28 марта 2024, четверг, 15:38
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Праваабаронца, актор, дальнабойшчык

2
Праваабаронца, актор, дальнабойшчык
Алег Волчак. Люты 2019 году. ЗША.

Пакручасты шлях былога сьледчага Алега Волчака.

51-гадовы Алег Волчак больш вядомы як праваабаронца праз арышты і ператрусы, праз дзейнасьць ягонай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтва». І мала хто ведае, што былы сьледчы Волчак зьняўся невялікіх ролях у больш чым 150 фільмах, а таксама ў рэкляме знакамітай кампаніі «Танкі», што нядаўна ён паўтара месяцы падарожнічаў па Амэрыцы з дальнабойшчыкамі. Алег Волчак удзячны лёсу за тое, што больш за 20 гадоў таму кінуў працу сьледчага ў пракуратуры і заняўся праваабаронай. У размове са Свабодай Волчак шчыра распавядае як пра посьпехі, так і пра цяжкасьці на сваім пакручастым шляху.

15 тысяч кілямэтраў за паўтара месяцы ў кабіне дальнабойшчыка

Я быў у ЗША каля 10 разоў. Раз на два гады сустракаюся зь беларускай дыяспарай у ЗША, якая мяне добра ведаюць і запрашае. Гэтым разам, улічваючы цяжкія будні праваабаронцы, мне прапанавалі проста адпачыць, але незвычайным чынам — праехацца на грузавых машынах разам з дальнабойшчыкамі.

Праваабаронца Алег Волчак у ЗША,Фэнікс. Люты 2019-га

Гэта была мая мара — паезьдзіць па Амэрыцы. За паўтара месяцы мы праехалі 15 тысяч кілямэтраў праз 12 штатаў. Мне было вельмі цікава, як жыве сярэдні амэрыканец, пра што думае, як зарабляе, як адпачывае, што думае пра іншы кантынэнт. Першая выснова — амэрыканцы няшмат цікавяцца зьнешняй палітыкай, бо вельмі занятыя працай і не надаюць вялікай увагі Расеі, Украіне, як некаму падаецца. Людзі жывуць мірным, працоўным жыцьцём, але ўмеюць і адпачываць. Амэрыканцы — патрыёты сваёй краіны, ганарацца ня толькі сваёй Канстытуцыяй і дзяржавай, але сваёй прыродай, дарогамі. Калі людзі маюць магчымасьць зарабляць грошы, то ў іх менш размоваў пра палітыку. Яны думаюць пра тое, як палепшыць здароўе, як даць адукацыю дзецям. Яны такія ж як і мы, беларусы, проста ў іх больш свабодна і дэмакратычна.

Шмат амэрыканскіх беларусаў, зь якімі я кантактаваў, працуюць на траках. Гэта хуткі даход, ад 6 000 да 30 000 даляраў за месяц, залежыць ад досьведу. Машыны вельмі камфортныя — два ложкі, тэлевізар, лядоўня. Гэта адзін з папулярных і паважаных бізнэсаў. Да гэтых людзей ставяцца зь вялікай павагай ставяцца і паліцыянты, і гандляры. Яны — рухавікі эканомікі. Калі ехалі па трасам, то я заўважаў на кожным кілямэтры ад 5 да 20 грузавых машын.

У гарах Каларада

Вельмі добрыя дарогі, цудоўныя паркоўкі. У туалет на паркоўцы заходзіш як у музэй — справа і зьлева жаночы і мужчынскі туалет, а пасярэдзіне — невялікі музэй, у якім расказваецца пра гэты край, пры сымбалі рэгіёну. Заблукаць нельга. Я дрэнна ангельскую мову ведаю, а там ёсьць мапа, на якой пазначанае месца, дзе мы спыніліся, і стрэлкі, куды можна рухацца. Вельмі зручна. На жаль, такога сэрвісу няма ў Беларусі.

