25 апреля 2024, четверг, 13:36
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Здрабнела гэтая ўлада

1
Здрабнела гэтая ўлада
Крыжовая гара. Літва, Шаўляйскі раён

Некалі за раз па дзьве тысячы крыжоў вырывалі.

Зусім недалёка, у Літве, і зусім нядаўна, у 1980-я, людзі ставілі крыжы, а ўлады тыя крыжы ламалі і людзей кідалі ў вязьніцы. Але гэты тэкст найперш пра Курапаты.

Крыжовая Гара недалёка ад літоўскіх Шаўляў (Šiauliai, самы ўсход Жамойці) — помнік унікальны. Старасьвецкае гарадзішча Юргайчай даўно апусьцела, але калі на даўнейшай замкавай гары таемна пахавалі закатаваных удзельнікаў антыімпэрскага паўстаньня 1863–1864 гадоў, людзі пачалі ставіць крыжы ў іх памяць. Крыжоў ставілі штораз больш — і памяці блізкіх, і дзеля збаўленьня душы, і як знак „неляяльнай“ веры.

Без дазволу Мураўёва-Вешальніка

Незаконна ставілі, а як жа ж. Расейскія ўлады з 1845 году не дазвалялі ставіць крыжы нідзе, акрамя могілак і дзядзінцаў пры храмах. У 1864 годзе Мураўёў-Вешальнік аднавіў забарону. Праз гэта крыжоў на гары толькі большала. Іх ужо стаўлялі і ў памяць памерлых у Сібіру ссыльных. Ізноў жа незаконна, ня бралі дазволу ў Мураўёва.

Чужая ўлада — спачатку царская, а з 1950-х гадоў і савецкая (калі дайшлі рукі, здушыўшы партызанскі супраціў) — зьнішчала ідэалягічна няправільныя і незаконныя крыжы. Камуністы былі больш тэхнічна ўзброеныя: яны часткова зрылі гару і плянавалі затапіць яе або прынамсі ператварыць у выспу, перакрыўшы рэчку побач.

Антысанітарныя крыжы спаліць

12 сакавіка 1961 году спэцыяльнай пастановай бюро ЦК КПЛ забараніла „самавольную ўстаноўку помнікаў ці іншых пабудоваў“ на гары і прылеглай да яе тэрыторыі — каб не дапусьціць, як пісалі прапагандысты, „духоўнай спэкуляцыі цемрашалаў“ і „распаўсюджаньня антысанітарыі“. Улада патрабавала „ўпарадкаваць“ замчышча, г. зн. „ачысьціць яго ад наяўных там крыжоў“, а каб супакоіць грамадзкую думку, на „ачышчанай“ гары паставіць афіцыйны мэмарыяльны камень з надпісам „1861–1864“.

5 красавіка 1961 году камуністычная ўлада, нагнаўшы з бліжэйшага калгасу бульдозэраў і трактараў, рукамі прывезеных вязьняў і вайскоўцаў пачала вырываць крыжы. Гару ачапілі міліцыяй. Вывернутыя драўляныя крыжы рэзалі і палілі, мэталёвыя везьлі на мэталалом, каменныя і цэмэнтавыя разьбівалі і тапілі. Разам іх было 2179 (вялі ўлік!), а яшчэ мноства малых крыжоў, мэдальёнаў і вотаў. Гару зааралі.

За крыжы саджалі. Так, у 1981 годзе на тры гады лягераў быў засуджаны Мячыславас Юравічус за крыжовую хаду на Гару. Аднак людзі патаемна ставілі крыжы надалей. Крыжалом быў яшчэ пяць разоў, апошні раз у 1985 годзе.

Усе крыжы — законныя. Але ў свабоднай краіне

Як толькі Літва вырвалася з лапаў савецкай імпэрыі, Крыжовая гара аднавілася як адна з галоўных нацыянальных сьвятыняў. Яе ў 1993 годзе наведаў папа Ян Павал ІІ. Сёньня там крыжоў — вялікіх і малых — пад 200 тысячаў. Ёсьць і капліцы, і драўляныя каплічкі на слупах, і скульптуры сьв. Марыі. Акрамя каталіцкіх (іх большасьць), ёсьць і знакі іншых хрысьціянскіх канфэсіяў, напрыклад, украінскія праваслаўныя, Армянскай царквы, і юдэйскія.

Гэта адначасова і мэмарыял памяці змаганьняў за свабоду краіны і веры, і месца малітвы, і памятка дахрысьціянскае культуры, і помнік археалёгіі.

Крыжовая гара як комплексны помнік уваходзіць у нацыянальны рэестар культурных каштоўнасьцяў пад кодам 23879. Акрамя таго, яна занесеная і ў эксклюзіўны Сьпіс аб’ектаў гісторыі, археалёгіі і культуры дзяржаўнага значэньня (такіх толькі 17).

З чаго складаецца помнік? Згодна з актам Рады ацэнкі нерухомай культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Літвы ад 19 чэрвеня 2012 году, неад’емная частка комплексу Крыжовай гары, якая вызначае яго каштоўнасьць, — гэта зямля і элемэнты яе паверхні (узгорак і частка падножжаў), застаўленыя крыжамі.

Г. зн. усе крыжы ды іншыя мэмарыяльныя элемэнты разам прызнаюцца часткаю помніку культуры і ахоўваюцца дзяржавай. Ніхто не патрабуе ад людзей, якія паставілі крыжы, нейкага іх „узаконеньня“, яны ўзаконеныя самім фактам усталяваньня ў гэтым месцы.

Пры гэтым як асобныя культурныя каштоўнасьці ў рэгістар дадаткова ўпісаныя 57 найбольш эстэтычна і гістарычна значных крыжоў, капліцаў і скульптураў.

Ахоўныя зоны культурнай каштоўнасьці Крыжовая гара. @Kultūros paveldo centras

Плошча культурнай каштоўнасьці 6,38 га (тоўстая чырвоная лінія на схеме), прычым яе павялічылі; пачаткова яна складала 4,5 га. А падзона так званай візуальнай аховы помніка складае 210 га (тонкі чырвоны пункцір на схеме). Сэнс у тым, каб вакол не было недарэчных пабудоваў, каб крыжы на гары былі відаць здалёк, каб, набліжаючыся да яе, людзі прасякаліся адпаведным настроем.

Фармальна ўласьнік крыжовай гары — дзяржава, уладальнік — раённае самакіраваньне, апякун — Царква, наглядчык — мясцовае староства. Плюс мноства валянтэраў. Але галоўныя валадары гары — тысячы людзей, якія ставяць крыжы.

Забараняць нельга, бо разбурыцца сакральнасьць

Крыжовая гара ў цэнтры грамадзкай увагі, нацыянальныя мэдыя рэгулярна абмяркоўваюць яе праблемы. Месца ж асаблівае і таму люднае. Гэта пытаньні парадкаваньня тэрыторыі, абыходжаньня з струхлелымі крыжамі, парковак, неўпарадкаванага гандлю памяткамі. Ёсьць і турботы, зьвязаныя з усталяваньнем новых крыжоў і знакаў — то няма куды, то новыя людзі не зусім разумеюць спэцыфіку мясьціны.

Раённая ўлада рэгулярна абнаўляе „Правілы наведваньня, стаўляньня крыжоў і догляду Крыжовай гары — замчышча Юргайчай-Домантай“. Цытую апошнюю вэрсію 2013 году:

„14. У мэтах захаваньня аўтэнтычнасьці Крыжовай гары, традыцыяў стаўляньня крыжоў і агульнага эстэтычнага выгляду наведнікі Крыжовай гары маюць права ставіць драўляныя крыжы, слупы з разьблёнай выявай сьвятога, прыдарожныя драўляныя слупы з арнамэнтальнай стрэшкай вышынёй да 3 метраў, не ствараючы небясьпекі для ўжо наяўных пабудоваў і ня прымяншаючы сакральнасьці, не зьнішчаючы раней пабудаваных аб’ектаў“.

І людзі з усяе Літвы і шырокага сьвету надалей ставяць крыжы, ня бегаючы па дазвол, і сакральнасьць мясьціны толькі ўзрастае. Калі ж хочуць паставіць вышэйшы крыж або знак, не апісаны ў цытаваным пункце, зьвяртаюцца ў староства ці ў мясцовы аддзел аховы культурнай спадчыны. Наколькі ведаю, людзям не адмаўляюць, толькі падказваюць. Бо нельга, як кажа гісторык праф. Паўлюс Субачус, перашкаджаць натуральнаму разьвіцьцю комплексу: абмежаваньні разбураць яго сакральную ўнікальнасьць. (Шчыра кажучы, бываюць і парушальнікі, але дагэтуль нікога не пакаралі, толькі ўшчуваюць.)

Так у людзей.

Заканадаўства ў сфэры аховы гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Літвы і Беларусі даволі падобнае. А вось рэалізацыя заканадаўства — напрыклад, вызначэньне статусу і складу помніка, яго межаў і зонаў аховы — у немалой ступені залежыць ад сумленнасьці і каштоўнасных прыярытэтаў тых, хто законы трактуе і выконвае.

Вось жа калі нехта кажа пра „незаконна“ пастаўленыя курапацкія крыжы — пасылайма яго ў Літву, на Крыжовую гару. Для прасьвятленьня душы.

Вінцук Вячорка, "Радыё Свабода"

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях