16 июня 2019, воскресенье, 20:58
Мы в одной лодке
Рубрики

130 гадоў таму нарадзіўся адзін з палітычных кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня

Павал Жаўрыд

Што мы ведаем пра Паўла Жаўрыда?

Жаўрыд Павал Якубаў (1889-1939), беларускі нацыянальны дзяяч. Ураджэнец в.Цецяроўка Слуцкага павету. Скончыў Слуцкую мужчынскую ўрадавую гімназію (1909), піша сайт jivebelarus.net.

Падчас навучаньня ў гімназіі - ініцыятар стварэньня і кіраўнік беларускага маладзёвага гуртку. Вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту. У 1916 г. мабілізаваны ў расейскае войска. Пасьля заканчэньня вайсковае вучэльні ў Палтаве (1917) накіраваны ў Туркестан, пазьней на Румынскі фронт, пасьля Лютаўскае рэвалюцыі абраны старшынём палкавога камітэту. Ад беларусаў-вайскоўцаў дэлегаваны на Ўсебеларускі зьезд у Менску.

3 1918 г. юрысконсульт Слуцкага павятовага зямельнага аддзелу, сябра БПСР. Летам 1919 г. арыштаваны "чрэзвычайкаю" па абвінавачаньні "ў дапамозе Дзянікіну" і вывезены ў якасьці закладніка ў Смаленск.

Вызвалены ў сьнежні 1919 г., вярнуўся ў Слуцак, дзе быў абраны старшынём Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэту. У ліпені 1920 г. мабілізаваны ў чырвоную армію (памочнік камандзіра Слуцкае кавалерыйскае роты). У канцы 1920 г. прызначаны Найвышэйшаю радаю БНР ейным камісарам у Слуцкім павеце.

Адзін з палітычных кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня. 3 1921 г. у Вільні, сябра тамтэйшага Беларускага нацыянальнага камітэту ды Беларускае школьнае рады. Пазьней вярнуўся на радзіму, працуючы на гаспадарцы бацькоў у вёсках Бор ды Зарэчча Слуцкага павету.

У 1923-1930 гг. працаваў у Белсельпрамсаюзе, Мар'інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Інбелкульце, у рэдакцыі газэты "Зьвязда".

Арыштаваны ГПУ БССР 18 ліпеня 1930 г. па "справе СВБ". У красавіку 1931 г. асуджаны на 3 гады канцлягеру. 3 1933 г. жыў у высылцы ў г.Сарапул (Удмуртыя). У 1937 г. зноў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў "за антысавецкую агітацыю". Пакараньне адбываў у пасёлку Княжпагост (Комі). Памёр у зьняволеньні ад хваробы. Рэабілітаваны паводле першага выраку Вярхоўным Судом БССР 10 чэрвеня 1988 г., паводле другога - Кіраўскім абласным судом.