20 июля 2019, суббота, 7:11
Мы в одной лодке
Рубрики

Гісторыі трох ксяндзоў — паплечнікаў Каліноўскага

Як нашыя святары змагаліся з расейскімі акупантамі.

«Радыё Свабода» сабрала зьвесткі пра двух пакараных сьмерцю ксяндзоў-паўстанцаў, чые парэшткі знойдзеныя на гары Гедзіміна ў Вільні. Яшчэ аднаго расстралялі казакі на ўскрайку Ліды, а месца пахаваньня затапталі коньмі.

Гара Гедзіміна ў Вільні з пахаваньнямі паўстанцаў

Гісторыя першая. Сваячка забітага паўстанца

Пасьля публікацыі пра знойдзеныя літоўскімі археолягамі парэшткі паўстанцаў 1863–64 гадоў на гары Гедзіміна ў Вільні Свабода атрымала ліст ад жанчыны, якая не выключае сваёй сваяцкай сувязі са сьвятаром Станіславам Ішорам, якога пакаралі сьмерцю расейскія ўлады.

Паводле аўтаркі допісу Тацяны Дронь, у артыкуле «да болю зачапіла» прозьвішча чалавека, ідэнтычнае зь ейным па бацькавай лініі — Ішора.

«У матэрыяле пра парэшткі паўстанцаў Каліноўскага згадваецца Станіслаў Ішора, — піша яна. — У сувязі з гэтым згадалася сямейная гісторыя пра майго дзядулю. Яго звалі Няфёд Іванавіч Ішора, 1888 году нараджэньня. Пра яго бацькоў вядома толькі тое, што палякі. У 2 гады ён застаўся сіратой і выхоўваўся роднымі цёткамі ў Вялікалуцкім павеце (цяперашняя Пскоўшчына. — РС). Расказваў, што яго продкі былі зь Віленшчыны».

Ксёндз Станіслаў Ішора і фамільны герб (паводле прэзэнтацыі Гіціса Грыжаса і Валдаса Сьцепанайціса)

Тацяна Дронь адзначае, што дзед атрымаў добрае выхаваньне: да апошніх дзён адзначаўся высакароднасьцю, але пры гэтым стараўся не выдзяляцца з агульнай масы. І цікавіцца: ці можа яе сям’я мець агульныя карані са Станіславам Ішорам?

Тэарэтычна продкі Тацяны Дронь маглі быць у сваяцтве зь сям’ёй Станіслава Ішоры. Прынамсі, пра гэта кажа іх агульнае геаграфічнае паходжаньне — зь Віленшчыны. Аднак глыбейшыя высновы рабіць дачасна: ДНК ніводнага з крэўных ксяндза Ішоры, якія жывуць цяпер, не супала з дадзенымі парэшткаў.

Ішору маглі перапахаваць з гары Гедзіміна

Як адзначыў падчас нядаўняга круглага стала ў Нацыянальным музэі гісторыі Літвы археоляг Гіціс Грыжас, усяго на сьмяротнае пакараньне ў Вільні асудзілі 21 чалавека — праз павешаньне і расстрэл.

Ідэнтыфікаваныя ўсе, апроч Станіслава Ішоры. Ёсьць генэтычныя дадзеныя двух нашчадкаў ягоных пляменьнікаў, якія жывуць у Літве і Польшчы. І аналіз паказаў, што ніводзін з двух дзясяткаў пахаваных — не Ішора.

Сярод дасьледчыкаў існуе гіпотэза, што ксяндза-паўстанца ўдалося перапахаваць у касьцёле Сьвятога Мікалая ў Вільні. Аўтар песень «паўстанцкага цыклю» Сяржук Сокалаў-Воюш рыхтуе грунтоўны даведнік па асобах паўстанцаў. Ён кажа, што асобныя прыклады таемных перапахаваньняў сапраўды былі — дзеля гэтага патрабаваліся або спрыяльныя ўмовы, або немалыя грошы на подкуп вартавых.

Сяржук Сокалаў-Воюш

Напрыклад, кіраўніка паўстанцкага аддзелу Яна Ельскага-Ёдку расейцы спачатку кінулі ў групавую магілу, а неўзабаве паплечнікі перазахавалі яго на могілках пры маёнтку Відзкі Двор. Аднак пасьля гэтага ўлады правялі яшчэ адну эксгумацыю і перанесьлі парэшткі ў невядомае месца.

Незаўважна вынесьці цела з тэрыторыі вайсковага гарнізону, на яго думку, было надзвычай складана. Адпаведна, раней ці пазьней адмыслоўцам давядзецца выйсьці за пэрымэтар Замкавай гары.

Што вядома пра ксяндза Станіслава Ішору

Згодна з архіўнымі зьвесткамі, якія сабраў Сяржук Сокалаў-Воюш, Станіслаў Ішора нарадзіўся 12 красавіка 1838 году ў вёсцы Цасарка пад Вількамірам, што за паўсотні кілямэтраў ад Вільні. Ён сын Станіслава Ішоры-старэйшага і Марыі Шантыр, у яго былі брат Аляксандар і сястра Марыя (у замужжы Кярсноўская).

Герб паўстанцаў 1863-64 гадоў

Скончыў гімназію ў Вільні і паступіў у Пецярбурскую духоўную акадэмію — адзіную ў Расейскай імпэрыі ўстанову для навучаньня каталіцкіх сьвятароў. Пасьля пасьвячэньня ў 23-гадовым узросьце быў прызначаны вікарыем у парафію Жалудок на Лідчыне.

Як вынікае з гістарычных архіваў, большасьць ксяндзоў падтрымала антырасейскае паўстаньне, многія бралі ўдзел у яго арганізацыі. У іх ліку і Станіслаў Ішора — першы, хто быў пакараны сьмерцю на Лукіскім пляцы ў Вільні.

Лідзкі павет, як і іншыя заходнія землі Беларусі, далучыўся да паўстаньня супраць расейскай акупацыі. У лютым 1863-га тут пачаў дзейнічаць партызанскі аддзел Людвіка Нарбута. Мясцовыя сьвятары займаліся пастырскай апекай у атрадах, даводзілі распараджэньні камандзіраў, вялі патрыятычныя казані сярод прыхаджанаў, хавалі забітых у сутычках, а часьцяком выступалі са зброяй у руках.

Сьмяротны вырак за паўстанцкі маніфэст

8 сакавіка 1863 году Станіслаў Ішора зачытаў у касьцёле паўстанцкі маніфэст і згадзіўся бьщь капэланам. Адначасна прывёў да прысягі добраахвотнікаў, якія папаўнялі паўстанцкія аддзелы. Калі расейская адміністрацыя арыштавала пробашча Жалудоцкага касьцёлу Юзафа Ясінскага, абвінаваціўшы яго ў дэклямаваньні маніфэсту, айцец Станіслаў добраахвотна здаўся, каб вызваліць невінаватага сьвятара.

Касьцёл у Жалудку, мяжа ХІХ-ХХ стагодзьдзяў

За заклікі да паўстаньня разам з Ішорам былі аддадзеныя пад суд ксяндзы Раймунд Зямацкі і Адам Фалькоўскі, арганіст Адам Калясінскі, пісар Гаеўскі і стражнік Яцэвіч.

«Першапачаткова ў траўні 1863 году вайсковы суд пры штабе 2-й Гвардзейскай пяхотнай дывізіі пад старшынствам генэрал-лейтэнанта Весяліцкага асудзіў Станіслава Ішору на 5 гадоў сыбірскай катаргі, — адзначае Сяржук Сокалаў-Воюш. — Аднак на паўторным паседжаньні, праведзеным цягам аднаго дня пад кіраўніцтвам палкоўніка Ўласава, ужо было прынятае зусім іншае рашэньне: расстрэл. Ксяндзу было 24 гады».

Крывавая місія Мураўёва-вешальніка

Фатальным для дзясяткаў паўстанцаў стала прызначэньне ў Вільню генэрал-губэрнатарам Міхаіла Мураўёва, які з траўня 1863-га да красавіка 1865-га лютаваў у Беларусі і Літве. За дзейнасьць «по усмиренію польскаго возстанія» ён атрымаў мянушку «Вешальнік».

Ананімная гравюра Мураўёва-вешальніка да 50-годзьдзя паўстаньня

Гэта на яго загад вярнулі на перагляд ранейшыя «мяккія» прысуды. Адносна пашчасьціла тым, каго на момант прыезду высокага чыну ўжо адправілі ў Сыбір. А вось справу сьвятара генэрал наклаў забойчую рэзалюцыю:

«Ксяндза Ішору расстраляць у Вільні, арганіста Калясінскага, пазбавіўшы ўсіх правоў, саслаць на 12 гадоў катаргі ў шахты-капальні».

На падставе пастановы Віленскага губэранскага праўленьня маёмасьць асуджаных да сьмерці падлягала канфіскацыі.

Паводле адных зьвестак, Станіслаў Ішора быў расстраляны 3 чэрвеня (22 траўня па новым стылі) 1863 году ў Лукіскай вязьніцы, паводле іншых — пры зборы войска і вялікім зграмаджэньні народу на кірмашовым пляцы ў прымесьці Лукішкі. Сьведкі ўспаміналі, што сьвятар зьвярнуўся да натоўпу з заклікам трымацца і ня падаць духам: «Мы паміраем, а вам перадаём далейшы лёс Айчыны».

Гара Гедыміна ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя (з прэзэнтацыі Гіціса Грыжаса і Валдаса Сьцепанайціса)

У 1933 годзе ў касьцёле сьвятога Якуба ў Вільні пасьвянцілі мэмарыяльную дошку на польскай мове: «Сьвятой памяці ксёндз Станіслаў Ішора, народжаны ў Вільні 12.IV.1838, вікарый у Жалудку, каплан-герой, забіты за справу касьцёла і нацыі ў Вільні на Лукішках 3.VI.1863 году. Слава яго памяці».

А ў 2003-м, да 140-годзьдзя паўстаньня, на касьцёле ў Лідзе была ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў памяць пра расстраляных ксяндзоў Станіслава Ішору, Раймунда Зямацкага і Адама Фалькоўскага.

Гісторыя другая. Сьвятар — удзельнік двух паўстаньняў

Аналягічны са Станіславам Ішорам лёс напаткаў Раймунда Зямацкага, яшчэ аднаго сьвятара зь Лідчыны. Ён самы стары з ахвяр мураўёўскай «зачысткі» — на момант вынясеньня прысуду меў 53 гады.

Рэчы, знойдзеныя побач з парэшткамі Раймунда Зямацкага і Альбэрта Лясковіча (з прэзэнтацыі Гіціса Грыжаса і Валдаса Сьцепанайціса)

Як вынікае з дасьледаваньня Сержука Сокалава-Воюша, нарадзіўся ён 19 верасьня 1810 году ў двары Дахны Крэўскай гміны Ашмянскага павету ў сям’і Янука і Кацярыны з Камінскіх. Хрышчоны ў парафіяльным касьцёле ў Лоску.

У 20-гадовым узросьце браў удзел у паўстаньні 1831 году, падчас сутычкі з расейцамі ў Ашмяне атрымаў чатыры ўдары казацкай пікай і два шабляй. Страціўшы прытомнасьць, застаўся на полі бою сярод трупаў, а калі ачуняў, сплываючы крывёй, дапоўз да найбліжэйшага засьценка.

Вярнуцца ў родны двор ён ня мог — Дахны былі пад расейскім кантролем. Родныя вырашылі, што Раймунду «для заціраньня сьлядоў» трэба паступіць у духоўную сэмінарыю. Так у ягонай біяграфіі пачаўся духоўны адрэзак.

Адно з пахаваньняў паўстанцаў (з прэзэнтацыі археолягаў Гіціса Грыжаса і Валдаса Сьцепанайціса)

Ён быў вікарыем у Пружане і вікарыем парафіі сьвятога Рафала ў Вільні. Ад 1850 году і да пакараньня сьмерцю ў 1863-м — пробашч Вавёрскага касьцёла Лідзкага павету.

27 студзеня ўзяў на сябе місію зачытаць маніфэст Літоўскага паўстанцкага ўраду, які абяцаў волю і зямлю, заклікаючы народ да абароны сваёй Айчыны.

Арыштаваны 15 лютага 1863 году. Быў высланы ў Ліду, адтуль у Вільню. Першапачаткова асуджаны на катаржныя працы ў Сыбіры, але праз умяшаньне Мураўёва-вешальніка пакараны сьмерцю: расстраляны на кірмашовым пляцы ля касьцёла сьвятога Якуба ў Вільні — праз два дні пасьля ксяндза Ішоры. Згодна з распараджэньнем генэрал-губэрнатара і пастановай Віленскага губэранскага праўленьня ягоная маёмасьць падлягала сэквэстру.

Раскопы на гары Гедыміна (з прэзэнтацыі Гіціса Грыжаса і Валдаса Сьцепанайціса)

Як вынікае са справаздачы літоўскіх археолягаў, Раймунд Зямацкі пахаваны ў адной магіле з 23-гадовым шляхціцам Альбэртам Лясковічам. У абодвух пераламаныя косьці, у яме знайшлі кулю. Праз антрапалягічныя дасьледаваньні і характар пашкоджаньняў удалося высьветліць, што гэта сапраўды Зямацкі і Лясковіч. Тое самае пацьвердзілі пробы ДНК, узятыя ад сваякоў — супадзеньне на 98%.

23 ліпеня 1933 году на касьцёле сьвятога Рафала ў Вільні ўсталявалі памятную дошку: «Сьвятой памяці ксёндз Раймунд Зямацкі, народжаны ў Лоску 10 верасьня 1810 г., удзельнік паўстаньня 1831 г., вікарый касьцёла сьв. Рафала ў Вільні, потым пробашч у Вавёрцы Лідзкага павету. Каплан-герой загінуў мучаніцкай сьмерцю, расстраляны на Лукіскім пляцы ў Вільні 5 чэрвеня 1863 г.».

Гісторыя трэцяя. Кінулі ў дол і залілі вапнай

Поруч са Станіславам Ішорам і Раймундам Зямацкім часта згадваецца яшчэ адзін сьвятар — 51-гадовы Адам Фалькоўскі, пробашч зь Ішчалны Лідзкага павету. Як і тыя, ён зачытаў у касьцёле паўстанцкі маніфэст і заклікаў сялянаў да паўстаньня.

Памятны камень на месцы расстрэлу Адама Фалькоўскага

Паводле наяўных зьвестак, Адам Фалькоўскі быў арыштаваны 2 сакавіка 1863 году і адпраўлены зь Ліды ў Вільню. Але неўзабаве яго адаслалі назад у Ліду, дзе 24 чэрвеня расстралялі.

З успамінаў ксяндза-дэкана Іпаліта Баярунца, на якія спасылаецца Сяржук Сокалаў-Воюш, вынікае, што а 6-й раніцы арыштанта прывялі да месца пакараньня, дзе ўжо быў выкапаны дол і ў бочцы падрыхтавана сьвежая вапна. Там прывязалі да слупа i завязалі вочы. Раздаўся залп з карабінаў... Цела ксяндза кінулі ў дол без труны і залілі вапнавым растворам. Магілу закапалі, эскадрон казакоў на конях зацёр яе сьляды.

Дасьледчык Язэп Янушкевіч

«За час паўстаньня сьвятароў расстралялі вельмі шмат, — кажа яшчэ адзін дасьледчык тагачасных падзеяў Язэп Янушкевіч. — З гэтай прычыны я нават ламаю звыклае датаваньне, пазначаючы пэрыяд ад 1863 да 1865 гадоў, бо каралі сьмяротнымі выракамі і пасьля здушэньня выступаў. Да таго ж мы звычайна разглядаем землі Літвы і Беларусі, а калі ўзяць яшчэ Польшчу — колькі капуцынаў было забіта там? Так што ахвярамі царскага рэжыму былі многія і многія прадстаўнікі касьцёла».

У траўні 1919 году магілу Адама Фалькоўскага аднавілі. Аднак у 1940-м яе зьнішчылі савецкія ўлады. У 1990-х сябры Лідзкай арганізацыі БНФ «Адраджэньне» ня раз аднаўлялі пахаваньне паўстанцкага сьвятара, якое зноў і зноў руйнавалася на загад адміністрацыі. Урэшце там паставілі каменны знак.

Акрамя таго, шэраг ксяндзоў былі пакараныя працяглымі тэрмінамі катаржных працаў. Так, вікарый з Новага Двара Ян Кажанёўскі, які таксама прачытаў у касьцёле паўстанцкі маніфэст, замест першапачатковага сьмяротнага прысуду атрымаў 12 гадоў катаргі ў шахтах і пазбаўленьне духоўнай годнасьці.

Пробашч парафіі Васілішкі Ануфры Сырвід за прачытаньне маніфэсту быў пакараны аналягічным тэрмінам — 12 гадоў катаргі ў Іркуцкай губэрні.

Пробашч парафіі Дэмбрава — як і Васілішкі, і Новы Двор, гэта колішні Лідзкі павет, а цяпер Шчучынскі раён — Рамуальд Скібінскі быў пакараны 8 гадамі катаргі ў Сыбіры.

Партрэт Кастуся Каліноўскага, мастак Алесь Пушкін

Паўстаньне 1863–64 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага было супраць расейскага панаваньня і за аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году. Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі і Літве 128 паўстанцаў былі пакараныя сьмерцю, прыкладна 850 асуджаныя на катаргу, больш за 12 тысяч сасланыя і выселеныя з краю.

Месца пахаваньня многіх лідэраў народных выступаў больш за паўтара стагодзьдзя было невядомае. Нечакана дапамог прыродны фактар — апоўзень на віленскай гары Гедзіміна ў 2016 годзе. Пасьля пачатку будаўнічых работ і раскопаў археолягаў удалося знайсьці і ідэнтыфікаваць фрагмэнты касьцякоў 20 чалавек, якіх акупацыйная адміністрацыя асудзіла на сьмерць. Перапахаваньне парэшткаў заплянаванае на сёлетнюю восень.