19 апреля 2024, пятница, 20:19
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

10 пытаньняў і адказаў пра яўрэйскі партызанскі атрад братоў Бельскіх

10 пытаньняў і адказаў пра яўрэйскі партызанскі атрад братоў Бельскіх

У чым унікальнасьць самага вялікага партызанскага атраду зь яўрэяў.

Што за Бельскія?

У часы ІІ Усясьветнай вайны ў Налібацкай пушчы дзейнічаў найбуйнейшы ў Эўропе габрэйскі партызанскі лягер. «Лясны Ерусалім» заснавалі браты Бельскія — Тувія, Асаэль і Зусь. Звыш тысячы чалавек уратаваліся ў ім ад Галакосту. 10 ліпеня нашчадкі Бельскіх і больш за 100 чалавек зь іхнага партызанскага атраду сабраліся ў Беларусі, на месцы, дзе 75 гадоў таму быў партызанскі лягер.

Ад верасьня 1943-га да ліпеня 1944 году галоўная база атраду была ў Налібацкай пушчы, каля вёскі Кляцішча. Ад зьнішчэньня тут уратаваліся 1200 чалавек. Пасьля вайны большасьць зь іх выехалі ў Палестыну і стваралі дзяржаву Ізраіль. Частка трапіла ў ЗША. Вакол дзейнасьці гэтага атраду ўзьнікаюць спрэчкі, Радыё Свабода паспрабавала адказаць на галоўныя пытаньні з гісторыі партызанскага атраду «Лясны Ерусалім».

Партызаны з групоўкі Бельскага нездалёк ад Наваградку

Гэты атрад быў асобны ад іншых партызанаў?

Партызанскі атрад Бельскіх — гэта частка беларускага партызанскага руху. Ён афіцыйна ўваходзіў у сыстэму партызанскіх атрадаў.

«Атрад Бельскіх падпарадкоўваўся баранавіцкаму партызанскаму злучэньню, — кажа кандыдат гістарычных навук, дасьледчык гісторыі ІІ Усясьветнай вайны Кузьма Козак, — усе дырэктывы, пляны, дазволы і забароны для іх таксама паходзілі з цэнтру».

Ці канфліктавалі Бельскія зь мясцовым насельніцтвам?

У партызанаў былі канфлікты зь мясцовым насельніцам, а атрад Бельскіх таксама быў партызанскі, кажа Кузьма Козак.

«Былі і сур’ёзныя канфлікты, былі і малыя. Глядзіце, трэба пракарміць 1200 чалавек, большасьць там — жанчыны і малыя. Гэтага немагчыма зрабіць без удзелу мясцовага насельніцтва. Нехта зь мясцовых больш прыязна ставіўся, нехта — менш».

Ці датычны атрад Бельскіх да зьнішчэньня мясцовых людзей у Налібаках?

У 2001 годзе польскі Інстытут нацыянальнай памяці цікавіўся разьнёй у вёсцы Налібакі, што за 120 кілямэтраў ад Менску. У выніку нападу на гэтае паселішча 8 мая 1943 году загінулі 128 чалавек, у тым ліку 3 жанчыны, некалькі падлеткаў і дзесяцігадовае дзіця. Польскі інстытут тады не вылучаў абвінавачаньня на адрас атраду Бельскіх, а сьледзтва, ініцыяванае інстытутам, не прыйшло ні да якіх высноў. Бо лягер Бельскіх на той час стаяў за 80 кілямэтраў ад вёскі.

«На тэрыторыі Беларусі знаходзілася 2500 нямецкіх гарнізонаў, якія стаялі ў вёсках. Партызаны ваявалі супраць гэтых гарнізонаў. У той вёсцы, на якую рабіўся наступ, быў гарнізон. Але гэта і вёска зь людзьмі. Там мог быць зацяжны бой, маглі быць спаленыя дамы ад бою. Гэта сыстэмная зьява, яна не адзінкавая. Напад рабіўся сіламі не аднаго атраду, а некалькіх. Ці маглі быць там прадстаўнікі габрэяў? Канечне, маглі», — кажа Кузьма Козак.

Ён дадае, што ў партызанскіх атрадах было больш за 200 тысяч чалавек, сярод іх шмат габрэяў.

Чаму Бельскія зьехалі зь Беларусі?

Асноўнай прычынай Кузьма Козак называе антысэмітызм на дзяржаўным узроўні. А таксама — стварэньне дзяржавы Ізраіль.

«Да вайны былі габрэйскія мястэчкі, усталяванае жыцьцё. Пасьля вайны гэта ўсё было разбурана, людзей нічога не трымала. А з 1949 году ў Беларусі пачынаецца дзяржаўны антысэмітызм. І ў габрэяў таксама ўзьнікла пытаньне ідэнтычнасьці пасьля стварэньня Ізраілю», — кажа Кузьма Козак.

У чым унікальнасьць атраду Бельскіх?

У партызаны бралі людзей толькі са зброяй, а ў атрад Бельскіх — не. Гэта падкрэсьлівае Кузьма Козак. На 1200 чалавек, якія жылі ў атрадзе, толькі каля 200 былі са зброяй. То бок гэта была фактычна партызанская вёска ў лесе з аховай.

У Беларусі дзейнічалі і іншыя габрэйскія партызанскія атрады. Але атрад братоў Бельскіх — найвялікшы габрэйскі партызанскі рух у Эўропе.

Якая асноўная місія атраду Бельскіх?

У адрозьненьне ад іншых партызанскіх атрадаў, якія займаліся зьнішчэньнем акупацыйных войскаў, тэхнікі і камунікацый, мэта атраду Бельскіх была ва ўратаваньні. Яны ратавалі габрэяў, якія пешшу ці іншымі шляхамі траплялі да іх у вёску-атрад. Маглі дайсьці нават ад Менску да Налібакаў. Такія выпадкі вядомыя.

Вокладка кнігі братоў Тувіі і Зусі Бельскіх «Лясныя яўрэі»

Чаму ішлі да Бельскіх?

Гэта быў шанец уратавацца і адпомсьціць ворагу.

«Калі людзі бачылі, як забіваюць іх родных, ці памятаюць гэта, яны не маглі застацца ўбаку. Таму зьявілася такая сіла. У Беларусі ў даваенныя часы не было шырокага антысэмітызму. Гэта давала падставу для таго, каб была дапамога мясцовага насельніцтва».

Чаму місія Бельскіх была пасьпяховай?

На думку Кузьмы Козака, уратаваньне габрэяў было магчымае толькі ў партызанскім руху. У гарадах ці вёсках мясцовыя жыхары маглі хаваць іх ад нацыстаў у сваіх дамах, але нядоўга.

«Чалавека маглі ўтрымліваць у сябе дома ці ў кватэры часова, але пасьля куды? Таму людзі ішлі ў партызанскія атрады, у тым ліку ў атрад Бельскіх», — кажа Кузьма Козак.

Нашчадкі ўдзельнікаў атраду Бельскага падчас візыту ў Беларусь

Ці значны ўклад атраду Бельскіх у ваенным пляне?

У розныя часы са зброяй у атрадзе Бельскіх было ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў чалавек. Максымальна ў 1944 годзе — больш за 200 узброеных на 1200 чалавек, якія жылі ў вёсцы-атрадзе.

«У ваенным пляне іх дасягненьні былі ня вельмі вызначальныя. Але яны зарэкамэндавалі сябе як майстры (бо дапамагалі майстраваць), лекары (там былі прафэсійныя мэдыкі). Для некаторых толькі там можна было атрымаць кваліфікаваную дапамогу».

Па матывах дзейнасьці атраду Бельскіх у Беларусі зьнялі два дакумэнтальныя і адзін мастацкі фільм. Дзейнасьці атраду прысьвечаныя як мінімум 5 кніг. У сьвеце, па некаторых ацэнках, жыве 25 тысяч нашчадкаў тых людзей, якія змаглі ўратавацца ў Налібацкай пушчы ў атрадзе Бельскіх.

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях