27 мая 2019, понедельник, 9:55
За нашу и вашу свободу!
Рубрики

Лічыў, што беларускай культуры уласьцівы гераізм

Уладзімер Конан
Фота: rfe/rl

20 фактаў пра Ўладзімера Конана, філёзафа нацыянальнага адраджэньня Беларусі.

23-га красавіка выдатнаму навукоўцу, культуролягу, літаратурнаму крытыку і філёзафу Ўладзімеру Конану споўнілася б 85 гадоў.

У савецкія часы вымушана, як і ўсе калегі, цытаваў клясыкаў марксізму, але крытычна ставіўся да савецкага ладу і быў ідэолягам беларускага нацыянальнага фундамэнталізму.

Яшчэ ў брэжнеўскія часы выдаў манаграфію пра крытыка Адама Бабарэку, у якой абараняў прадстаўнікоў літаб’яднаньня «Ўзвышша», называючы менавіта іх найлепшымі прадстаўнікамі беларускай культуры.

1. Лічыў, што беларускай культуры, як ніякай іншай, уласьцівы гераізм і трагічнасьць

«...Гераічны прарыў зь нябыту ў небыцьцё. Гераізм і трагічнасьць — даўно заўважаныя прыкметы беларускай нацыянальнай культуры.

Трагізм незакончанасьці творчага выяўленьня: тады, калі яно пачалося занадта позна, як у Багушэвіча і шмат каго зь яго пасьлядоўнікаў-нашаніўцаў; і асабліва тады, калі жыцьцё абрываецца ў пачатку творчага ўзыходжаньня, як гэта сталася з Гмыракам».

2. Называў Адама Станкевіча рыцарам рэлігійнага і нацыянальнага адраджэньня Беларусі

«Адам Станкевіч належыць да тых слаўных рыцараў рэлігійнага і нацыянальнага адраджэньня Беларусі, якія апошнімі вяртаюцца ў нашу культурную традыцыю.

Ксёндз Адам Станкевіч

Бальшавікі помсьцілі яму пры жыцьці за ахвярную службу Беларусі, замучыўшы ў далёкай расейскай глыбінцы. Помсьцілі пасьля пакутніцкай сьмерці паклёпамі і лаянкай, а найбольш — „інфармацыйнай блякадай“, забаронай навуковай і літаратурнай спадчыны, замоўчваньнем самога імя Адама Станкевіча: яго доўга выкрэсьлівалі з энцыкляпэдычных выданьняў...»

3. Заўважаў памылкі Адама Станкевіча

«Як рэлігійны дзяяч, які ўпершыню ў нашай навуцы акцэнтаваў увагу на каштоўнасьцях касьцельнай традыцыі, А. Станкевіч крыху перабольшваў яе, недаацэньваў беларускай сьвецкай культуры ў эпоху Рэчы Паспалітай... У А. А. Станкевіча... ёсьць пэўная аднабокасьць... Памыляўся ён і ў ацэнцы Люблінскай уніі 1569 году як пачатку поўнага заняпаду беларускага народу... Памыляўся, калі яму здавалася, быццам пасьля сьмерці Льва Сапегі (1633) дзея палітычнай гісторыі нашага краю часова замерла аж да Кастуся Каліноўскага».

4. Пісаў пра небясьпеку для фальклёру з боку масавай культуры

«У 1950-1960 гады навука ў асноўным пераадолела найбольш шкодныя формы вульгарызацыі народнай творчасьці. Але парадокс у тым, што небясьпека для фальклёру ўзьнікла цяпер з-за яго незвычайнай папулярнасьці. Пастаўшчыкі сучаснай разнавіднасьці „пацяшальнай“ масавай культуры бачаць у фальклёры толькі „сыры паўфабрыкат“: бяруць яго вобразы і выяўленчыя сродкі, скажаюць іх і дастасоўваюць да сваіх псэўданародных, па сутнасьці, мадэрнісцкіх плыняў у „лёгкай“ музыцы».

5. Катэгарычна выказваўся пра такое паняцьце, як «міт»

«Кансэрватызм міту ў тым, што ён сьцьвярджае аўтарытарны сьветапогляд, непарушнасьць існуючых грамадзкіх устаноў, пачынаючы ад першабытнаабшчынных і канчаючы шматлікімі сучаснымі сацыяльна-палітычнымі інстытутамі. Параджаючы шматлікія культы — ад прымітыўнага фэтышызму... да „культу асобы“, „культу ўлады“... ён становіцца сродкам адчужэньня і абездухоўленьня чалавека, яго самазаняволеньня».

6. Лічыў, што Максім Гарэцкі апярэдзіў авангардысцкую літаратуру

Максім Гарэцкі, 1937 год

«Аповесьць „Антон“ — унікальная зьява ў беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. ...Наш пісьменьнік апярэдзіў пазьнейшыя авангардысцкія і постмадэрнісцкія навацыі: прапанаваў кампазыцыйную структуру, дзе спалучыліся эпічныя, драматургічныя і публіцыстычныя жанры, набор эпіграмаў, якія афарыстычна вызначаюць сэнс кожнага разьдзелу...»

7. Лічыў, што хрысьціянскія дзяржавы ў аснове засталіся паганскімі

«...Дзяржавы, схільныя да ваеннага вырашэньня міжнародных праблем, засталіся па сутнасьці язычніцкімі. Таксама грамадзтва ў цэлым засвоіла хрысьціянскія імпэратывы толькі на ўзроўні абрадавер’я, а не па сутнасьці хрысьціянскай любові і хрысьціянскага дараваньня».

8. З сумам успамінаў сваю вучобу на гістарычным факультэце БДУ

«Вучоба на гістарычным факультэце БДУ навучыла прафэсіянальна працаваць зь першакрыніцамі і дасьледаваць культурную спадчыну з улікам гістарычнай дынамікі яе разьвіцьця. Аднак, паводле ўспамінаў У. Конана, адлучыла яго ад традыцыйнай нацыянальнай культуры і роднай мовы. /.../ Не было ніводнай лекцыі па гісторыі беларускай культуры, роднай мове, літаратуры».

9. Лічыў, што дасьледчыкі павярхоўна разглядаюць творчасьць Малевіча

Казімір Малевіч

«На жаль, гэтая сусьветная вядомасьць аднабокая, часам дылетанцкая: аб’ектам уяўна глыбакадумных разважаньняў сталі абстракцыйныя вопыты мастака, не да канца прадуманая тэорыя „чыстага“ жывапісу... Сёньня засталося напаўзабытым яго фігуратыўнае мастацтва ў стылях імпрэсіянізму, постімпрэсіянізму і ў іканапісных традыцыях. Часам павярхоўна або з ухілам у плянэтарны містыцызм разглядаецца філязофія і эстэтыка К. Малевіча».

10. З жахам ставіўся да глябалізацыі

«Зусім верагодна, што ў прыхільнікаў глябалізацыі ёсьць добрыя намеры. Але, як трапна кажа прымаўка: „Добрымі намерамі дарога ў пекла выбрукавана“. Правобразам глябалізацыі былі імпэрыі — ад асыра-бабілёнскай, эгіпецкай, рымскай да нядаўніх (СССР, Германскі рэйх)... Сёньня навязваецца міт, быццам бы асяродкам духу ня ёсьць нацыянальная мова, клясычная літаратура, высокае мастацтва..., а інфармацыйная імпэрыя манапалістычнага кшталту...».

11. Лічыў, што лепшае ў беларускай культуры было створана ў часы эканамічнай нестабільнасьці

«...Сёньня навязваецца ідэя, што ўсё вырашае эканоміка, сацыяльная стабільнасьць. Але — вось парадоксы: сусьветная і наша нацыянальная літаратурна-мастацкая клясыка ствараліся ў часы нестабільнасьці, ня вельмі высокаразьвітай эканомікі, а ў нас — ва ўмовах беднасьці, асабліва творцаў культуры. Вялікая культура ня толькі патрабуе багацьця матэрыяльнага, а найперш энтузіязму і самаахвярнасьці».

Зьлева направа: Уладзімер Конан, Адам Мальдзіс, Дзьмітры Бугаёў, Вітаўт Кіпель, Васіль Быкаў, Зора, Юры Хадыка. Вітаўту Кіпелю – 90 год. Верасень 1995 году, Іслач

12. У брэжнеўскія часы ганіў савецкую крытыку, называючы яе прымітыўнай і штампаванай

«Чытаеш іншы крытычны артыкул і не знаходзіш у ім ніякай думкі, у тым ліку крытычнай, бо, апрача штампаў і каньюнктурных меркаваньняў, нічога тут няма, а, скажам, праграмны верш паэта нярэдка зьяўляецца бліскучым выяўленьнем у вобразнай форме глыбокіх эстэтычных, філязофскіх, грамадзка-палітычных ідэй».[6]

13. Захапляўся літаратурным аб’яднаньнем «Узвышша» за іх антыбальшавіцкі дух

Літаратурнае абʼяднаньне «Ўзвышша». 1928 год

​«Тут важна ня толькі тое, што абвешчана, але і тое, чаго няма. А няма „кіруючай... ролі“ бальшавіцкай партыі ў галіне літаратуры і, шырэй, краіне наогул. /.../ „Узвышша“ перакінула мост паміж сваім беларускім мадэрнізмам і адраджэнскай традыцыяй нашай літаратуры... мінаючы пралеткульт, бальшавіцкую дыктатуру. Бальшавіцкую тэорыю і практыку клясавай барацьбы „Ўзвышша“ замяніла стратэгіяй нацыянальнай кансалідацыі і нацыянальным адраджэньнем».

14. Высока цаніў Кірылу Тураўскага за сьмелыя тэксты

Кірыла Тураўскі

«...Тэалягічныя погляды Кірылы Тураўскага не заўсёды ўзгадняюцца з артадаксальным багаслоўем...

Кірыла Тураўскі нідзе не сьцьвярджае, што Бог стварыў сьвет зь „нічога“, зь нейкай пустаты, як гэта часам гаворыцца дасьледчыкамі хрысьціянскай філязофскай анталёгіі.

...Ён упадабняе Бога-Дэміурга да мастака і дойліда, які пабудаваў дасканалы твор...»

15. Любіў ксяндза Гадлеўскага за ягоны радыкалізм і жаданьне, каб беларусы мелі сваю армію для абароны незалежнасьці

Вінцэнт Гадлеўскі

«Асоба... ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, асьветніка, палітычнага дзеяча і выдатнага тэоляга, пакутніка за беларускае духоўнае і нацыянальнае адраджэньне ў Другой сусьветнай вайне — унікальнае ў айчыннай гісторыі ХХ стагодзьдзя.

У кіраўніцтве Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ён заняў радыкальную пазыцыю: у 1936 годзе выступіў ініцыятарам стварэньня Беларускага нацыянальнага фронту, а ў гады вайны да сваёй пакутніцай сьмерці заставаўся духоўным натхняльнікам стварэньня беларускай арміі для абароны дзяржаўнай незалежнасьці беларускай нацыі».

16. Крытыкаваў за недальнабачнасьць Вацлава Ластоўскага

Вацлаў Ластоўскі

«Вацлаў Ластоўскі арыентаваў беларускую літаратуру на агульнаэўрапейскі эстэтычны ўзровень творчасьці. Але ж ён прагледзеў або не зразумеў мастацкія адкрыцьці стваральнікаў клясычнай паэзіі (Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча), якія былі на ўзроўні лепшых узораў эўрапейскай паэзіі».[10]

17. Лічыў, што сучасная беларуская мова пачала зараджацца ў канцы XVIII — пачатку ХІХ стагодзьдзяў

«Парадокс у тым, што якраз у „застойны пэрыяд“ для нашай літаратуры (другая палова XVIII — пачатак ХІХ ст.) пачала складвацца сучасная беларуская мова. Пра гэта сьведчыць неафіцыйная, пераважна рукапісная беларуская літаратура так званага „нізкага стылю“, якая дапаўняла афіцыйную новалацінскую і польскамоўную літаратуру пэрыяду клясыцызму. Шырока бытавалі гумарыстычныя і сатырычныя... творы... Склаўся нават асобны жанр... — беларускія інтэрмэдыі...»

18. Абвяргаў міт, што новая літаратурная беларуская мова ня мела пераемнасьці з мовай ВКЛ

«На маю думку, нашы мовазнаўцы не заўсёды маюць рацыю, сьцьвярджаючы, быццам бы станаўленьне новай літаратурнай мовы беларусаў адбывалася толькі на фальклёрна-этнаграфічнай аснове. ...А як быць зь лексычным фондам, фанэтыкай, артаграфіяй і сынтаксісам? Няўжо і з гэтага пункту погляду паміж старадаўняй і новай беларускай мовай няма пераемнасьці? Думаю, што ёсьць».

19. Крытычна выказваўся пра Сымона Буднага

Уладзімір Конан адзначаў непрымальнае стаўленьне Буднага да мастацтва:

«Зьяўляючыся пасьлядоўным антытрынітарыем, ...

Сымон Будны, літаграфія мастакоў Ліялі і Валянціна Варэцы

Будны быў фактычна іканаборцам, і ў гэтай яго пазыцыі заключалася непрыманьне хрысьціянскага выяўленчага мастацтва. Выступаў ён таксама супраць народных карнавалаў, гульняў, музыкі, скамарохаў...»

20. Лічыў, што Цішка Гартны апярэдзіў свой час

«Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч) для свайго часу здольны празаік і публіцыст, спрабаваў свае сілы, зрэдку не бяз посьпеху, у паэзіі, быў заслужаным грамадзкім дзеячом... У камуністычным руху ён апярэдзіў свой час, бо лічыў немагчымым будаўніцтва сацыялізму без адраджэньня нацыянальных культур, без захаваньня і разьвіцьця нацыянальнай самабытнасьці народаў СССР».

Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч)

Васіль Дэ Эм, «Радыё Свабода»