28 марта 2024, четверг, 21:53
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Барыс Хамайда: Мы ўжо 23 гады нe маем аніводнага легітымнага органу ў краіне

10
Барыс Хамайда: Мы ўжо 23 гады нe маем аніводнага легітымнага органу ў краіне
Барыс Хамайда

Трэба вяртацца да Канстытуцыі 1994 году.

Сьвяткуем 25-годзьдзе Канстытуцыі, але 23 зь іх наогул ня маем ніякай легітымнай Канстытуцыі, сьцьвярджае легендарны віцебскі актывіст Барыс Хамайда. Ён тлумачыць, чаму так, і адказвае старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, якая нядаўна прапанавала ўносіць зьмены ў Асноўны Закон без рэфэрэндумаў, піша віцебская «Вясна».

“Справа ў тым, што ўсё гэта незаконна: мы ўжо амаль 23 гады як увогуле ня маем ніякай легітымнай Канстытуцыі. Тады, у лістападзе 1996-га, адбыўся антыканстытуцыйны пераварот. А вось гэтая, нібыта дзейная, Канстытуцыя – яна нелегітымная і не прызнаная міжнароднымі прававымі структурамі. Таму зараз мы жывем у прававым вакуўме.

І ў сувязі з гэтым ня маем аніводнага легітымнага органу ў краіне, ня маем аніводнага легітымнага кіраўніка – зь верху да нізу. Ня маем аніводнага легітымнага закону альбо пастановы. Ну дык і Ярмошына можа што заўгодна казаць. Бо гэта – па нейкіх крымінальных “паняцьцях”, атрымліваецца…”

Трэба вяртацца да Канстытуцыі 1994 году

“Трэба вяртацца да легітымнай Канстытуцыі 1994 году і тады ўжо вырашаць усе пытаньні. Гэтая Канстытуцыя была прынятая, можна сказаць, кансэнсусам. Тады ж Вярхоўны Савет быў пракамуністычны, больш за 90% сябраў КПСС было там. Але ўсе прызнавалі тую Канстытуцыю.

Таму – вяртацца да яе і праводзіць нармалёвыя выбары.

І вось пытаньне: дык куды мы 23 гады ішлі? А мы нікуды ня йшлі! Мы жылі ў чорнай дзірцы. Проста гублялі час. І краіна, і кожны з нас паасобку – гэтыя 23 гады гублялі час…”

“Мая Канстытуцыя хутка прыйдзе!”

“Я працягваю жыць паводле нязьмененай Канстытуцыі 1994 году. Так, цяжка, канечне. Але спрабую. Так, у мяне шмат штрафаў. І я не магу абскардзіць ніводную пастанову. Бо – няма куды абскарджваць: няма легітымных судоў, няма легітымнай пракуратуры. Няма куды! Калі пачну абскарджваць, дык дэ-факта прызнаю, што жыву паводле нелегітымнай Канстытуцыі. А я па ёй не жыву! Гэта іхняя канстытуцыя, яны па ёй жывуць. І хай жывуць. А мая Канстытуцыя хутка прыйдзе!”

У чацьвер 14 сакавіка, празь 15 хвілінаў пасьля гэтага інтэрвію, Барыс Хамайда быў затрыманы каля “сіняга дому” у Віцебску міліцыянтамі. Яго абвінавацілі ў “загрувашчваньні вуліцы”. Пратакол ён не падпісаў.

“У 1996-м мы былі маленькімі дзецьмі – нас падманулі”

“Атрымліваецца, што мы ў 1996 годзе (у год правядзеньня рэфэрэндуму) былі маленькімі дзецьмі. І нас папросту падманулі. І вось прайшло шмат часу. Я лічу, што гэта быў пэрыяд узрастаньня, мы пазбаўляліся “саўковасьці”, савецкасьці. І зараз трэба нешта рабіць.

Бо без легітымнай Канстытуцыі ў нас нічога не атрымаецца. Нам ніхто ня дасьць крэдытаў, ніхто ня дасьць тэхналёгіяў, з намі ніхто ня будзе сур’ёзна супрацоўнічаць у эканоміцы…”

“Паводле дзейнай Канстытуцыі, крыніца ўлады – улада…”

“Вядома ж, так званая дзейная Канстытуцыя захавала прыгожыя артыкулы пра тое, што адзінай крыніцай улады ёсьць народ і што найвялікшай каштоўнасьцю ёсьць чалавек.

Але чаму гэта ўсё не выконваецца? Таму што калі б выконвалася – то гублялася б улада. А ўсё робіцца, каб яна ўмацоўвалася.

Таму і ўнесьлі ў так званы рэфэрэндум 2004 году пытаньне аб неабмежаваным тэрміне прэзыдэнцтва. У ранейшай было толькі два тэрміны, нагадаю. І вось жа: паводле дзейнай Канстытуцыі, адзінай крыніцай улады ёсьць не народ, а сама ўлада…”

“Слухайце, Канстытуцыя – гэта свабода”

“Ці сьвята для мяне Дзень Канстытуцыі? Натуральна, што так. Ведаеце, першыя гады пасьля прыняцьця Канстытуцыі я з плякатамі сюды выходзіў, асабліва тады, калі адбыўся антыканстытуцыйны пераварот. А зараз сьвяткую асабіста. Таму што без Канстытуцыі нічога няма. Гэта падмурак дзяржаўнасьці, краевугольны камень.

І Канстытуцыя 1994 года вельмі моцна трымала б нас сёньня, калі ёсьць вялікая небясьпека згубы незалежнасьці…

Мне кажуць: а што з Канстытуцыі сыты будзеш? Слухайце, Канстытуцыя – гэта свабода. І калі мы адмаўляемся ад свабоды, то ў нас зь цягам часу і кавалку кілбасы ня будзе!..”

Написать комментарий 10

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях