29 марта 2024, пятница, 10:14
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Стаўкі на прэзыдэнта

Стаўкі на прэзыдэнта
ФОТА З САЙТА SEGODNYA.UA

Як алігархі ўплываюць на выбары ва Ўкраіне.

Ва Ўкраіне зьмена ўлады на працягу ўсёй гісторыі незалежнасьці адбывалася рэгулярна, але практычна заўсёды за сьпінамі палітыкаў стаялі алігархі і іхнія фінансава-прамысловыя групы.

«Бацькам» такой сыстэмы, якую ва Ўкраіне называюць кланава-алігархічнай, лічаць другога прэзыдэнта Леаніда Кучму — менавіта ў часе ягонага кіраваньня ва Ўкраіне адбылася хаатычная прыватызацыя, у выніку якой і зьявіліся алігархі.

Хто такія алігархі?

Алігархамі лічацца бізнэсоўцы, якія ўзбагаціліся дзякуючы магчымасьцям кантраляваць уладу, а першыя актывы атрымалі, набыўшы затанна дзяржаўныя прадпрыемствы, створаных у савецкія часы.

Выбары ва Ўкраіне заўсёды (апроч, магчыма, другога туру прэзыдэнцкіх выбараў 2004 году) прызнаваліся дэмакратычнымі, але кожнага прэзыдэнта называлі прадстаўніком нейкага алігархічнага клану. Лічылася, што Леанід Кучма зьвязаны з днепрапятроўскім кланам, Віктар Януковіч — з данецкім, Віктар Юшчанка — з кіеўскім, а Пятро Парашэнка — зь віньніцкім.

У чаканьні выбараў 31 сакавіка Свабода распытала кіеўскіх экспэртаў: ці зьмяніўся ўплыў алігархаў і іх фінансава-прамысловых груп на палітычную сыстэму Ўкраіны пасьля дзьвюх рэвалюцый у 2005 і 2014 гадах, калі кожны новы прэзыдэнт абяцаў зламаць алігархічную сыстэму ўлады, якая абслугоўвае інтарэсы бізнэсоўцаў? І на каго алігархі «ставяць» на цяперашніх прэзыдэнцкіх выбарах?

Палітычная карыкатура Аляксея Кустоўскага

Хто гэтыя людзі?

Паводле ацэнак украінскіх аналітыкаў, сотня найбольш заможных грамадзян Украіны трымае ў сваіх руках 37,5 мільярда даляраў — фактычна такая сума складае палову дзяржаўнага доўгу Ўкраіны. Захаваць і павялічыць свае капіталы — галоўны матыў палітызацыі бізнэсоўцаў. Пэўны час яны наўпрост фінансавалі палітычныя партыі і паралельна разьвівалі мэдыйны бізнэс як галоўны сродак абароны сваіх інтарэсаў.

У выніку перамогі на выбарах сваёй партыі ці кандыдата яны атрымлівалі доступ як да бюджэтных рэсурсаў, гэтак і да пэўных прэфэрэнцыяў для свайго бізнэсу. Штораз пасьля выбараў ва Ўкраіне капітал пераразьмяркоўваўся. Найбольш паказальна гэта адбылося пасьля перамогі ў 2010 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах Віктара Януковіча.

Згодна з матэрыяламі часопіса «Новое время», у 2018 годзе рэйтынг найбольш заможных украінцаў ачолілі

Рынат Ахметаў (Данецк),

Віктар Пінчук (Кіеў),

Вадзім Навінскі (Кіеў, але мае расейскае паходжаньне),

Генадзь Багалюбаў (Дніпро), Ігар Каламойскі (Дніпро),

Пятро Парашэнка (Кіеў, Віньніца).

На каго ставяць украінскія алігархі

Фінансава-прамысловыя групы алігархаў прадстаўленыя і ў парлямэнце — наўпрост ці ўскосна. Цяпер кожная фракцыя Вярхоўнай Рады мае свайго кандыдата на выбарах прэзыдэнта:

«Блёк Пятра Парашэнкі» — дзейнага прэзыдэнта,

«Бацькаўшчына» — Юлію Цімашэнку,

Радыкальная партыя — Алега Ляшка,

«Апазыцыйны блёк» нават дваіх — Юрыя Бойку і Аляксандра Вілкула.

Плякат з выявай украінскіх алігархаў і прэзідэнта Расіі Ўладзіміра Пуціна падчас акцыі «Стоп Рэванш» у студзені 2018 году

Фракцыя «Народны фронт» дэкляруе сваю нэўтральнасьць, бо партыя не вылучала свайго кандыдата, а «Самапомач» (укр. «Самопоміч») падтрымала рашэньне лідэра сваёй партыі Андрэя Садавога аб сыходзе з дыстанцыі на карысьць Анатоля Грыцэнкі, кіраўніка іншай партыі — «Грамадзянская пазыцыя», якая не прадстаўленая ў парлямэнце.

Падвойнае прадстаўніцтва на выбарах Апазыцыйнага блёку стала вынікам расколу «данецкага клану», які раней фінансаваў Партыю рэгіёнаў: паміж групамі Рыната Ахметава (падтрымлівае Аляксандра Вілкула) і Дзьмітрыя Фірташа ды Сяргея Лёвачкіна (іхні кандыдат — Юры Бойка).

Вайна паміж МУС і СБУ

У партыі «Народны фронт» адбыўся раскол — частка палітыкаў (сакратар Рады нацбясьпекі і абароны Аляксандар Турчынаў і сьпікер Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій) падтрымліваюць на выбарах Пятра Парашэнку, а частка — Юлію Цімашэнку. Экспэрты сьцьвярджаюць, што паміж міністрам унутраных спраў Арсенам Авакавым, вылучэнцам «Народнага фронту», ёсьць таемныя дамоўленасьці зь Юліяй Цімашэнкай аб падтрымцы.

Падставай для такога меркаваньня стала «перадвыбарчая вайна» паміж галоўнымі праваахоўнымі органамі Ўкраіны — МУС і Службай бясьпекі Ўкраіны, якую кантралюе Пятро Парашэнка. Падначаленыя Арсена Авакава выкрылі схему подкупу выбарнікаў камандай дзейнага прэзыдэнта, а СБУ — аналягічную дзейнасьць каманды Юліі Цімашэнкі.

Дадатковым аргумэнтам сталі падзеі, якія адбыліся ў Чаркасах і Жытоміры ў часе перадвыбарчых паездак Пятра Парашэнкі. І ў абодвух выпадках яны былі зьвязаныя з прадстаўнікамі партыі «Нацыянальны корпус» і руху «Нацыянальныя дружыны» Андрэя Білецкага, колішняга камандзіра добраахвотніцкага батальёну «Азоў», які падтрымлівае кантакты зь міністрам унутраных спраў.

Алігархія замясьціла дэмакратычную дзяржаву

Сяргей Дацюк

Ацэньваючы перадвыбарчую сытуацыю, кіеўскі экспэрт Сяргей Дацюк галоўнай пагрозай назваў тое, што алігархія ва Ўкраіне, па сутнасьці, замясьціла сабой дэмакратычную дзяржаву:

«Няма асобнага ўплыву алігархаў. Алігархія не ўплывае, яна тут распараджаецца, а мы жывём усярэдзіне гэтай алігархіі. У гэтым і ёсьць праблема. І мне як грамадзяніну хацелася б, каб гэта зьмянілася».

Алігархі прыстасоўваюцца

У цяперашняй выбарчай кампаніі, улічваючы досьвед папярэдніх дзесяці гадоў і асабліва часоў Віктара Януковіча, вялікі бізнэс ня мае адрасных кандыдатаў — ён кантактуе з усімі фаварытамі гонкі.

Багдан Ярэменка

«Я ня бачу ў першай пяцёрцы кандыдатаў людзей, якія знаходзяцца ад некага ў поўнай залежнасьці. Але сярод іншых зарэгістраваных кандыдатаў ёсьць людзі, якія не маглі безь якой-небудзь зьнешняй дапамогі сабраць грошы на заклад у 2,5 мільёна грыўняў, неабходны для рэгістрацыі. Сярод найбольш верагодных кандыдатаў — людзі, якія самі сябе зрабілі або ў прафэсіі, як Зяленскі, або ў палітыцы, як Цімашэнка, Грыцэнка ці Парашэнка», — сказаў Свабодзе старшыня праўленьня заснаванага ўкраінскімі дыпляматамі дабрачыннага фонду «Майдан замежных спраў» Багдан Ярэменка.

