20 апреля 2024, суббота, 12:28
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Беларусы ўсё ж хутка стануць жыць у дэмакратычнай, прыстойнай дзяржаве»

4
«Беларусы ўсё ж хутка стануць жыць у дэмакратычнай, прыстойнай дзяржаве»
СЕРГЕЙ ЗАКОННИКОВ
ФОТО: SVABODA.ORG

Дзяржаўную канструкцыю давядзецца перарабляць наноў.

Пасля прыходу незалежнасці ў нашага народа была высакародная мэта — паводле прыкладу развітых краін пабудаваць дэмакратычную, з прыстойным узроўнем жыцця Рэспубліку Беларусь. Але яна згублена, бо многія людзі баяцца складаных праблем. Яны ўцякаюць ад дынамічнай рэальнасці, робяць выгляд, што іх нічога не тычыцца, пiша Сяргей Законнікаў для sn-plus.com.

Уважліва ўглядаючыся ў народ, я даўно заўважыў вельмі характэрную для нас рысу — мы не любім вучыцца. Лянота закранае не толькі спецыяльную, прафесійную адукацыю, але і вучобу ў шырокім сэнсе слова — на сваіх і чужых памылках, на вопыце іншых народаў. Калі наш чалавек з горам напалам атрымаў нейкую адукацыю, дыплом, то звычайна далей папаўняць веды ў яго хэнці няма — «для сельскай меснасці сайдзёць, або начальнік давядзёць!» Так з састарэлым, прапахлым нафталінам багажом многія грамадзяне дацягваюць да пенсіі. Выключэнне складаюць, відаць, толькі лепшыя вучоныя, вынаходнікі, канструктары, выкладчыкі, медыкі і з улікам спецыфікі — прасунутыя айцішнікі. Большасці насельніцтва таксама не надта хочацца ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, засвойваць палітычную культуру — «усё неяк разруліцца без нас».

Электарат так і не рашаецца на замену «доўгаіграючага» рэжыму, які не забяспечвае паляпшэнне жыцця, а толькі кідае лозунгі і абяцанкі, вісіць на моцным кручку непрадказальнай, небяспечнай інтэграцыі з Расіяй, латае бясконцымі пазыкамі «дзіркі» ў эканоміцы і сацыяльнай палітыцы. Усё гэта нагадвае накладанне на твар грыму састарэлай, выматанай жыццём «жрыцай кахання». Зямляк, які 40 гадоў адпрацаваў механізатарам, сказаў па-сялянску больш груба, але трапна: «Боўтаемся, як дзярмо ў палонцы!»

Ніхто не аспрэчвае таго, што ствараць умовы для інавацый, укараняць новыя тэхналогіі можна і ў дыктатарскай краіне. Але каманднымі метадамі забяспечваюцца толькі лакальныя прарывы, якія ў любы момант тармазяцца або спыняюцца, а не агульнае свабоднае і сістэмнае развіццё грамадства.

Персаналісцкі рэжым, які пануе ў Беларусі, характэрны тым, што ўзнаўляе феадальны лад, зводзіць розныя дзяржаўныя інстытуты або арганізацыі да аднаго канкрэтнага чалавека — кіраўніка, які лічыць іх уласнай вотчынай. Начальнікі нясуць адказнасць не перад народам, а прад галоўным босам.

Знешні пратакольны лоск, пастаянная ліслівая ўсмешачка аўтарытарызму для высокіх заходніх і ўсходніх візіцёраў не прыкрывае таго, што адбываецца ўнутры краіны: цынізму і абыякавасці чыноўнікаў да звычайных людзей, татальнай карупцыі сярод усіх дзяржаўных службоўцаў, нахабства, грубасці і садызму міліцыі, спецслужбаў.

Чаму амаль у цэнтры старой цывілізаванай Еўропы, якая пахваляецца спелай дэмакратыяй, узнік беларускі аўтарытарызм? Прытым ён не толькі надоўга замацаваўся, але яшчэ і павучае іншых, як трэба жыць. Заўважце, адбылося гэта не ў глыбіннай Афрыцы, не на прасторах Азіі ці Паўднёвай Амерыкі, дзе традыцыйна ўлада канцэнтравалася ў руках правадыра племя, усемагутнага хана, губернатара-каланізатара, а на зямлі, што ўваходзіла ў Вялікае княства Літоўскае, дзе Магдэбургскае права, якое давала гараджанам самастойнасць, дзейнічала з ХІУ стагоддзя: Гародня (няпоўнае з 1391года, поўнае з 1496), Слуцк (1441), Полацк (1498) Мінск (1499), Браслаў (1500), Наваградак (1511), Барысаў (1563). У гарадах ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. Толькі ў канцы ХУІІІ стагоддзя Магдэбургскае права на нашай зямлі было скасавана расійскай царыцай Кацярынай ІІ.

Чаму дух свабоды і самастойнасці выветрыўся ў нашым краі? Чаму так беспардонна нахабнічаюць аўтакрат і яго чэлядзь? У першую чаргу таму, што яны ў падпарадкаванні маюць народ, камфортны для аўтарытарнага кіравання за кошт рабскай пакорлівасці і непатрабавальнасці.Гэты стан — вынік нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту Беларусі пад цяжкім абцасам Расійскай імперыі, доўгага панавання страху, народжанага і замацаванага крывавай сталіншчынай, апрацоўкі людзей хлуслівай савецкай прапагандай.

Але спісваць хранічную грамадзянскую і палітычную апатыю суайчыннікаў толькі на пералічаныя прычыны нельга. Беларусы сядзяць у аўтарытарным тупіку, бо лянуюцца цікавіцца ўласнай гісторыяй, сваімі слаўнымі героямі, даўнімі традыцыямі вальналюбства, самастойнасці і ўвогуле не вучацца прыстойна жыць. А такая магчымасць ёсць у кожнага чалавека.

Цяпер нікому няма апраўдання, што ён дапускае памылку ў асабістым выбары з прычыны элементарнага няведання. Так можна было гаварыць у 90-х гадах ХХ стагоддзя, калі сапраўды панавалі хаос і няпэўнасць. Сёння мы ўзброены неабходнымі базавымі ведамі, якія тычацца не толькі Беларусі, але і ўсяго постсавецкага рэгіёна, Еўропы, свету.

Мы падманваем сябе самі. Як павялося, дзейнічаем па інерцыі, а віну хочам зваліць на іншых. Многія насельнікі Беларусі ніяк не хочуць зразумець, што выбары прэзідэнта — гэта не толькі дазвол канкрэтнаму чалавеку на пэўны час кіраваць, пракладаць курс краіны, але і абавязковае гарантаванне ў ёй разумнага ладу, які тычыцца ўсіх: строгае выкананне Канстытуцыі і законаў, захаванасць, абароненасць правоў і свабод,забеспячэнне належных умоў для эфектыўнай працы і годнага жыцця кожнага грамадзяніна.

Пакуль што мільёны людзей працуюць не на ўласны дабрабыт, не на будаўніцтва цывілізаванай, дэмакратычнай, эканамічна моцнай дзяржавы, а на тое, каб захоўваць ва ўладзе аднаго амбіцыйнага індывіда і карумпіраваны клан, узгадаваны ім.

Лакальныя правалы ў дзеяннях рэжыму, якімі незадаволены грамадзяне (прыгонніцкая кантрактная сістэма, заблытанае налічэнне заработнай платы, уціск прадпрымальнікаў, цынічна несправядлівая пенсійная сістэма, недасканалыя вучэбныя праграмы ў адукацыі), — усё гэта прыйшло ў наш дзень невыпадкова. Трэба нарэшце ўцяміць, што ў нашых асабістых няўдачах і бедах вінавата агульная памылка 1994 года.

Мы па-ранейшаму калупаемся ў сваіх больках, не думаючы пра агульную здраду народа галоўнай мэце. Чаму 25 гадоў спажываем аўтарытарызм з яго хлуснёй, абсурдам і дурнотай? Навошта было бязмоўна, па-рабску ляпіць дзяржаўную канструкцыю, якую абавязкова давядзецца перарабляць наноў, прытым не касметычна, а самым радыкальным чынам?

Натуральна, што прывілеяваныя гадаванцы аўтарытарызму, якія нахабна прысабечылі народнае багацце і прывыклі да шыку за кошт мільёнаў, будуць да канца супраціўляцца зменам. У грамадстве непазбежна распачнецца супрацьстаянне. У 90-я гады ХХ стагоддзя замбіраваная савецкімі міфамі, палітычна неадукаваная большасць насельніцтва выступіла супраць сапраўдных дэмакратычных перамен, прывяла ў вярхоўную ўладу такога ж, як сама, індывіда, надзела на ўсіх цяжкі аўтарытарны хамут. Цяпер палкі ў колы пачне стаўляць «эліта» саўгаснага разліву. Зноў грамадзянскі раскол? Ну і ці варта было ў 1994 годзе ўзводзіць беларускую аўтарытарную «вежу з пяску»?

Упэўнены, што беларусы ўсё ж хутка стануць жыць у дэмакратычнай, прыстойнай дзяржаве. Але гэта будзе заслуга не народнай згуртаванай большасці, а толькі часткі грамадства, якую складаюць разумныя, смелыя і мужныя людзі. Яны пра галоўную мэту не забываюцца ніколі.

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях