19 июня 2019, среда, 23:17
Мы в одной лодке
Рубрики

Алесь Круткін: Каля 100 міліцыянтаў былі задзейнічаныя ў апэрацыі па маім затрыманьні

5
Алесь Круткін
ФОТа: vitebskspring.org

Полацкі актывіст быў у падпольлі шэсць дзён.

Полацкі актывіст Алесь Круткін быў затрыманы 20 красавіка, правёў двое сутак у ізалятары і быў аштрафаваны на 15 базавых велічынь за заклік у інтэрнэце памаліцца 15 красавіка за Курапаты. Да затрыманьня пра ягоны лёс цягам некалькіх дзён не было аніякай інфармацыі, а міліцыя доўга не магла выйсьці на ягоны сьлед...

Каб разабрацца ў гэтай амаль дэтэктыўнай гісторыі, карэспандэнт vitebskspring.org сустрэўся з актывістам і даведаўся пра некаторыя цікавыя падрабязнасьці.

– Скажыце, як вас усё ж такі ўдалося затрымаць?

– Я быў у падпольлі 6 дзён, у розных гарадах, стараўся не ўключаць мабільны, каб мяне не маглі вылічыць. Рабіў невялікія хітрыя правакацыі: напрыклад, на мой нумар дасылалі эсэмэску з фэйкавай кватэры, каб праверыць, ці прыйдуць яны туды. Прыходзілі. І ў рапарце гэта фіксавалі.

Ведаеце, напэўна, упершыню ў гісторыі Беларусі міліцыянты ўсе рапарты – а гэта больш за 50 старонак – падшылі да судовай справы. Хутчэй за ўсё – зь недасьведчанасьці. І я ўсе гэтыя дакумэнты маю. Нават, арыентоўку на сябе, з фотаздымкамі. Там напісана: “называе сябе Александар Круткін, носіць акуляры, пры выкрыцьці “затрымаць” і даставіць у РАУС”. Па маіх падліках, калі ўзяць усе прозьвішчы ў рапартах, то атрымаецца, што каля 100 міліцыянтаў цягам 6 сутак былі задзейнічаныя ў апэрацыі па маім затрыманьні…

– Але ж у выніку вас узялі чыста выпадкова?

– Так, на аўтадарозе. Я ехаў аўтаспынам да Брэсту, і з патрульнай машыны мяне пазналі, прымусілі сесьці ў машыну… Само затрыманьне было небрутальнае, яны разумелі, што справа палітычная. Ведаеце, калі б я не паехаў у Брэст, яны б мяне і праз тыдзень не злавілі. Але якая розьніца: сядзець у падпольлі альбо на сутках? Калі ты нічога не будзеш рабіць, то розьніцы няма.

А да гэтага – апыталі ўсю вёску, усіх суседзяў, бацькоў. У доме зрабілі ператрус, у склепе ў першы дзень восем міліцыянтаў і кэдэбістаў корпаліся. Абышлі ўсе прысядзібныя будынкі. На вакзале шукалі. З рапарту міліцыянта: “Падчас маёй варты на вакзале Аляксандар Круткін на цягнік ня сеў”. Проста напачатку яны ня ведалі, што я аўтаспынам паеду.

– Ці былі якія правакацыі ў ізалятары?

– Правакацыяў не было, але людзі, якія сядзелі разам са мной, пісалі даносы. Я ўжо гэта потым пабачыў, даносы таксама былі прышытыя да справы. Інфармацыя кшталту, што “ён бываў у Польшчы, асуджаў уладу, а калі зайшоў начальнік РАУС, то сказаў яму, што будзе займацца апазыцыйнай дзейнасьцю, пакуль замест яго ня будзе сядзець Лукашэнка”. У рапарце палкоўніка Казарана гэта ёсьць…

– А як думаеце, чаму палкоўнік Казаран падшыў гэта ўсё да справы? Можа, гэта яго палітычная пазыцыя і ён такім чынам выказваў нейкую нязгоду з палітыкай прэзыдэнта?..

– Я думаю, што яны ня будуць рызыкаваць такім чынам пэнсіяй і кар'ерай. Я думаю, гэта проста галавацяпства.

ФОТа: vitebskspring.org

Яны, можа, думалі, што калі гэта вось падшыюць, то судзьдзя дасьць мне больш. Кшталту, а вось гэтаму ворагу трэба ўсунуць сутак 25 альбо штрафу 50 базавых. Міліцыянт гэта напісаў для начальства. Але дзіўна, што прыклаў гэта да судовай справы.