Паводле яго, цяпер ва Ўкраіне праблема залежнасьці кандыдатаў ад алігархаў не настолькі вострая, як іхны ўплыў праз розныя свае сродкі (СМІ ці палітычныя партыі) на сыстэму ўхваленьня рашэньняў у дзяржаве:

«Такая пагроза ёсьць, больш за тое, я б сказаў, што ва Ўкраіне апрыёры не ўхваляюцца некарупцыйныя рашэньні — ні на ўзроўні законаў Вярхоўнай Рады, ні на ўзроўні пастаноў ураду, ні на ўзроўні ўказаў прэзыдэнта. На жаль, яны часьцей адлюстроўваюць інтарэсы нейкага вузкага кола людзей або адной асобы, якая фінансава зацікаўленая ў рэалізацыі тых ці іншых прававых або палітычных схем, якія прыносяць выгаду. Напрыклад, бяз блізкасьці з прэзыдэнтам алігарх Рынат Ахметаў ніколі б ня меў абсалютна неапраўданай эканамічна схемы цэнаўтварэньня на вугаль, дзякуючы якой ён нажывае грошы».

Каго паказваюць тэлеканалы алігархаў?

Пікет каля Вярхоўнай Рады з патрабаваннем абараніць інфармацыйную прастору Ўкраіны ад інфармацыйнай агрэсіі Расіі. Кіеў, 4 кастрычніка 2018

Як фінансава-палітычныя групы ставяцца да кандыдатаў, яскрава заўважна па тэлевізійных каналах.

Канал «Україна» Рыната Ахметава дае эфір пераважна дзейнаму прэзыдэнту Пятру Парашэнку, Юрыю Бойку і Алегу Ляшку;

«1+1» Ігара Каламойскага — Юліі Цімашэнцы, Анатолю Грыцэнку і Ўладзіміру Зяленскаму;

група каналаў Віктара Пінчука (ICTV, СТБ) асьвятляе ў роўнай ступені перадвыбарчую кампанію ўсіх фаварытаў гонкі;

каналы «112 Україна» і NewsOne Віктара Медведчука (кума расейскага прэзыдэнта) — кампаніі Пятра Парашэнкі, Юрыя Бойкі і Алега Ляшка.

Аляксандар Салантай

Палітычны экспэрт і заснавальнік новай палітычнай партыі «Сіла людзей» Аляксандар Салантай сьцьвярджае, што цяпер інструмэнтарый алігархаў зьмяніўся — цяпер зусім не абавязкова несьці кандыдату грошы ў чамаданах:

«Асноўны інструмэнт зараз — гэта тэлевізійныя каналы, якія зьяўляюцца сродкам агітацыі. Хто трымае кнопкі тэлебачаньня, той і ўплывае на масавую сьвядомасьць».

Ці зьнікнуць алігархі пасьля выбараў?

Паводле Аляксандра Салантая, ужо нават самі алігархі ўсьведамляюць, што трэба пераходзіць на іншую якасьць і на іншы этап разьвіцьця дзяржавы:

«Алігархі ўплывалі, уплываюць і будуць уплываць на ўкраінскую палітыку. На гэтых выбарах алігархія не завершыцца, і для яе прэзыдэнцкія выбары — прамежкавыя. Пакуль што няма перадумоў, што цяпер будзе зламаны алігархічны хрыбет. Але ёсьць верагоднасьць, што да ўлады прыйдзе не канкрэтны адзін алігарх, а алігархі паміж сабой дамовяцца пра грамадзкі кампраміс, каб рэфармаваць сыстэму права — суд і праваахоўныя органы, каб закон быў роўны для ўсіх. І гэта можа адбыцца ўжо пасьля парлямэнцкіх выбраў увосень, бо гэта адзін выбарчы цыкль», — мяркуе Аляксандар Салантай.

Алена Літвінава, «Радыё Свабода»

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях