускага палка палкоўніку Антонаву адправіцца ў Слонім і ўліцца ў склад адной з польскіх частак. Антонаў адмовіўся выканаць гэты загад. Увечары таго ж дня палякі атачылі казармы, дзе размяшчаўся полк, раззброілі і арыштавалі яго асабісты склад. 11 чэрвеня полк быў расфармаваны: усе беларусы-каталікі былі пад канвоем адпраўлены ў польскія часткі, а праваслаўныя – дэмабілізаваныя. Пасля раззбраення беларускіх частак у Гародні ўзброеныя фармаванні БНР засталіся толькі ў Коўне. Гэта былі 5-я рота Беларускага пяхотнага палка (каля 200 чалавек) каменданцкая каманда (40 байцоў) і гусарскі эскадрон (50 коннікаў).

Усе гэтыя часткі ўваходзілі ў склад літоўскага войска. Рота і каманда былі перафармаваныя ў 1-ю і 2-ю беларускія асобныя роты, а гусарскі эскадрон увайшоў у склад 1-га літоўскага ўланскага палка. З 20 чэрвеня 1919 г. 1-я беларуская асобная рота (134 байца) у складзе літоўскага войска ўдзельнічала ў баях з савецкімі войскамі ў раёне Дзвінску.

Ад сярэдзіны кастрычніка 1919 г. усе беларускія аддзелы былі сканцэнтраваныя ў раёне літоўска-польскай дэмаркацыйнай лініі ў раёне горада Ліепаі. 17 лістапада гэтыя аддзелы былі перафармаваныя ў Беларускі батальён літоўскага войска пад камандаваннем маёра Аляксандра Ружанцова. Да 28 снежня 1919 г. у складзе батальёна было 11 афіцэраў, 3 ваенных чыноўніка і 379 байцоў.

Але 27 верасня пад ціскам беларускіх дзеячаў літоўскае ваеннае міністерства дазволіла зноў аднавіць батальён, камандзірам якога стаў палкоўнік Успенскі. У лістападзе 1920 г. беларусы прынялі ўдзел у адбіцці нападу на Літву польскіх войскаў генерала Л. Жалігоўскага, затым батальён пэўны час размяшчаўся ў Коўне.

Беларускі батальён пад камандаваннем палкоўніка Успенскага нёс службу на мяжы нейтральнай зоны паміж Літвой і Польшчай. Штаб батальёна знаходзіўся ў мястэчку Серэн Оліцкага павету, роты займалі ўчастак мяжы ў 46 вёрстаў, паміж населенымі пунктамі Мерач – Канцыева.

28 сакавіка 1923 г. Беларускі батальён быў рэарганізаваны ў роту (у красавіку ў яе складзе было 6 афіцэраў і 203 жаўнеры), якая ў сваю чаргу была расфармавана 20 ліпеня таго ж года.

Саюз беларускіх стралкоў у Літве

У 1919 годзе пры Саюзе літоўскіх стралкоў была арганізавана беларуская секцыя.

Яе кіраўніком стаў вядомы беларускі вайсковы дзеяч, былы паручнік 12-га Каўказкага стралковага палка Вячаслаў Разумовіч (Хмара). Беларуская секцыя (таксама звалася Саюзам беларускіх стралкоў) ставіла сваёй мэтай арганізацыю партызанскіх атрадаў для барацьбы з палякамі на тэрыторыі Віленскай і Гарадзенскай губерняў.

Але фактычная арганізацыя партызанскіх атрадаў пачалася толькі пасля заканчэння баявых дзеянняў паміж Польшчай і Літвой – да таго часу ўсе папаўненні паступалі непасрэдна ў дзеючы Беларускі батальён літоўскага войска.

10 кастрычніка 1921 г. Хмара быў прызначаны кіраўніцтвам Саюза літоўскіх стралкоў камандзірам IV групы партызан, якая павінна была фармавацца з беларусаў у мястэчку Мерач. Начальнікам штаба групы стаў палкоўнік Аляксей Дужоўскі (былы камандзір 13-га пяхотнага Белазёрскага палка Расейскай імператарскай арміі), у склад штаба таксама ўвайшлі капітан Аляксандр Дабравольскі, паручнікі Васіль Русак і Іван Грынько.

У складзе групы было каля 200 стралкоў. Ужо зімой 1921-1922 гг. беларускія партызанскія атрады прыступілі да актыўных баявых дзеянняў на мяжы. Аднак з-за беларусаў каталіцкага веравызнання палякам удалося даволі хутка нейтралізаваць партызан.

Больш за тое, палякі сталі засылаць на тэрыторыю Літвы „сваіх” беларусаў – для вядзення аналагічнай падрыўной і партызанскай дзейнасці. Вельмі хутка асабісты склад Беларускага батальёна і Саюза беларускіх стралкоў апынуўся паміж двух агнёў.

Літоўцы сталі падазраваць беларусаў у пасобніцтве палякам і найбольш актыўных з іх выслалі ў Польшчу. Але там гэтыя беларусы адразу ж траплялі ў няволю. Беларусы-каталікі – мірныя жыхары Літвы і Польшчы – сталі праяўляць адкрытую незадаволенасць існаваннем беларускіх узброеных фармаванняў на тэрыторыі Літвы, з-за якіх, на іх думку, ні тая, ні іншая ўлада не давала ім спакойна жыць.

Развязка наступіла самым нечаканым чынам. Савецкае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Літве стала весці прыхаваную агітацыю за сыход батальёна і партызан на тэрыторыю Савецкай Беларусі. Агітацыя падзейнічала, і ў канцы траўня 1923 г. атрад з 60 беларускіх стралкоў сышоў з Мерачы ў кірунку Менска.

Праз польскую тэрыторыю атраду прыйшлося прабівацца з боем. Двое стралкоў па дарозе загінулі, але астатнія паспяхова дабраліся да Менска. Гэта падзея ўскалыхнула літоўскі ўрад, які прыняў рашэнне паставіць у беларускім пытанні тлустую кропку.

Беларускі батальён і IV група партызан былі расфармаваныя. У 1924 г. з-за склаўшыхся ўмоваў Рада Беларускай Народнай Рэспублікі вымушана была пакінуць Коўна і пераехаць у Чэхаславакію. Значная частка беларускіх дзеячаў эмігравала ў Латвію. У Коўне засталася дыпламатычная місія БНР, але і яна вельмі хутка завяршыла сваю дзейнасць.

Уніформа беларускіх фармаванняў літоўскага войска

Беларускія ўзброеныя фармаванні ў складзе літоўскага войска насілі літоўскую ўніформу і знакі адрознення, але з некаторымі сваімі асаблівасцямі.

Бел-чырвона-белая стужка павінна была насіцца паміж бортам мундзіра і прарэзам для другога гузіка зверху. Загадам Міністра аховы краю камітэтам ад 21 лютага 1919 г. №35 была ўстаноўлена ўніформа і знакі адрознення для вайскоўцаў літоўскай арміі: фуражка – круглая, мяккая, з аколышам шырынёй у 2 см і цэшкай на туллі, з белым подбародным раменьчыкам; мундзір – па фасоне фрэнча ангельскага ўзору, са стаячым адкладным каўняром і чатырма накладнымі кішэнямі; штаны – фасон галіфэ; шынель – двухбортны; боты – чорныя.

Мундзірны колер меў быць шэра-зялёным. Аколыш, выпушка на туллі, вакол каўняра, абшлагі і наплечнікі павінны былі адпавядаць колеру роду зброі. Таго ж колеру былі і трохкутныя пятліцы на каўнярах афіцэраў, на якіх змяшчаліся абазначэнні ваенных чыноў (спачатку – пасадаў). Чыны малодшых афіцэраў пазначаліся васьміканцовымі, старэйшых вышэйшых – четырохканечнымі зорачкамі. Акрамя таго, трыкутнікі старэйшых афіцэраў абшываліся срэбным, а вышэйшых – залатым галуном.

Адрозненнем падафіцэраў былі вертыкальныя нашыўкі прыборнага колеру на канцах каўняра. Колеры родаў войскаў былі наступнымі: пяхота – жоўты; артылерыя – чырвоны; кавалерыя – белы; тэхнічныя часткі – ружовы; Генеральны штаб – блакітны. Акрамя фуражкі для афіцэраў былі таксама зацверджаныя кепі накшталт французскага або італьянскага – высокае, круглае, з казырком і подбародным раменьчыкам. Аколыш кепі і выпушка па верхнім краі былі колеру роду войскаў. Лейтэнант П.Старк, 1919 г. Капітан П. Дзегцяроў, 1919 г. Беларускія часткі ў цэлым былі апранутыя ва ўніформу і насілі знакі адрознення, устаноўленыя ваенным літоўскім міністэрствам, але мелі некаторыя адрозненні: а) вайскоўцы пяхотных аддзелаў мелі белыя выпушкі на мундзіры і, мяркуючы па фотаздымках, чырвоныя пятліцы.

Фуражка заставалася літоўскага ўзору; б) беларускі гусарскі эскадрон насіў белыя пятліцы, але меў чырвоныя выпушкі. Таксама адзначым, што зорачкі для абазначэння чыноў (пасадаў) мяркуючы па ўсім, былі толькі четырохканечныя. Акрамя таго, як сведчаць фотаздымкі беларускіх афіцэраў зробленыя ў Гародні, датаваныя вясной 1919 г., яны сапраўды пашылі сабе кепі, але асаблівага ўзору.

Гэтыя кепі пашыраліся ўверсе, ствараючы пэўнае падабенства ківера. Падобна на тое, што аколыш на іх быў чырвоны, а верхняя выпушка – белая. Таксама ёсць інфармацыя, што ўвесну 1919 г. на складах у Гародні беларусамі былі рэквізаваныя нямецкія мундзіры, якія ляглі ў аснову ўласнай нацыянальнай уніформы.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях