11 декабря 2019, среда, 10:59
Осталось совсем немного
Рубрики

Алексіевіч, Антончык, Арлоў, Гарэцкі, Шушкевіч узнагароджаныя мэдалём «100 гадоў БНР»

4
Алексіевіч, Антончык, Арлоў, Гарэцкі, Шушкевіч узнагароджаныя мэдалём «100 гадоў БНР»
Фота: svaboda.org

Узнагароджаньне адбылося ў будынку, дзе 101 год таму была абвешчаная незалежнасьць БНР.

Месца ўзнагароджаньня сымбалічнае — кавярня па адрасе Менск, вуліца Валадарскага, дом 7. У гэтым будынку 101 год таму была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Цяпер у кавярні знаходзіцца шыльда, якую меркавалася павесіць на фасадзе, пiша «Радыё Свабода».

Фота: svaboda.org

«Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, літаратар і гісторык Уладзімер Арлоў, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Сяргей Антончык, акадэмік Радзім Гарэцкі, былы старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, прафэсар Станіслаў Шушкевіч у дэмакратычнай незалежнай беларускай дзяржаве атрымалі б дзяржаўныя ўзнагароды», — кажуць прадстаўнікі Рады БНР.

Радзім Гарэцкі

«Так супала, што сёлета мы адзначаем і юбілей майго дзядзькі, Максіма Гарэцкага — яму споўнілася б 125 гадоў. 100 гадоў таму Максім Гарэцкі быў і на паседжаньні рады БНР у Вільні, напісаў вельмі яркі артыкул пра стварэньне БНР.

Я жадаю, каб спраўдзіліся словы Ніла Гілевіча: „І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі“», — кажа акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі.

Станіслаў Шушкевіч

Старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч беларускіх дзяржаўных узнагародаў ня мае, хоць ён ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужаны дзяяч навукі і тэхнікі.

Станіслаў Шушкевіч распавёў, што ў 1995 годзе ён адмовіўся ад мэдаля Нацыянальнай акадэміі навук, бо яго не запрасілі на ўрачыстую цырымонію, пабаяўшыся нэгатыўнай рэакцыі Лукашэнкі. Затое Шушкевіч мае самую прэстыжную ўзнагароду Літвы — ордэн Вітаўта Вялікага, якім ён быў узнагароджаны ў 2010 годзе.

Сяргей Антончык атрымлівае ордэн

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Сяргей Антончык шчыра падзякаваў Радзе БНР за ўзнагароду.

«Я ніколі не лічыў сябе героем, але рады, што і мне пашчасьціла паўдзельнічаць у лёсе гэтай краіны. Гэтая ўзнагарода дае сілы і натхненьне змагацца і надалей. Кожнаму з нас ёсьць што зрабіць для гэтай краіны», — сказаў, атрымліваючы мэдаль, спадар Антончык.

Уладзімер Арлоў, Сяргей Антончык, Радзім Гарэцкі, Станіслаў Шушкевіч

Літаратар Уладзімер Арлоў у 1991 годзе быў узнагароджаны дзяржаўным мэдалём Францішка Скарыны.

«Я хачу выказаць веру ў тое, што мэдаль да 100-годзьдзя БНР будзе прыроўнены да вышэйшых дзяржаўных узнагародаў Рэспублікі Беларусь», — кажа Ўладзімер Арлоў.

Спадар Арлоў атрымаў мэдаль «100 гадоў БНР» і для нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, якая захварэла і вельмі шкадуе, што не змагла сама прысутнічаць на ўрачыстай цырымоніі.

Мэдаль быў зацьверджаны ў дні сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і «ўручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледаваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».

Мэдалём у памяць 100-годзьдзя БНР узнагароджаныя больш як 180 асобаў. Уручэньне мэдалёў будзе адбывацца цягам году.