21 июня 2019, пятница, 3:36
Мы в одной лодке
Рубрики

Цыбуля-сеянка па цане мармуровай ялавічыны

Беларусы памятаюць, што калі ўлады гавораць, што чагосьці дастаткова, то яно звычайна знікае ці даражэе ў разы.

Нафта, нафта. Цыбуля – вось, што хвалюе беларусаў. За хістаннямі коштаў на нафту няхай сочаць аналітыкі. А беларусаў цяпер хвалюе, чаму знікла цыбуля-сеянка. Нафта – далёка, а цыбуля-сеянка – блізка, на сваім гародзе. Дакладней, была блізка, пакуль не знікла сеянка з крамаў. Цана на апошнія кілаграмы сеянкі сягае часам ажно 30 рублёў за кілаграм. За такія грошы можна мармуровую ялавічыну набыць.

Цэны на цыбулю-сеянкі растуць, як кошты на нафту: з кожным годам усё болей і болей. Калі летась сеянка была па 2 рублі за кілаграм, то сёлета – ўжо 12, а тое і 30 рублёў. Беларускае тэлебачанне пераконвае, што вінаваты ва ўсім неўраджай у Галандыі, якая і імпартавала нам цыбулю. Цікава, чаму ў Беларусі немагчыма вырасціць цыбулю-сеянку. Вінаград з кавунамі ў прамысловых маштабах хочуць вырошчваць, хоць ім тут сонца не стае. А цыбулю-сеянку, якая б добра ў нас расла, – не могуць. Хтосьці ўжо нават жартуе, што лепей падтрымліваць галандскага фермера, а беларускае Міністэрства сельскай гаспадаркі і калгасы скараціць.

Міністэрства сельскай гаспадаркі запэўнівае, што цыбулі для ўнутранага рынку дастаткова. Аднак беларусы памятаюць, што калі ўлады гавораць, што чагосьці дастаткова, то яно звычайна знікае ці даражэе ў разы. Вунь аднойчы сказалі, што дэвальвацыі не будзе, а яна адбылася. Так што, цыбулевы суп у гэтым годзе лепей не варыць, бо занадта дарагі выйдзе. Аднак беларусы не губляюць надзеі і спадзяюцца, што цыбуля-сеянка па нармальных коштах з’явіцца прынамсі ўвосень: тады можна будзе ўжо пасадзіць цыбулю на зіму.

Юлія Сівец, «Радыё Рацыя»