Мне падабаецца, як амэрыканцы паважаюць закон. Крок улева, управа — штрафы, страта рэпутацыі. Мы падобныя на іх, але ў нас няма прыватнай уласнасьці і абароны закону. Беларусаў, якія трапляюць у ЗША, адразу заўважаюць. Яны працуюць на 2-3 працах і хочуць за 5-10 гадоў і дом, і машыну, і дзяцей забясьпечыць добрай адукацыяй. Каб у нас былі выбары, каб у нас быў такі ж суд, каб гэтак жа паліцыя працавала... Колькі мы езьдзілі і хадзілі, двойчы бачыў паліцыянтаў, і то падчас здарэньняў на трасе. Калі здараецца аварыя, ня толькі паліцыя прыяжджае, але і хуткая дапамога, пажарныя ды іншыя службы. Гэта гаворыць пра тое, што там правы чалавека, жыцьцё чалавека — на высокім узроўні.

Мы выехалі з Чыкага, даехалі практычна да Флярыды, потым езьдзілі па гарах у Каларада, далей па пустыні. Пабачыў зусім іншую Амэрыку. Зьдзівіў мяне Тэхас. Суткі па штаце ехалі. Пустынная зямля, але ўся ў працы — ці каровы пасуцца, ці палі засаджаныя, кожны кавалак зямлі ўпарадкаваны. У нас магло гэтак жа быць, каб была прыватная ўласнасьці.

«Трэба рабіць добрыя справы»

Я да многага зьмяніў стаўленьне. Я разумею, што ў нас дыктатура столькі гадоў, і што яна можа яшчэ даўжэй быць, але трэба разьвівацца і рабіць добрыя справы. У амэрыканцаў вельмі разьвіта спонсарства, дабрачыннасьць. Такія арганізацыі, як наша «Прававая дапамога насельніцтву», лічацца ў іх вельмі паважанымі, маюць добрае фінансаваньне, і ніхто ператрусы ня робіць, не арыштоўваюць, як са мной было ў 2017 годзе. Калі едзеш у кабіне, пра многае думаеш. Адназначна, што дэпрэсіі ў мяне ня будзе. Дэпрэсія нам даецца, каб мы пераглядзелі, што мы робім, як робім, як можна зьмяніць жыцьцё, ці пераяжджаць, ці заставацца, на што і як рэагаваць.

Ці зьбіраўся з зьяжджаць зь Беларусі? Ад сябе ня зьедзеш. Паўтара месяцы ў мяне была моцная туга, як у маладосьці, калі я трапіў у памежныя войскі, а потым у Аўганістан і два з паловай гады ня быў у Беларусі. Калі вяртаўся дадому, проста сьлёзы цяклі. І цяпер была моцная настальгія па Беларусі. Я ляцеў у ЗША маршрутам Менск-Варшава-Чыкага і бачыў, як з Варшавы ў Чыкага беларусы ляцяць сем’ямі. Зьяжджаюць людзі, якія маюць добрую адукацыю, і гэта мяне засмучае.

Больш за 150 фільмаў за 10 гадоў

Бог даў мне ня толькі праваабарончай дзейнасьцю займацца, але і здымацца ў кіно. Ужо 10 гадоў я здымаюся ў масоўках і невялікіх эпізодах. Летась мяне толькі акторства і выратавала. Фінансаваньня ніякага не было. Раней сябры ў Беларусі дапамагалі, але ў іх саміх крызіс у бізнэсе, самім трэба выжываць. Кінамастацтва мне дапамагло пратрымацца 10 месяцаў. Гэта невялікія грошы. Каб атрымліваць як прафэсійны актор, патрэбная адукацыя.

Я ўдзячны лёсу, што граў у кіно. Быў і сьледчым, і таксістам, і чыноўнікам, і сьлесарам у розных фільмах. У Амэрыцы я бараду адрасьціў. Ніколі гэтага не рабіў да 51 год, а тут паспрабаваў. Нават на кастынг схадзіў з барадой. Цяпер пагаліў. Дзяўчаты на працы сказалі, што я пастарэў на 10 гадоў з барадой...

Я зьняўся больш чым у 150 фільмах, пераважна — масоўцы, а ў 40 карцінах — у эпізодах. Нядаўна ў сэрыяле пра бандытаў «Злоумышленница» граў прыватнага дэтэктыва. У бандыцкім камэдыйным сэрыяле «Качели» беларускага рэжысэра Зяньковіча граў таксіста. Цяпер выйшаў фільм «Солдатики», у якім я граў афіцэра. У асноўным — у расейскіх сэрыялах, якія здымаюць у Беларусі. Цяпер у Расеі ідзе сэрыял «Акушерка. Новая жизнь», там я граў супрацоўніка апэратыўных службаў, затрымліваў злачынцаў. У рэкляму мяне часта запрашаюць. Чатыры разы здымаўся ў рэкляме беларускай кампаніі «Танкі».

Праваабаронца Алег Волчак на здымках дэтэктыву "Што і патрабавалася даказаць". З акторам Цімафеем Трыбунцавым расьсьледуюць справу аб пастаўках наркотыкаў.

Стаць прафэсійным акторам не хачу. Гэта цяжкая прафэсія. Хто ня ведае, то думае, што гэта лёгкія грошы. Каб такія вялікія тэксты вучыць, трэба мець фэнамэнальную памяць. У іх жа не адзін спэктакль, не адно кіно. Сёньня ў тэатры, заўтра ў іншым горадзе на здымках, пасьлязаўтра ў нейкім іншым праекце. Гэта цяжка. Мне падабаецца мая юрыдычная праца. Дастаткова граць у дробных эпізодах.

«Статкевіч кажа: Дык займайся праваабаронай. Я тады і слова гэтага ня ведаў»

Гэта быў 1998 год, два гады пасьля рэфэрэндуму 1996 году. Людзі, якія працавалі ў органах, пачалі сумнявацца. У 1994 годзе быў самы росквіт нашай працы, была пракурорская эліта, адчувалася павага да закону, слова пракурора сурʼёзна гучала для ўсіх ведамстваў, захоўвалася законнасьць. А потым усё пачало слабець, людзі пачалі разьбягацца, не хацелі быць вінцікамі.

2009 год. Падчас прэсавай канфэрэнцыі з нагоды арышту Мікалая Аўтуховіча.

Я пазнаёміўся зь некаторымі апазыцыянэрамі, мне падабаліся іх ідэі. У 1998 годзе зьезьдзіў у Літву зь Міколам Статкевічам, які тады яшчэ ў пракуратуры працаваў. Паглядзелі, як людзі жывуць. Прыехаў у Менск і падумаў, што гэта — не маё, што трэба рухацца далей, нешта рабіць, дапамагаць людзям. Статкевіч кажа: «Дык займайся праваабаронай». Я тады і слова гэтага ня ведаў. Дзякуючы яму, напэўна, я стаў займацца праваабарончай дзейнасьцю. Тады мне было 30 гадоў. Я сыходзіў на пустое месца.

2011 год. Пасьля арышту

Было цяжка і складана, але гэта былі мае самыя шчасьлівыя гады. Былі і ператрусы, і ціск, але радасных дзён было болей, асабліва калі адчуваў, што ўсталёўваецца справядлівасьць. Хаця гэта ня так часта бывае. У нашай працы шмат дробных прыватных пытаньняў, калі мы людзям дапамагаем праз вусныя кансультацыі, праз звароты да чыноўнікаў. Я не шкадую. Мае колішняе калегі, што засталіся ў пракуратуры, цяпер атрымліваюць добрыя пэнсіі. Многія сышлі ў Сьледчы камітэт, а ён прыроўнены да ваеннай арганізацыі. У іх 500-700 даляраў пэнсіі, залежыць ад пасады.

Праваабаронца Алег Волчак. 1995 год. Кабінэт старэйшага сьедчага пракуратуры Фрунзенскага району Менску.

Я пытаюся іх, а што вы ў жыцьці бачылі. Што зрабілі карыснага для людзей? Ці бачылі іншыя краіны? Яны 20 гадоў пражылі ў сваіх кабінэтах з кабурой і ў фуражках, а сьвету ня бачылі. Цяпер тым, зь кім я працаваў, па 50-55 гадоў, яны зашуганыя, жыцьцё праходзіць. А я за гэты час пры ўсіх складанасьцях у 40 краінах пабываў, сустракаўся зь міністрамі, праваабаронцамі, прымалі мяне на высокім узроўні у розных краінах, я — ганаровы грамадзянін двух гарадоў. Ёсьць што дзецям расказаць. А галоўнае, я карысьць прыносіў людзям. Мы прыходзім на гэтую зямлю ня толькі, каб паесьці, паспаць і хадзіць тупа на працу. Трэба рабіць нешта карыснае. За 20 гадоў каля 25 тысяч чалавек прайшло праз нашу арганізацыю.

«Праваабаронцы — гэта баромэтры праўды і зла»

Трэба вярнуцца да справы аб трагедыі на Нямізе. Упершыню мы выставілі пазоў да органаў улады, паколькі празь іх халатнасьць 53 чалавекі загінулі. Мы тады распрацавалі пазоў, ацанілі жыцьцё кожнага ў 55 тысяч даляраў. Справу закрылі, але да гэтага пытаньня варта б вярнуцца і правесьці абʼектыўнае расьсьледаваньне, хоць тэрміны пазоўнай даўніны прайшлі па крымінальнай справе. Трэба вярнуцца да справы Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага.

Разам са старшынём КНГ АБСЭ Гансам-Георгам Вікам

Мы рабілі шмат нібыта дробных рэчаў — дамагаліся аднаўленьня на працы, атрыманьня інваліднасьці, спынілі сотні ліпавых адміністрацыйных пратаколаў, якія на людзей складалі не па палітычных справах. Можна было больш зрабіць, каб мы працавалі як праваабаронцы ў ЗША. Паўсюль, дзе я стажыраваўся, значна больш магчымасьцяў, праваабаронцы шчыльна працуюць з адвакатамі, зь мясцовай уладай. Адзін італьянскі дэпутат сказаў, што праваабаронцы — гэта баромэтры праўды і зла; калі праваабаронцаў няма ў краіне, значыць зло пануе, калі яны ёсьць, значыць, праўда можа змагацца.

«Жонцы трэба мэдаль даць»

2016 год. Алег Волчак на судзе над Арцёмам Бародзічам, акторам Купалаўскага тэатру.

Мэдаль героя трэба даць жонцы, цёшчы, цесьцю і ўсіх родным, якія вытрымліваюць мой характар і маю дзейнасьць. Гэта складана, асабліва арышты і ператрусы. Калі мы жылі ў цёшчы, супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусам у сьвята 25 сьнежня. Ляжачую бабулю маёй жонкі падымалі, нешта шукалі ў яе ложку. У жонкі былі моманты, калі хацела сыходзіць, але мы вытрымалі.

Шлюб — гэта подзьвіг. Гэта ня проста жаніўся, пасварыўся, разышліся, жаніўся трэці ці чацьверты раз. Шлюб павінен быць адказным з абодвух бакоў. Я лічу, што мужчына павінен дапамагаць і саступаць жонцы. Жанчына ведае, што лепей для сямʼі, што лепей зрабіць. 17 гадоў разам жывем, 16 гадоў дачцэ, хоча дызайнэрам стаць. Сабачка маленькі ў нас жыве, 6-гадовы тэрʼер...

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях