16 апреля 2024, вторник, 21:14
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

У Жыровічах паставяць помнік святару, які быў у сталінскіх лагерах

6
У Жыровічах паставяць помнік святару, які быў у сталінскіх лагерах
Жыровіцкі манастыр

Хто ж такі Серафім Жыровіцкі?

У вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна будзе пастаўлены помнік беларускаму святару Серафіму Жыровіцкаму, якога закатавалі ў сталінскіх лагерах вясной 1946 года, перадае «Радыё Рацыя».

Ужо аб’яўлены адкрыты конкурс эскізных праектаў, які працягнецца да 5 красавіка. Хто ж такі Серафім Жыровіцкі?

Вялікдзень 1946 года беларускі святар Серафім Жыровіцкі (Раман Шахмуць) сустрэў у сталінскіх лагерах вітаннем сваіх братоў па лагеру: “Хрыстос Уваскрос!..”. “Сапраўды ўваскрос!”, — адказвалі зэкі. Пачуўшы гэтыя святыя словы, лагернае начальства пачало лютаваць. Яно схапіла Рамана Шахмуця і кінула яго ў карцэр, дзе знаходзілася па пояс ледзяная вада. А потым прывязалі рукі і ногі да двух грузавікоў, якія раз’ехаліся ў розныя бакі, разарваўшы цела святара папалам. Так загінуў архімандрыт Серафім Жыровіцкі. Гэта было ў пачатку сакавіка 1946 года.

Нарадзіўся Раман Шахмуць 15 ліпеня 1901 года ў вёсцы Падлессе на Случчыне (цяпер Ляхавіцкі раён) у шматдзетнай сялянскай сям’і Рамана і Алены Шахмуцяў. З дзяцінства хлопчыка цягнула да царквы, дзе ён многа і старанна маліўся. Нягледзячы на беднасць і раннюю смерць бацькі, Раману ўдалося скончыць двухгадовую школу ў Ляхавічах. У 1916 годзе ён паступіў паслушнікам у Менскі Свята-Духаў мужчынскі манастыр. Але праз год, у 1917 годзе, вымушаны быў вярнуцца ў роднае Падлессе, каб дапамагаць аўдавелай маці. У 1921 годзе Раман здаў экзамен на псаломшчыка і нейкі час служыў у царкве Нараджэння Багародзіцы ў вёсцы Вяляцічы каля Пінска.

25 чэрвеня 1922 года, адчуваючы ў сабе манашскае прызванне, ён пакідае свой дом і накіроўваецца ў Жыровіцкі манастыр на Слонімшчыну. Праз год юнак прымае манашскі пострыг з імем Серафім.

Дзякуючы добрым здольнасцям да музыкі і спеваў, яму было даручана яшчэ выконваць абавязкі рэгента і ўстаўшчыка. У 1926 годзе Серафіма (Шахмуця) рукапалажылі ў іерадыякана. У гэтым сане пэўны час ён кіраваў манастырскім хорам, выконваў абавязкі эканома. Карыстаўся вялікай павагай і аўтарытэтам сярод манастырскай браціі.

У 1935 годзе Серафім Жыровіцкі быў узведзены ў сан іераманаха. Яго накіравалі на Беласточчыну ў вёску Курашава, што каля Гайнаўкі. Там праваслаўны прыход апынуўся ў цяжкім становішчы ў сувязі з актывізацыяй уніятаў. Два гады іераманах Серафім служыў у Курашаве. За гэты час малітоўнай і падзвіжніцкай працы ён дамогся значнага паляпшэння стану храма і прыходу, заўважна ўмацоўваў дух праваслаўных вернікаў. А 20 траўня 1937 года ён з хрэсным ходам з Курашава прыйшоў у Жыровічы, дзе ў гэты дзень адзначалі свята Жыровіцкай Іконы Божай Маці.

Па прапанове іераманаха Серафіма ў 1938 годзе Ікона Жыровіцкай Божай Маці была ўпершыню вынесена з Жыровіцкага Свята-Успенскага сабора і на спецыяльна абсталяваным возе яе пачалі вазіць па Гарадзенскай епархіі.

Серафім Жыровіцкі (злева) і Рыгор Кударэнка

З таго часу іераманах Серафім разам са сваім сябрам Рыгорам Кударэнкам, будучым архімандрытам Жыровіцкім, удзельнічаў у місіянерскіх хрэсных ходах з Жыровіцкай Іконай Божай Маці па заходнебеларускіх гарадах і вёсках. Падчас гэтага ходу разам з прыхажанамі ён збіраў сродкі на рамонт Жыровіцкага манастыра. Паўсюль сустрэчы Іконы адбываліся ўрачыста і шматлюдна.

У канцы 1939 года ўладыка Панцеляймон (Павел Ражноўскі) узвёў айца Серафіма ў сан ігумена, а крыху пазней — у сан архімандрыта.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, архімандрыт Серафім і іерэй Рыгор Кударэнка з благаславення архіепіскапа Панцеляймона ў жніўні 1941 года пакінулі Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр і выехалі ў напрамку Менска. Ім было даручана заняцца арганізацыяй царкоўна-прыходскага жыцця ва Усходняй Беларусі, дзе яно было ў даваенны час цалкам разбурана.

Па дарозе ў Менск яны наведалі шэраг вёсак Капыльскага, Слуцкага і Уздзенскага раёнаў. У кожным паселішчы місіянеры збіралі сярод вернікаў прашэнні на імя ўладыкі Панцеляймона з просьбай аб адкрыцці прыходскіх цэркваў; усюды адпраўлялі богаслужэнні, аглядалі храмы, якія захаваліся, выбіралі будаўнічыя камітэты для іх рамонту, хрысцілі дзяцей, адпявалі нябожчыкаў, нястомна прапаведавалі.

Прыбыўшы ў Менск, архімандрыт Серафім і айцец Рыгор нядоўгі час служылі ў Спаса-Праабражэнскай царкве былога жаночага манастыра. Але ўжо ў студзені 1942 года адправіліся на Віцебшчыну з той жа мэтай місіянерскай пропаведзі. Затым яны наведалі Оршу, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Бабруйск і Гомель. У мясцовасці Чонкі аднавілі жаночы манастыр, у якім пасялілася 30 сясцёр.

У Віцебску па просьбе Царкоўнага аддзелу, быў напісаны архімандрытам Серафімам артыкул для газету “Новый путь”. У ёй аўтар распавядаў пра сваю месіянерскую працу, пра адкрыццё цэркваў, пра тое, як народ радуецца гэтаму, энергічна ачышчае храмы ад калгаснага збожжа, ад смецця. Людзі неслі ў храмы выратаваныя і схаваныя ад бальшавікоў крыжы, рызы, малітоўнікі, Евангелле, абразы, дапамагалі рамантаваць храмы, горача маліліся, пачалі хрысціць дзяцей, адпяваць памерлых і г.д. У Вербную нядзелю праваслаўныя святары наведалі горад Сянно, дзе наладзілі першае богаслужэнне, на якім прысутнічала каля 1000 вернікаў. Там архімандрыт Серафім і іерэй Кударэнка пахрысцілі 200 дзяцей. Падчас місіянерскага падарожжа 1941–1944 гадоў па Усходняй Беларусі айцом Серафімам разам з іерэем Кударэнкам былі адкрыты 74 храмы.

Серафім Жыровіцкі з вернікамі

Аб’ехаўшы Усходнюю Беларусь, архімандрыт Серафім (Шахмуць) стаў першым летапісцам тых пакутаў, якія выцерпелі служыцелі Праваслаўнай Царквы ў перыяд бальшавіцка-савецкага тэрору.

У чэрвені 1944 года ў сувязі з набліжэннем лініі фронту святары выехалі ў Гародню, дзе знайшлі прытулак у манастыры Нараджэння Багародзіцы. А 6 верасня таго ж года абодва прапаведнікі і місіянеры былі арыштаваны. Супрацоўнікі НКУС прад’явілі ім абвінавачанне ў супрацоўніцтве з акупацыйнымі карнымі органамі СД і ў іншых надуманых злачынствах. На самой справе прычынай арышту была іх падзвіжніцкая і місіянерская дзейнасць. Арыштаваных пратрымалі пад “следствам” роўна 10 месяцаў, так нічога і не дабіўшыся. На допытах асуджаныя трымаліся мужна, не хаваючы сваіх поглядаў і перакананняў.

Абодвум вязням 7 ліпеня 1945 года вынеслі прысуд аб пазбаўленні волі тэрмінам на 5 гадоў з адбываннем пакарання ў канцлагеры. Іх адправілі ў Горкаўскую вобласць, размясцілі ў розных месцах, на адлегласці 12 кіламетраў. Хутчэй за ўсё гэта быў Унжэнскі канцлагер МДБ Горкаўскай вобл. (станцыя Сухабязводная). Там і закатавалі архімандрыта Серафіма Жыровіцкага (Рамана Шахмуця). Рэабілітаваны ён быў пракуратурай Беларусі 22 красавіка 1994 года. Групавая справа, па інфармацыі Леаніда Маракова, архімандрыта і іншых святароў № 35844-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Святар Рыгор Кударэнка, адбыўшы тэрмін зняволення, вярнуўся ў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, дзе праз нейкі час прыняў манашаскі пострыг з імем Ігнацій. У 1984 годзе ва ўзросце 89 гадоў яго не стала.

У 1999 годзе Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы архімандрыт Серафім Жыровіцкі быў далучаны да ліку святых новапакутнікаў. А ў 2000 годзе на юбілейным Архіерыйскім Саборы РПЦ, які праходзіў у Маскве, Серафім, архімандрыт Жыровіцкі, быў кананізаваны.

Штогод 6 верасня ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры адбываецца святочнае ўшанаванне памяці прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага. У гэты дзень наладжваюцца Хрэсны ход і літургія. У гонар яго дзейнічае ў Слоніме і прыходскі храм. А хутка з’явіцца і помнік.

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях