20 апреля 2024, суббота, 2:20
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларускі абраз, які перажыў ссылку ў Сыбір

4
Беларускі абраз, які перажыў ссылку ў Сыбір
Фотa: svaboda.org

Сям’ю беларуса выслалі за тое, што бацька ваяваў у польскім войску супраць гітлераўцаў.

Абраз і крыж — адзіныя рэчы, якія захаваліся ў жыхара вёскі Жамыслаў Івейскага раёну Горадзенскай вобласьці Анатоля Халупкі з бацькоўскай хаты. Сямʼя брала іх у ссылку ў Сыбір у 1951 годзе, перадае «Радыё Свабода».

«НКВД акружылі дом а 4 ранку»

«НКВД акружылі дом а 4 ранку. Дзьве гадзіны на зборы... усю сямʼю... раньняй вясной. Мы не чакалі. Ніхто ж ня ведаў. З нашай вёскі нас толькі. З Баранавічаў цэлы эшалён», — Анатоль Халупка пераносіцца ў час, калі яму было 9 гадоў, і ягоныя вочы вільгатнеюць.

Анатоль Халупка — былы старшыня калгасу ў Жамыславе. Нарадзіўся ў траўні 1941 году непадалёк ад возера Сьвіцязь, у вёсцы Варонча Карэліцкага раёну. У сямʼі гадаваліся чацьвёра дзяцей, Анатоль — самы малодшы.

У 1951 годзе ягоную сямʼю выслалі ў Іркуцкую вобласьць на сем гадоў.

Выслалі, бо бацька ваяваў у польскай арміі

Паводле Анатоля, сямʼю выслалі за тое, што ягоны бацька ваяваў у польскай арміі. Але ўслых ніякіх прычын не называлі.

Бацька Рыгор да вайны працаваў у калгасе, у рэвізійнай камісіі. Увосень 1940 году ён правяраў па складах, як захоўваецца бульба.

«Ня ведаю падрабязнасьцяў, можа, у каго нечага не хапала. Замачылі добра. Бацька ў такім стане, што яго прывезьлі, паклалі мяшок бульбы пад ложак і паведамілі ў органы НКВД. За мяшок бульбы яму далі год папраўчых працаў у Саратаўскай вобласьці».

З пачаткам вайны бацьку вызвалілі па амністыі, ён вярнуўся дахаты.

«У вёску прыехалі польскі генэрал і наш, савецкі, і сказалі: „Хто ў межах 1939 году пад Польшчай быў, павінны напісаць добраахвотную заяву аб уступленьні ў польскае войска“. Хто што па-іншаму мог вырашаць? Іх і адправілі ваяваць», — кажа спадар Анатоль.

Бацька Рыгор пабываў у складзе арміі генэрала Андэрса ў Іране, Афрыцы, Турэччыне, Італіі, Вялікай Брытаніі.

«Адтуль, зь Лёндану, давалі (білет) у любую частку сьвету, аплочвалі праезд. Але сямʼю туды не маглі перавезьці, тады забарона была. Казалі: „Калі вернецеся (дадому), вас чакае Сыбір“. Так яно і выйшла. Бацька ня мог не вярнуцца, тут у яго была сямʼя», — кажа суразмоўца.

Рыгор Халупка вярнуўся з вайны ў 1947 годзе, сямʼю выслалі праз чатыры гады.

Абраз з выявай Хрыста і крыж — адзіная рэчавая памяць аб бацьках

Сярод рэчаў, якія сямʼя сьпешна сабрала ў дарогу, былі праваслаўны абраз і крыж.

«Там не зразумееш, хто там», — прызнаецца гаспадар і здымае абраз са сьцяны. Далоньню хутка сьцірае зь яго пыл, чысьціць павуціньне, што нарасло з тыльнага боку.

На выяве відаць Хрыстос, які дабраслаўляе сьвет, а пад рукой мае зямны шар.

«Ён кепска захаваўся. Мы неяк вырашылі яго працерці і крыху змазалі», — тлумачыць спадар Анатоль.

Як і калі ён зьявіўся ў бацькоў, суразмоўца ня ведае. Ён памятае, як абраз вісеў у родным доме ў чырвоным куце з ручнікамі, як хадзілі пешшу на сьвяты да царквы ў вёску Паручы́н за 5-7 кілямэтраў, як дзеці грамадой праставалі на ўсяночную.

«Бацькі заўсёды маліліся. Перад сьвятам стол сенам накрывалі, але я слаба памятаю. У Сыбіры цэркваў не было», — кажа мужчына.

Цяпер стары абраз вісіць у спальні побач з крыжам з бацькоўскага дому і фатаздымкам жонкі, якая ўжо ў лепшым сьвеце.

Спадар Анатоль дадае, што ягонаму бацьку Рыгору ў Сыбіры прысьніўся прарочы сон, што сямʼя будзе ў ссылцы сем гадоў. Так і сталася.

Маці смажыла «апальнічкі» на машыннай аліве

Людзей везьлі да Іркуцку ў грузавых вагонах амаль месяц. На кожным прыпынку чакалі па 4–5 гадзін, каб прапусьціць сустрэчны цягнік.

«І дзеці маленькія, жах. Стоячы ехалі. Крык, плач... Адзін раз на дзень нейкую баланду давалі. Астатняе, калі выводзілі зь вёскі, то людзі даганялі, хто булку хлеба, хто сала. Гэтым і пражылі», — кажа спадар Анатоль.

Першыя месяцы ў Сыбіры былі самыя цяжкія, бо не было чаго есьці. Маці смажыла «апальнічкі» з мукі і вады. Патэльню змазвала нечым сьмярдзючым, накшталт машыннай алівы. Ажно ўлетку пайшлі ягады і грыбы, і зрабілася лягчэй.

Сямʼя жыла ў бараку на 50 квадратных мэтраў разам зь іншымі ссыльнымі з розных краін. Барак быў шчыльна застаўлены ложкамі. Кожнаму чалавеку належала невялікая тэрыторыя: ложак і месца пад ім, каб скласьці рэчы.

«Бацька быў майстар на ўсе рукі: каваль, цясьляр, музыка, скрыпкі сам рабіў», — узгадвае мужчына.

Бацькавы ўменьні былі патрэбныя ў пасёлку побач, дзе былі лепшыя ўмовы, каб жыць, — у майстэрні каваля. Дзякуючы гэтаму сямʼя і выжыла. Потым яны атрымалі кватэру ў пасёлку Куртуй — цяпер ён закінуты.

Дзеці ў Сыбіры хадзілі ў школу. Выкладалі ўсяго два настаўнікі. Малы Анатоль дапамагаў бацьку ў кузьні, да таго ж здабываў жывіцу. Выпраўляўся са знаёмым паляўнічым у лясныя паходы на некалькі дзён у вярхоўе ракі Анот.

«Мы палявалі на вавёрак, лавілі рыбу, увечары салілі, пяклі на вогнішчы. Кедравыя арэхі зьбіралі ў перадгорʼі Саян. Цэлы дзень ішлі, увесь час падʼём. Адкрываецца даліна сярод гор, суцэльныя кедры, густыя. Галіны ў верхняй палове ствала ўсе ў шышках. Мы бралі калатушку на шасьце, білі. Шышкі сыплюцца, потым іх расьціраеш. І сабе, і на продаж», — узгадвае добрае з часоў ссылкі пэнсіянэр.

Гледзячы на абраз, ён прыгадвае іншыя моманты жыцьця, калі цудам заставаўся жывы, ледзь не патануўшы ў горнай рацэ, а потым — заблукаўшы ў сыбірскім лесе.

«Пэўна, нешта такое ёсьць, — мяркуе мужчына. — Хіба анёл-ахоўнік мяне ратаваў».

З роднага дому зрабілі сьвінафэрму

Калі Халупкі вярнуліся з Сыбіры, аказалася, што родны дом канфіскавалі, зрабілі зь яго калгасную сьвінафэрму, варылі там есьці сьвіньням.

Таму сямʼя Халупкаў на першым часе пасялілася ў хляве. Бацьку, маці і старэйшага брата рэабілітавалі толькі ў 1975 годзе, Анатоля і другога брата — у 1993-м, сястру ў паперах увогуле ня ўзгадвалі. Бацька меў пэнсію ў 17 рублёў 20 капеек — не ўлічылі ні гады вайны, ні Сыбір. Іншыя ў той час, па словах спадара Анатоля, атрымлівалі рублёў 40–50.

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях